Заява БНМС «РАДА» у сувязі з увядзеннем адказнасці за так званую «прапаганду аднаполых адносін» у Рэспубліцы Беларусь
2 красавіка 2026 года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь зацвердзіў праўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, уводзячы адказнасць за так званую «прапаганду аднаполых адносін, гендарнага пераходу, бяздзетнасці і педафіліі», а таксама за «незаконнае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь на міжнародных мерапрыемствах». Чакаецца, што закон уступіць у сілу пасля яго падпісання Аляксандрам Лукашэнкам.
Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» лічыць гэтыя заканадаўчыя змены несумяшчальнымі з міжнароднымі стандартамі правоў чалавека.
Нас асабліва турбуе наўмыснае змешванне ЛГБТК+ ідэнтычнасці і асабістых жыццёвых выбараў з педафіліяй у адной прававой норме. Гэта не нейтральны заканадаўчы акт, але палітычны інструмент, які ўзмацняе стыгматызацыю, скажае прававую прыроду звязаных з ім з’яў і спрыяе дыскрымінацыі ўжо ўразлівых груп. Маладыя людзі ў Беларусі, незалежна ад іх ідэнтычнасці, заслугоўваюць прававой абароны, а не крыміналізацыі таго, хто яны ёсць, або інфармацыі, якую яны шукаюць.
Мы падкрэсліваем, што:
- крыміналізацыя так званай «прапаганды» ЛГБТК+ ідэнтычнасці парушае права на свабоду выказвання, права на прыватнае жыццё і прынцып недыскрымінацыі, гарантаваныя артыкуламі 17, 19 і 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах;
- змешванне ЛГБТК+ ідэнтычнасці з педафіліяй у законе паглыбляе сацыяльную стыгму і падвяргае ўразлівых асоб павышанай рызыцы пераследу;
- недакладнасць і непублічнасць закона парушаюць прынцып пэўнасці права і даступнасці заканадаўства.
Нас таксама непакоіць увядзенне адказнасці за «незаконнае прадстаўніцтва Беларусі на міжнародных мерапрыемствах». Гэтае палажэнне выглядае наўпрост накіраваным супраць дзейнасці дэмакратычных палітычных структур, праваабаронцаў і арганізацый і ініцыятыў грамадзянскай супольнасці – у тым ліку моладзевых арганізацый, такіх як БНМС «РАДА», якія прадстаўляюць грамадзян_ак Беларусі на міжнародным узроўні незалежна ад існуючага рэжыму. Такая норма парушае права на свабоду выказвання, свабоду асацыяцый і права на палітычны ўдзел, гарантаваныя артыкуламі 19, 22 і 25 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» заклікае:
- неадкладна адклікаць гэтыя заканадаўчыя праўкі як несумяшчальныя з міжнародным правам у галіне правоў чалавека;
- спыніць выкарыстанне заканадаўства ў якасці інструмента стыгматызацыі і дыскрымінацыі ў дачыненні да ЛГБТК+ людзей і іншых уразлівых груп;
- павялічыць пастаяннае і бесперашкоднае ўзаемадзеянне паміж міжнароднымі інстытутамі і незалежнай беларyскай грамадзянскай супольнасцю як легітымным прадстаўніком беларускіх грамадзян_ак, у тым ліку праз пашырэнне міжнароднай падтрымкі для ўразлівых груп і моладзевых арганізацый і ініцыятываў.
Правы і годнасць кожнага чалавека павінны абараняцца – без выключэнняў і незалежна ад ідэнтычнасці.
