Рэзалюцыю «РАДА» прынялі на Генеральнай Асамблеі Еўрапейскага Моладзевага Форума
7–8 лістапада 2025 года сотні маладых людзей сабраліся ў Міжнародным скаўцкім цэнтры Кандэрстэг у Швейцарыі на Генеральнай Асамблеі Еўрапейскага Моладзевага Форума (YFJ). Форум з’яўляецца найбуйнейшай пляцоўкай моладзевых арганізацый у Еўропе. БНМС «РАДА» ўдзельнічае як поўны сябра Форума.
Прадстаўніцы «РАДА» — Аляксандра Дойніч (сяброўка Савета «РАДА») і Юлія Ралко (Міжнародная сакратарка «РАДА») — разам з прадстаўнікамі_цамі іншых моладзевых саветаў абмяркоўвалі актуальныя праблемы, якія непасрэдна закранаюць маладых людзей ва ўсёй Еўропе. На сустрэчы была прынята рэкордная колькасць — 13 рэзалюцый, што сфармавалі калектыўную пазіцыю еўрапейскай моладзі па ключавых пытаннях.


«РАДА» ганарыцца тым, што Генеральная Асамблея прыняла дзве рэзалюцыі, у распрацоўцы якіх мы актыўна ўдзельнічалі.
- Рэзалюцыя «Абарона правоў моладзі і падтрымка маладых палітвязняў Беларусі» — Прынята
Унесена: Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА», Finnish National Youth Council and Youth Sector (Фінляндыя), National Youth Council of Ukraine (Украіна), National Youth Council of Moldova (Малдова).
Супадпісанты: Romanian National Youth Council (Румынія), Cyprus Youth Council (Кіпр).
«На жаль, рэпрэсіі супраць беларускай моладзі працягваюцца, і гэтая праблема застаецца надзвычай актуальнай. Рэзалюцыя ўпершыню была ўнесена ў 2023 годзе, зараз тэрмін яе дзеяння скончваўся. Мы абнавілі тэкст, дадалі новыя даныя і кантэкст. Рэзалюцыя была прынятая амаль адзінадушна, як і яе першапачатковая версія»,
адзначаюць прадстаўніцы «РАДА» Аляксандра і Юлія.
Еўрапейскі Моладзевы Форум заклікае:
- Паўторна падкрэсліць адрозненне беларускай дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці ад нелегітымнага рэжыму.
- Узмацніць палітычны ціск на рэжым, уключаючы візавыя абмежаванні і санкцыі, і патрабаваць неадкладнага і бязумоўнага вызвалення палітвязняў.
- Праводзіць кансультацыі з незалежнымі беларускімі моладзевымі НДА і распрацаваць план адвакацыі правоў маладых палітвязняў.
- Забяспечыць падтрымку іх рэабілітацыі і рэінтэграцыі пасля вызвалення — медыцынскую і псіхалагічную дапамогу з улікам траўм, адукацыю, прафесійнае навучанне.
- Узмацніць маніторынг і справаздачнасць па парушэннях правоў чалавека ў Беларусі, асабліва ў дачыненні да моладзі і палітвязняў.
Поўны тэкст рэзалюцыі:
«РАДА» шчыра дзякуе ўсім падтрымку! Ваша салідарнасць мае вялікае значэнне для беларускай моладзі і ўсёй грамадзянскай супольнасці.
- Рэзалюцыя «Няма ўстойлівага міру без моладзі — удзел моладзі ў пабудове міру і абароне маладых актывістаў» — Прынята
Унесена: Finnish National Youth Council and Youth Sector (Фінляндыя), Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА», National Youth Council of Ukraine (Украіна)
Супадпісанты: JEF Europe, Youth Council of Latvia (Латвія), British Youth Council (Вялікабрытанія), Cyprus Youth Council (Кіпр).
Партнёры падкрэсліваюць, што няма будучыні без актыўнага ўдзелу моладзі і маладых актывістаў_к. У складаныя часы трэба аб’ядноўвацца і слухаць людзей, супольнасці і меншасці вакол нас. Каб будаваць кантынент і свет, дзе ўсе могуць жыць у мірных і роўных грамадствах, трэба ўлічваць галасы кожнага — ад самых малых да самых старых, з аднаго кутка Еўропы да іншага.
Поўны тэкст рэзалюцыі даступны тут
Генеральная Асамблея таксама стала выдатнай магчымасцю зноў сустрэцца з еўрапейскімі партнёрамі і прадстаўнікамі_цамі нашага шаноўнага NordicBalticEastern Block (NBEC). Мы высока цэнім моцныя партнёрскія адносіны і салідарнасць калег і каляжанак па ўсёй Еўропе. «РАДА» імкнецца развіваць гэтыя партнёрствы і ствараць новыя магчымасці, якія падтрымаюць беларускую моладзь і ўмацуюць яе ўдзел у дэмакратычным жыцці.
