Заява БНМС «РАДА» у сувязі з вызваленнем палітычных зняволеных 13 снежня 2025 году
13 снежня 2025 году стала вядома аб вызваленні 123 чалавек, сярод якіх мінімум 26 — маладыя людзі ва ўзросце да 35 гадоў. 114 чалавек былі прымусова вывезены ва Украіну, а 9 — у Літву. Вызваленне адбылося на фоне перамоў паміж Лукашэнкам і амерыканскай дэлегацыяй на чале з прадстаўніком Прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам.
Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» вітае чарговы крок па вызваленню незаконна асуджаных — гэта важная і доўгачаканая падзея, якая дорыць надзею сем’ям, сябрам_оўкам і ўсёй беларускай супольнасці. БНМС «РАДА» выказвае падзяку ўкраінскаму боку за прыняцце вызваленых палітычных зняволеных і за аказаную гуманітарную падтрымку. Мы высока цэнім гэты крок салідарнасці, зроблены ў складаных умовах, і разглядаем яго як важны ўнёсак у абарону базавых правоў чалавека.
Для нас прынцыпова важна падкрэсліць: чалавечае жыццё, свабода і годнасць з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю. Ніводная палітычная дамоўленасць не можа апраўдваць пазбаўленне волі, гвалт або знявагу чалавечай годнасці. Вызваленне людзей з турмаў гэта не «жэст добрай волі», а неабходны крок у бок выканання абавязацельстваў у галіне правоў чалавека.
У той жа час мы выступаем катэгарычна супраць прымусовай высылкі былых палітвязняў_ынак, якія з’яўляюцца грамадзянамі і грамадзянкамі Рэспублікі Беларусі, з уласнай краіны. Выкідванне людзей за межы Беларусі — гэта чарговае парушэнне правоў чалавека. Кожны грамадзянін і кожная грамадзянка Рэспублікі Беларусь маюць неад’емнае права жыць у сваёй краіне, свабодна перамяшчацца, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад.
Варта адзначыць, што частку вызваленых складае моладзь — пакаленне, у якога незаконна забралі гады жыцця, магчымасці для адукацыі, прафесійнага і асабістага развіцця. Беларуская моладзь не павінна плаціць свабодай за сваю грамадзянскую пазіцыю.
Мы таксама нагадваем, што ў турмах Беларусі па-ранейшаму застаюцца прынамсі 1109 палітычных зняволеных1. Вызваленне ўсіх без выключэння, без умоў і без наступных рэпрэсій мусіць быць фокусам працы беларускіх дэмакратычных сілаў і міжнародных партнёраў.
БНМС «РАДА» працягвае настойваць на:
- неадкладным і безумоўным вызваленні ўсіх несправядліва асуджаных вязняў_ынак у Беларусі з поўнай рэабілітацыяй;
- спыненні практыкі прымусовай высылкі як формы рэпрэсій;
- аднаўленні магчымасцей для вольнай грамадскай і палітычнай дзейнасці ў Беларусі.
Жыве Беларусь!
