Заява БНМС «РАДА» у сувязі з гібеллю Аляксея Лазарава

Заява БНМС «РАДА» у сувязі з гібеллю Аляксея Лазарава

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» выказвае спачуванні сям’і, блізкім і сябрам Аляксея Лазарава, які загінуў ва Украіне. Мы падзяляем боль страты і схіляем галовы перад яго мужнасцю. Гэта цяжкая страта для ўсіх, хто ведаў Аляксея, і для беларускай супольнасці.

Нажаль, мы, маладыя беларусы і беларускі ўжо некалькі гадоў плацім за рашэнні, якія прымаюцца без нашага голасу і супраць нашых інтарэсаў, сваёй бяспекай, сваімі планамі і сваёй будучыняй. Наша пакаленне прайшло праз гвалт і рэпрэсіі пасля 2020 года, праз турмы і катаванні, праз вымушаную эміграцыю і разрыў з домам. І зараз мы праходзім праз гэтую вайну, якая працягвае забіраць маладыя жыцці.

Мы выказваем усебаковую салідарнасць з украінскай моладдзю. Маладыя ўкраінцы і ўкраінкі сёння плацяць найвышэйшую цану за права жыць у сваёй краіне без акупацыі, за права на выбар, мову, культуру і будучыню. Мы бачым іх боль, іх стойкасць і іх працу, на фронце, у валанцёрстве, у навучанні, у штодзённым жыцці пад абстрэламі, і лічым сваім абавязкам быць побач, падтрымліваць і гучна казаць пра гэта.

Мы зноў падкрэсліваем, што «РАДА» катэгарычна асуджае вайну і вайсковую агрэсію Расіі супраць Украіны. Гэта вайна, якая забірае жыцці ўкраінцаў і ўкраінак, а таксама беларусаў і беларусак, якія сталі на бок свабоды і дэмакратычных каштоўнасцяў. Аляксей Лазараў стаў яшчэ адным прыкладам Беларуса, які аддаў сваё жыццё за вольную Украіну.

Асобную адказнасць за працяг гэтай вайны нясе рэжым Лукашэнкі, які зрабіў Беларусь саўдзельніцай агрэсіі. Тэрыторыя Беларусі, яе інфраструктура і дзяржаўныя рэсурсы выкарыстоўваліся і выкарыстоўваюцца для падтрымкі расійскіх вайсковых дзеянняў. Гэта палітычны і практычны саўдзел. Гэта таксама злачынства супраць беларускага грамадства, і асабліва супраць моладзі, якая становіцца закладніцай рашэнняў нелегітымнай улады, жыве ў атмасферы страху, ізаляцыі і няўпэўненасці, губляе магчымасці і вымушана пакідаць краіну.

Мы патрабуем неадкладнага спынення ваеннай агрэсіі Расіі, падтрымліваем Украіну ў яе праве на абарону і заклікаем міжнародную супольнасць да далейшай падтрымкі Украіны і да ціску на агрэсара і яго памочнікаў. Без спынення гэтай вайны, без пакарання за яе і ўдзел у ёй немагчыма ні бяспека ў Еўропе, ні будучыня для беларускай моладзі.

Вечная памяць Аляксею Лазараву.
Слава Украіне! Жыве Беларусь!