Заява БНМС «РАДА» у сувязі з вызваленнем 250 зняволеных
19 сакавіка 2026 года стала вядома пра вызваленне 250 чалавек, сярод якіх 15 чалавек былі прымусова вывезеныя ў Літву. Вызваленне адбылося на фоне перамоў паміж Лукашэнкам і амерыканскай дэлегацыяй на чале з прадстаўніком Прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам, якія мелі месца 18 сакавіка 2026 года.
Мы вітаем навіну пра вызваленне 250 палітычных зняволеных у Беларусі, сярод якіх — журналісты_кі, праваабаронцы_кі і іншыя прадстаўнікі_цы грамадзянскай супольнасці. Кожнае вызваленне — гэта каштоўная перамога чалавечай годнасці і салідарнасці. БНМС «РАДА» віншуе сем’і і блізкіх кожнага і кожнай і раздзяляе гэтую доўгачаканую радасць. Разам з тым, мы адзначаем, што значная колькасць людзей працягвае заставацца за кратамі па палітычных матывах1. Сярод іх маладыя беларусы і беларускі, якія былі пазбаўленыя свабоды за ўдзел у мірных акцыях, грамадзянскую актыўнасць і выказванне сваёй пазіцыі.
Асаблівую занепакоенасць выклікае сістэмны характар пераследу моладзі. За апошнія гады маладыя людзі сталі адной з найбольш уразлівых груп, якія падвяргаюцца рэпрэсіям. Гэта праяўляецца ў затрыманнях, крымінальным пераследзе, ціску ў адукацыйных установах і абмежаванні магчымасцяў для прафесійнага і асабістага развіцця.
Мы падкрэсліваем, што:
- пераслед за грамадзянскую пазіцыю, у тым ліку сярод моладзі, з’яўляецца недапушчальным;
- пазбаўленне свабоды маладых людзей наносіць доўгатэрміновую шкоду беларускаму грамадству;
- вызваленне часткі палітычных зняволеных не вырашае праблему палітычнага пераследу агулам.
БНМС «РАДА» працягвае настойваць на:
- неадкладным і безумоўным вызваленні ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі з поўнай рэабілітацыяй;
- спыненні практыкі прымусовай высылкі вызваленых палітзняволеных як формы рэпрэсій;
- аднаўленні магчымасцей для вольнай грамадскай і палітычнай дзейнасці ў Беларусі.
Свабода і правы чалавека павінны быць гарантаваныя для кожнага і кожнай — без выключэнняў.
