Рух, дыханне і смех: як саматычныя практыкі вучаць адчуваць і чуць іншых

Рух, дыханне і смех: як саматычныя практыкі вучаць адчуваць і чуць іншых

Чаму ў свеце, насычаным гвалтам і траўмамі, сувязь з целам, клопат і пяшчота становяцца не ўцёкамі ад рэальнасці, а жыццёва неабходнымі навыкамі? Мы паразмаўлялі з маста:чкай, адукатар:кай і фасілітатар:кай праекта Reflect to Connect Джоні Барнард (Joni Barnard) пра тое, што такое саматычныя практыкі, пра далікатнасць як сілу і пра тое, як праз рух, гульню і беражлівасць можна будаваць масты ўзаемаразумення паміж людзьмі і досведамі. А ў фінале — канкрэтныя парады і практыкі, якія можна забраць з сабой у паўсядзённасць. Таму дачытайце да канца!

Раскажы, калі ласка, крыху пра сябе. Як твой жыццёвы шлях паўплываў на тое, чым ты займаешся цяпер?
Фота – Zee Hartmann

Вітанкі, я — Джоні Барнард. Я маста:чка і адукатар:ка, і я вельмі люблю працаваць з людзьмі. Я працую пераважна з перформансам, рухам і тым, што называецца групавымі працэсамі. Мяне моцна матывуюць любыя калабарацыі: супраца ў групах, сумеснае навучанне і ўсё, што можа ўзнікнуць, калі людзі думаюць і рухаюцца разам. Я вырас:ла ў Ёханэсбургу, у Паўднёвай Афрыцы, а цяпер жыву ў Берліне.


Мне было дзевяць гадоў, калі апартэід у Паўднёвай Афрыцы афіцыйна «завяршыўся», і гэта, а таксама ўсё, што адбылося пасля, глыбока сфарміравала тое, як я разумею і спрабую асэнсаваць такія паняцці як улада, раса, класы і прывілеі на асабістым і глабальным узроўнях. Мяне асабліва цікавіць інтэрсекцыянальнасць, або тэорыя перасячэнняў, і вывучэнне «кола прывілеяў» — як яно праяўляецца ў нашых адносінах, у працы і ў нашых целах.

Мой бэкграунд звязаны з тэатрам, харэаграфіяй і музыкай. Апошнім часам я перадусім займаюся музыкай, практыкамі саматычнага руху, цялеснай ўсвядомленасці і інтэлекту. Квірнасць, квір-фемінізм, беражлівасць, аднаўленне і інклюзіўнасць — гэта мае цэнтральныя каштоўнасці, нароўні з антыкаланіяльнымі і антыкапіталістычнымі поглядамі. Я перамяшчаюся паміж усімі гэтымі сусветамі і прасторамі — і гэтая разнастайнасць фарміруе мой падыход да працы.

Як ты даведа:лася пра праект Reflect to Connect? Што прыцягнула тваю ўвагу і чаму захацелася з ім працаваць?

Сябар даслаў мне абвестку пра пошук фасілітатара:к, і я проста ўскрыкнула ад захаплення! Бо гэты праект аб’яднаў усё, што для мяне важна.

Мяне вельмі цікавіць, як мастацтва і перформанс могуць ствараць прастору для рэфлексій, сувязяў і лібералізацыі. Значная частка маёй працы звязана з пытаннем: як мы можам падтрымліваць адно адных, каб адчуваць больш свабоды, радасці і агентнасці?

Мяне таксама прыцягвае праца ў міжнародных групах. Гарызантальныя сувязі і адсутнасць цэнтралізацыі, уменне слухаць і адчуваць жыццёвыя досведы іншых — гэта важныя навыкі, якія ўсім нам трэба тэрмінова практыкаваць.

Чаму, на тваю думку, гэтая навыкі дрэнна развітыя ў нашых грамадствах? І як такія праекты, як Reflect to Connect, могуць дапамагчы ў гэтым?

Неакаланіяльная капіталістычная сістэма, у якой мы жывем, існуе на глебе раз’яднанасці — на ілюзіі таго, што мы раздзеленыя, фундаментальна адрозніваемся і нічым не звязаныя паміж сабой. Гэтая раздробленасць глыбока ўкаранілася, хоць насамрэч такія сцвярджэнні — проста вялікая хлусня.

