Удзельнікі_цы Reflect to Connect: «Гэта быў унікальны досвед, дзе ўсе – адна сям’я, дзе працуюць каштоўнасці»
У чэрвені 2025 года ў Ваймары (Германія) прайшоў трэнінг Reflect to Connect, у якім удзельнічалі маладыя людзі з Беларусі, Італіі і Германіі. Праект спалучыў мастацкія практыкі, рэфлексію і міжнародны дыялог для працы са складаным мінулым, вывучэння ўплыву таталітарызму і спосабаў яму супрацьстаяць. Мы задалі удзельнікам_цам некалькі пытанняў пра іх чаканні, уражанні і асабісты досвед удзелу: як трэнінг паўплываў на іх погляды, што змянілася ў іх успрыманні гістарычных падзей і асабістых перажыванняў, якія высновы і ідэі яны забралі з сабой?
З якімі чаканнямі ты ехаў_ла на трэнінг Reflect to Connect — і наколькі яны супалі з рэальнасцю?
Іва Ш.: Я ехала на праграму без канкрэтных чаканняў — я не ўяўляла, што менавіта мяне чакае, у якім фармаце ўсё будзе праходзіць, таму адчувала хутчэй інтрыгу. Але ўжо ў першы дзень, пасля некалькіх сесій і знаёмства з групай, унутры мяне пачала нарастаць зацікаўленасць і адчуванне ўцягнутасці. Цяпер, калі праграма скончылася, я магу з упэўненасцю сказаць, што гэты трэнінг стаў для мяне адным з самых яркіх і запамінальных. У мяне засталіся выключна цёплыя ўспаміны. А гэта нямала значыць, бо за гады майго актывізму я ўдзельнічала ў вялікай колькасці праграм і трэнінгаў.
Удзельнік: Я ехаў на трэнінг з мэтай паглыбіць свае веды пра таталітарызм у розных краінах — зразумець, як сёння жыць з наступствамі тых падзей. Мне хацелася таксама дадаць гэты кантэкст у свае творчыя і камьюніці-праекты. Цяпер бачу, што мой погляд сапраўды змяніўся. Я інакш гляджу на ўплыў таталітарызму — як таго, што быў у мінулым, так і таго, што існуе сёння. Асабісты досвед і ўласныя траўмы таксама пераасэнсоўваюцца па-новаму. Думаю, гэты досвед дапаможа мне спраўляцца са складанымі знешнімі акалічнасцямі і разумець навакольны свет крыху лепей.

Якія актыўнасці / фарматы адгукнуліся / уразілі цябе больш за ўсё? Што дакладна застанецца ў памяці з гэтага трэнінгу? І чаму?
Анастасія Н.: Найбольш уразіла экскурсія ў Бухенвальд — гэта быў вельмі моцны і эмацыйны досвед, які дакладна застанецца ў памяці.
Удзельнік: Мяне больш за ўсё цешыў сам факт таго, што вельмі розныя людзі з розных краін аб’ядналіся, каб пагутарыць пра тое, што датычыцца нас усіх. Я атрымаў вельмі шмат ведаў ад камунікацыі з удзельнікамі_цамі, але яна не была б такой карыснай без практык, якія праводзілі трэнеры_кі: напрыклад, сесіі рэфлексій дапамагалі надаць большую значнасць асабістаму досведу і бачанню падзей дня — дзякуючы ім мы лепш разумелі, як кожны і кожная з нас успрымае тое, што адбывалася. Лекцыі давалі нам напрамак для абмеркаванняў, а перапынкі на сувязь з целам і сабой — дапамагалі не толькі адпачыць, зарадзіцца, але і адчуць кантакт адно з аднымі.
Іва Ш.: Я сама з’яўляюся трэнеркай у сферы нефармальнай адукацыі, таму для мяне заўсёды важна шукаць новыя падыходы і методыкі для працы з групамі. Апошнія гады мне рэдка траплялася нешта сапраўды новае, бо шмат якія практыкі паўтараюцца на розных праграмах. Але Reflect to Connect стаў для мяне сапраўдным глытком свежага паветра: большасць падыходаў і методык, якія выкарыстоўвалі нашы трэнер:кі і эксперт:кі, былі для мяне зусім новымі. Гэта тое, што я ўзяла з сабой з праграмы.
Мяне таксама вельмі ўразіла структура самога трэнінгу — ідэальны баланс паміж тэорыяй, практыкай, інтэлектуальнай і творчай працай. Але галоўнае месца ў маёй памяці займаюць людзі. Мне неверагодна пашанцавала трапіць у вялікую групу, дзе ўсе ставіліся адно да аднаго з павагай і далікатнасцю. У мяне ўзнікла асацыяцыя з жыццём у вялікай сяброўскай камуне, дзе ўсе — адна сям’я, і дзе працуюць каштоўнасці і самакіраванне. Гэта быў абсалютна ўнікальны досвед.
Як ты думаеш, чаму нам важна размаўляць пра складанае мінулае і гістарычную памяць? Магчыма, штосьці ў стаўленні да гэтых тэм змянілася ці наадварот пацвердзілася цягам трэнінгу?
Анастасія Н.: Размаўляць пра складанае мінулае важна, каб не дапусціць паўтарэння войнаў і канфліктаў, а таксама зменшыць рызыкі іх узнікнення ў будучыні.
