Набор заявак: Прадстаўляй моладзь у дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл

Набор заявак: Прадстаўляй моладзь у дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы абвяшчае набор заявак на ўдзел у праграме Rejuvenating Politics у 2026 годзе.

У межах праграмы будзе адабрана 46 моладзевых дэлегатаў з розных краін, у тым ліку ад беларускіх дэмакратычных сіл, якія прымуць удзел у 50-й і 51-й сесіях Кангрэса.

Рашэнне аб прызначэнні моладзевага/моладзевай дэлегата/дэлегаткі ад дэмакратычных сіл Беларусі з 2026 года стала адным з вынікаў супрацы дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кангрэсе, у склад якой уваходзяць чальцы і чаліні Каардынацыйнай рады, а таксама Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА» з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы.


Тры нагоды, чаму варта прыняць удзел

  • Голас беларускай моладзі на еўрапейскім узроўні Вы атрымаеце магчымасць прадстаўляць інтарэсы і досвед беларускай моладзі ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы, удзельнічаць у дыскусіях і ўплываць на фармаванне палітык у сферы ўдзелу моладзі ў дэмакратычных працэсах.
  • Унікальны досвед і міжнародныя кантакты Удзел у сесіях Кангрэса — гэта практычны досвед працы ў міжнароднай інстытуцыі, знаёмства з моладзевымі дэлегатамі і дэлегаткамі з розных краін, а таксама магчымасць стаць часткай еўрапейскай супольнасці Rejuvenating Politics.
  • Развіццё лідарскіх і прадстаўніцкіх кампетэнцый Праграма дазволіць паглыбіць веды ў сферы дэмакратычнага ўдзелу, мясцовага самакіравання і моладзевай палітыкі, развіць навыкі публічных выступаў, аргументацыі і прадстаўніцтва інтарэсаў на міжнародным узроўні.

👤 Каго мы шукаем?

Моладзь, якая:

  • мае выразную сувязь з беларускімі дэмакратычнымі сіламі;
  • актыўна ўдзельнічае ў грамадскім, моладзевым, адукацыйным або мясцовым самакіраванні;
  • цікавіцца ўдзелам моладзі ў дэмакратычных працэсах;
  • гатовая прадстаўляць перспектыву беларускай моладзі на еўрапейскім узроўні;
  • пражывае па-за межамі Беларусі;
  • прыме ўдзел у абедзвюх (50-й і 51-й) сесіях Кангрэса – 28.03-02.04, 24-29.10.

📌 Важна: кандыдаты павінны быць гатовыя да публічнасці. Інфармацыя пра удзел моладзевага/моладзевай дэлегата/дэлегаткі ў сесіях Кангрэса будзе асвятляцца публічна, у тым ліку праз камунікацыйныя каналы арганізатараў.

Фінансавыя ўмовы ўдзелу

Арганізатары імкнуцца забяспечыць падтрымку дэлегата/дэлегаткі ў частцы пакрыцця выдаткаў. Удзел у другім з’ездзе будзе суправаджацца поўным пакрыццём выдаткаў (праезд, пражыванне). Што датычыцца першага з’езда, умовы пакрыцця выдаткаў знаходзяцца на стадыі ўдакладнення і будуць залежаць ад наяўнасці дадатковых рэсурсаў. Не выключаецца магчымасць, што выдаткі, звязаныя з удзелам у першай сустрэчы, удзельніку/удзельніцы спатрэбіцца пакрыць самастойна. 

Інфармацыя па гэтым пытанні будзе даведзена да ведама адабранага/адабранай удзельніка/удзельніцы дадаткова.


📝 Што ўключае заяўка?

Кандыдаты павінны:

  • запоўніць афіцыйную аплікацыйную форму;
  • адказаць на пытанні пра матывацыю, досвед і бачанне ўдзелу моладзі ў дэмакратычным жыцці;
  • запісаць кароткае відэа (да 30 секунд) з адказам на пытанне пра чаканні ад удзелу ў праграме;
  • дадатковым плюсам да заяўкі будзе рэкамендацыйны ліст ад арганізацыі (на ангельскай мове), з якой звязаны/звязаная заяўнік/заяўніца.

📌 Важна: перад падачай заяўкі неабходна ўважліва азнаёміцца з поўным тэкстам Call for applications.


⏰ Тэрміны

Дэдлайн падачы заявак 29 студзеня 2026 года, да 18:00 CET. Вынікі адбору будуць паведамленыя да 10 лютага 2026 года.


📧 Як падаць заяўку?

Запоўненую заяўку неабходна даслаць на адрас: [email protected]

⚠️ Няпоўныя заяўкі або заяўкі, пададзеныя пасля дэдлайну, разглядацца не будуць.