Праекты, як Reflect to Connect, ствараюць рэдкія прасторы для супрацьстаяння ёй: прасторы для слухання, рэфлексій пра гістарычныя падзеі, якія нас сфарміравалі, абмену досведам, запавольвання і прыняцця адрозненняў без страху.

Для мяне гэты праект быў таксама пра навучанне. Я родам з Паўднёвай Афрыкі, ужо амаль дзесяць гадоў жыву і працую ў Германіі, Італію ведаю толькі па падарожжах, а Беларусь — па навінах у СМІ. Мне было цікава прасачыць гістарычныя паралелі і палітычныя сувязі — напрыклад, што аб’ядноўвае апартэід і нацысцкую Германію, і якім чынам нацызм грунтуецца на каланіяльнай логіцы. Стварэнне гэтых мастоў — ва ўласным разуменні і ўзаемадзеннях з іншымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі — мне падаецца вельмі важным!

Ці атрымалася пабудаваць гэтыя масты падчас трэнінгу Reflect to Connect — унутры групы і для сябе асабіcта?

Я думаю, што праз кропкавыя міжасобасныя кантакты ў групе гэтыя масты дакладна можна пабудаваць, але ж я ўпэўненая, што такі працэс не можа адбыцца за некалькі інтэнсіўных дзён. Пабудова трывалых мастоў — гэта павольны, паступовы і ўзаемазвязаны працэс. Таму я заўжды так цешуся доўгатэрміновым праектам і праграмам. 

Думаю, у нашай групе сувязі часта пачыналіся з дробных, больш цесных кантактаў паміж двума-трыма людзьмі, якія пазней разрасталіся. Але гэтыя сувязі і ўзаемаадносіны, неабходныя для стварэння будучых мастоў, за дні трэнінгу безумоўна ўзніклі.

Калі прастора прыязная, спакойная і ўважлівая — людзі натуральна ідуць на кантакт. 

Ці была твая праца на гэтым трэнінгу звязаная з тым, каб зрабіць прастору прыязнай і спакойнай?

Я бачу сваю ролю ў тым, каб узбагачаць і ажыўляць дынаміку групы, ствараць прастору, дзе людзі адчуваюць сябе дастаткова ўпэўнена і нязмушана, каб наладжваць сувязі.

Я таксама лічу, што гарэзлівасць мае звыш важнае значэнне. Тэмы, якімі мы займаемся — палітычны і сістэмны гвалт, траўмы — могуць быць цяжкімі і прыгнятаць. Дабрыня і гульня ў такім выпадку — гэта не спосаб адцягнуць увагу; а яшчэ адны жыццёва важныя навыкі і стратэгіі для асэнсавання мінулага і візуалізацыі розных варыянтаў будучыні.

Ёсць цікавы навуковы факт: не адно даследаванне пацвярджае, што навучанне праз гульню значна паскарае засваенне матэрыялу, напрацоўка новых навыкаў адбываецца ў сотні разоў хутчэй, бо радасць і задавальненне актывуюць стварэнне новых нейронных сувязяў.

На трэнінгу Reflect to Connect я прапаноўва:ла саматычныя інструменты, гульні і практыкаванні, якія спрыяюць зазямленню і ўзаемнай рэгуляцыі. Калі людзі адчуваюць бяспеку і ўзаемаразуменне на цялесным узроўні, яны значна прасцей далучаюцца да супольных рэфлексій і складаных абмеркаванняў.

Што такое саматычныя практыкі простымі словамі і як яны працуюць? Можаш падзяліцца прыкладам?

Калі тлумачыць вельмі проста: саматычныя практыкі перш за ўсё нагадваюць, што ў вас ёсць цела, і што цела валодае інтэлектам, які выходзіць за межы слоў ці рацыянальнага мыслення. Наша пачуццёвае ўспрыманне — гэта інфармацыя. І саматычныя практыкі азначаюць працу з адчувальнасцю і ўспрыманнем, а таксама трэніроўку ўнутранай усвядомленасці — зварот да ўласных пачуццяў. Я заўсёды здзіўляюся, наколькі моцны ўплыў саматычная праца аказвае на людзей, калі яны маюць магчымасць і гатовыя да яе далучыцца — наколькі важна штодзень нанова наладжваць сувязь са сваім целам.

І яшчэ хачу адзначыць, што саматычныя практыкі — гэта не «тэхнікі самадапамогі» ці «хітры спосабы ўздзеяння на нервовую сістэму». Гэта хутчэй пра «пераналаджванне» таго, як вы ставіцеся да сябе і да іншых.