Удзельнік: Каб разумець, чаму мы атрымаліся такімі, якія мы ёсць цяпер. Дзякуючы трэнінгу я атрымаў упэўненасць у тым, што важна заставацца сабой і захоўваць крытычнае мысленне. Я зразумеў, што гэта можа быць карысным не толькі для мяне, але і для людзей вакол. Бо ўрэшце толькі я сам ведаю, як лепей трымацца, пераадольваць абмежаванні і падтрымліваць іншых.
Што кампанент міжнароднага абмену даў табе асабіста? Як камунікацыя з удзельнікамі_цамі з Германіі і Італіі паўплывала на твае погляды, разуменне таго, як бачаць досвед беларусаў і беларусак іншыя?
Анастасія Н.: Асабліва каштоўнымі былі размовы з удзельнікамі_цамі з іншых краін: цікава было даведацца, як яны ўспрымаюць гістарычныя падзеі. Я зразумела, што асабістыя гісторыі куды больш уражваюць, чым абагульненая інфармацыя.
Удзельнік: Было сумна ад усведамлення таго, што шмат хто з удзельнікаў_ц не ўяўляюць, што адбываецца і адбывалася ў Беларусі. І мяне напраўду здзівіла тое, наколькі розныя ў нас досведы і, часам, погляды на цяперашні свет. Але, разам з гэтым, я вынес вельмі важнае разуменне: гэтая рознасць — не праблема, а наадварот, тое каштоўнае і патрэбнае, чаму мы можам навучыцца адно ў адных.
Іва Ш.: Я адчуваю, што атрымала ад гэтага міжнароднага абмену вельмі шмат — і як актывістка, і як экспертка, і проста як чалавек. Я адкрыла для сябе новыя матэрыялы і крыніцы, каб глыбей вывучаць розныя палітычныя ідэалогіі і тое, як яны працуюць. Хоць у асноўным пра асабісты досвед жыцця ў аўтарытарным рэжыме распавядалі беларус:кі, што было надзвычай важна і для мяне, я таксама змагла даведацца больш пра кантэксты і актуальныя падзеі ў Германіі і Італіі. Гэта дапамагло мне лепш зразумець, як і чаму адбываецца адкат ад дэмакратыі да аўтарытарызму, якую рыторыку выкарыстоўваюць мясцовыя палітыкі і СМІ ў дачыненні да мігранта:к, сітуацыі ў Беларусі і г.д., і як гэта ўплывае на веды ці іх адсутнасць у еўрапейскай моладзі пра міжнародныя палітычныя працэсы.

Як ты можаш адказаць на пытанне: што мы можам зрабіць, каб несправядлівасцяў у свеце станавілася менш, а памяць пра тыя, што існуюць у свеце сёння, захавалася?
Анастасія Н.: Мы можам рабіць несправядлівасці менш праз стварэнне бяспечных прастораў, дзе людзі могуць дзяліцца вопытам, падтрымліваць адзін аднаго і рабіць бачным тое, што часта замоўчваецца.
Удзельнік: Шчыра кажучы, мне цяжка паверыць, што нейкая практыка здольная прыкметна паменшыць несправядлівасць — маштаб праблем занадта вялікі. Часам здаецца, што нават добрыя маленькія ўчынкі не ў стане перакрыць усе боль і зло, якія адбываюцца ў свеце. У такія моманты я канцэнтруюся на простым: запісваць, фатаграфаваць, захоўваць сведчанні. Гэта не зменіць сістэму адразу, але гэта — спосаб не даць праўдзе знікнуць, захаваць у памяці і даць людзям шанец быць пачутымі.
Ці з’явіліся цягам трэнінга ідэі, якія ты хацеў_ла б ператварыць у праект і рэалізаваць?
Іва Ш.: Адным з самых моцных інсайтаў для мяне стала ўсведамленне каштоўнасці нашага беларускага досведу жыцця ў дыктатуры і каштоўнасці нашага голаса. Асабліва востра я адчуваю гэта цяпер, калі антыміграцыйныя і расісцкія настроі набіраюць абароты ў Еўропе і свеце, а ўльтраправыя палітыкі прыходзяць да ўлады.
Я перакананая, што, дзелячыся сваім досведам з еўрапейскай моладдзю, мы — беларусы і беларускі — можам зрабіць значны ўнёсак у захаванне дэмакратыі ў Еўропе.
Я адназначна хацела б рэалізаваць праект, які адказваў бы гэтай мэце, і цяпер выношваю гэтую ідэю, шукаючы цікавы фармат для яе ўвасаблення.
Што б ты парэкамендаваў_ла маладым беларусам_кам, якія хочуць падаццца на падобныя трэнінгі, але пакуль вагаюцца? Чаго чакаць, да чаго быць гатовымі, як атрымаць максімальную карысць?
Анастасія Н.: Рэкамендую падавацца заўсёды, нават калі здаецца, што няма шанцаў. Галоўнае — адкрытасць і гатоўнасць удзельнічаць: слухаць іншых, дзяліцца сваім досведам, не баяцца задаваць пытанні.
Удзельнік: Я б параіў не вагацца 🙂 і проста падавацца. Калі ў цябе ёсць шчырае жаданне, гэтага ўжо дастаткова. Але ж, і нават сабе, я б таксама рэкамендаваў не саромецца дзяліцца сваімі думкамі і пачуццямі, бо гэтыя трэнінгі — рэальна safe-space для гэтага.
* Матэрыял публікуецца без указання поўных імёнаў з меркаванняў бяспекі.
