Справаздача «РАДА» за 2025 год
Падсумоўваем год, які стаў для беларускага моладзевага сектара часам сур’ёзных выпрабаванняў і пераасэнсавання. Дзелімся, на якія міжнародныя івэнты і з якімі поспехамі ездзілі прадстаўні_цы Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА», каб адвакаваць правы моладзі. Колькі адукацыйных мажлівасцяў для маладых актывіст_ак было намі створана, і з ідэяй якой інфакампаніі мы ўвайшлі ў спіс пераможцаў на Communication Labs!
Некалькі фактаў:
- У 2025 годзе мы зрабілі сацыялагічнае даследаванне “Ха-ха, мы яшчэ тут”. У ім вывучаем цікавасці, праблемы і магчымасці моладзі ўнутры Беларусі, узровень інфармаванасці пра арганізацыі грамадзянскай супольнасці, а таксама міграцыйныя настроі.
- Зрабілі комплекснае даследаванне пра тое, як моладзевыя арганізацыі краін Усходняга партнёрства (сярод іх і беларускія арганізацыі) ўдзельнічаюць у праграмах, фінансаваных ЕЗ. А таксама пачалі рыхтаваць ацэнку патрэбаў беларускай моладзі разам з Моладзевым Дэпартаментам Рады Еўропы.
- У 2025 годзе «РАДА» сфакусавалася на стварэнні паглыбленых адукацыйных праграм, якія патрабуюць шмат уключанасці і часу. Іх прайшлі 92 маладых актывіста і актывісткі. Яны атрымалі трэнерскія навыкі, навыкі кам’юніці білдзінгу, негвалтоўнай камунікацыі і канструктыўнага вырашэння канфліктаў.

Кацярына Буніна, генеральная сакратарка Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА»:
Гэты год прынёс новыя выклікі — крыніцы падтрымкі скарачаліся, ініцыятывы сутыкаліся са стомленасцю і выгараннем, а адчуванне нявызначанасці стала амаль пастаянным фонам. Аднак менавіта ў гэтай напружанасці выяўлялася ўнутраная сіла. Моладзевыя арганізацыі шукалі новыя фарматы дзейнасці, спрабавалі адмаўляцца ад звыклых схем, выбудоўваючы працу на аснове даверу, гарызантальных сувязей і рэальнай салідарнасці. Пяць гадоў пасля падзей 2020 года — гэта не проста каляндарная адзнака, а мяжа, якая прымушае азірнуцца, задаць сабе цяжкія пытанні і па-новаму зірнуць на ўласнае месца ў тым, што адбываецца.