Практыкі, заснаваныя на працы з целам, не «вылечваюць» вас; яны аднаўляюць вашу адчувальнасць, звяртаюць вашу ўвагу на той факт, што вы — цэласны арганізм, які звязаны з іншымі арганізмамі і вашым асяроддзем, што вы — частка групы, а група — частка вас.

Падчас першага трэнінгу праекта было шмат момантаў, але адзін можа стаць выдатным прыкладам. Мы рабілі дыхальную практыку: усе ляжалі на падлозе галовамі на жыватах іншых. Уся група — фасілітатар:кі, арганізатар:кі, удзельні:цы — стварыла перакрыжаваную схему і нібы сплялася ў касу. Практыкаванне вельмі простае: трэба проста ляжаць і дыхаць 10–15 хвілін з галавой на жываце іншага чалавека, і галавой кагосьці іншага на вашым жываце. І, відавочна, спачатку людзі смяюцца, таму што гэта няёмка і дзіўна. Але таксама таму, што смех — гэта спосаб суцішыць нервовую сістэму. Я назірала за ўсімі і, калі 10 хвілін скончыліся, было відавочна, што трэба працягваць на наступныя 10 хвілін, таму што кожны і кожная былі настолькі ўключаныя ў групавую дынаміку. Гэта ператварылася ў далікатны агульны досвед узаемнай рэгуляцыі і даверу. Гэта быў такі прыгожы момант!

Саматычная праца не абяцае, што ўсё раптам стане добра. Гэта не пра «зрабіце гэтую практыку, і ўсё адразу стане лепей. Магчыма, не. 🙂 Вы можаце адчуваць самыя розныя эмоцыі і пачуцці. Тое, што прапануе такая практыка, — гэта аднаўленне сувязяў: яна вяртае нам адчувальнасць да ўласнага цела, перамяшчае энергію і робіць прастору паміж намі больш беражлівай. У свеце, які насычаны гвалтам і траўмамі, гэтыя моманты пяшчоты адчуваюцца адначасова і вельмі смелымі, і жыццёва неабходнымі.

Парай, калі ласка, простыя саматычныя практыкі, якія могуць дапамагчы пражываць моцныя эмоцыі ў паўсядзённым жыцці?

  • З радасцю! Першае, што прыходзіць на думку, — гэта трасенне. Мне падаецца, гэта адна з самых даступных практык: лёгкае, але стараннае трасенне цела. Жывёлы робяць гэта інстынктыўна пасля стрэсу, каб зняць напружанне ад траўмы ці нават фізіялагічнага запалення. Вы можаце спалучаць трасенне і лёгкія падскокі з павольным сканаваннем цела ад галавы да пятак, або ад пятак да галавы. Звярніце ўвагу, як адчуваюцца трасенні або падскокі ў галаве, шыі, плячах, локцях, пальцах, хрыбце, жываце, сцёгнах, нагах, каленях, галёнках, шчыкалатках, ступнях. Нават пяць–дзесяць хвілін у дзень развіваюць усвядомленасць цела. Мэта не ў тым, каб «заспакоіцца», а ў тым, каб дазволіць эмоцыям быць прачутымі і прынятымі без асуджэння. Такая рэгуляцыя вельмі хаатычная, а мы вітаем хаос у саматычных практыках 🙂
  • Яшчэ адзін магутны інструмент — павольнае дыханне па метадзе «квадрата». Дыхайце жыватом, захоўвайце расслабленасць у грудзях. Зрабіце глыбокі ўдых на чатыры павольныя лікі, потым затрымайце дыханне на чатыры лікі, далей павольна выдыхайце на чатыры, і затрымайце дыханне на чатыры. Паўтарайце некалькі хвілін. Пры затрымцы дыхання паспрабуйце расслабіць напружанне ў горле, шыі і лёгкіх. Каб узмацніць эфект, вы можаце падоўжыць выдых — напрыклад, удыхайце на чатыры павольныя лікі, выдыхайце на восем павольных лікаў. Такое практыкаванне падтрымлівае парасімпатычную нервовую сістэму, якая звязаная са спакоем, гульнёй і задавальненнем.

Калі эмоцыі ці думкі становяцца непераадольнымі, дыханне і рух могуць дапамагчы вам заставацца ўраўнаважанымі — не для таго, каб нешта выправіць, а каб вярнуць сябе ў тут і цяпер.

* Для стварэння вокладкі выкарыстаны фотаздымак Zee Hartmann