“РАДА” выступіла у Еўрапейскім Парламенце ў Брусэлі
«Вашы дзеянні не патрабуюць чыйгосці дазволу, каб мець значэнне. Не чакайце, пакуль сістэма запросіць вас да ўдзелу. Шукайце або стварайце ўласную прастору, знаходзьце саюзні_ц ды пачынайце сваю размову. Мы [моладзь] патрэбныя планеце, і дзеянні нават у самых цяжкіх умовах — гэта тое, што маладыя беларус_кі робяць кожны дзень»
Юлія Ралко, Міжнародная сакратарка «РАДА», на адкрыцці Еўрапейскага тыдня моладзі (European Youth Week 2026) у Еўрапейскім Парламенце ў Брусэлі.
Для «РАДА» гэты момант быў сапраўды важным. У залі прысутнічалі больш за 1000 маладых удзельні_ц, палітык_інь і спецыяліста_к па працы з моладдзю з усёй Еўропы, і для многіх з іх гэта, магчыма, быў першы раз, калі яны даведаліся, праз што ўсё яшчэ праходзіць моладзь у Беларусі і чаму наступствы 2020 года яшчэ не скончыліся. Таму «РАДА» працягвае расказваць пра беларускую моладзь усюды, дзе для гэтага ёсць месца. І гэтым разам наш голас сапраўды прагучаў.



“Гэта гісторыя не проста пра прыгожыя фоткі. Гэткія моманты сігналізуюць, што беларуская моладзь надалей прысутнічае ў еўрапейскай павестцы. Мы не проста ўспамін пра 2020 год, але і жывая палітычная і чалавечая рэальнасць, якую ўсё яшчэ трэба бачыць, разумець і падтрымліваць. Запрашэнне да ўдзелу ў панэлі такога ўзроўню – для Юліі, для «РАДА» – вынік працяглай працы з міжнароднымі партнёрамі, паказчык таго, што нас ведаюць, нам давяраюць, да нас прыслухоўваюцца. І мы працягнем выкарыстоўваць гэтыя магчымасці і кантакты для таго, каб прасоўваць і адвакатаваць патрэбы моладзевых арганізацый і моладзі”.
Кацярына Буніна, Генеральная сакратарка «РАДА».
Панэль, у якой удзельнічала Юлія, была прысвечана ўдзелу моладзі, прыняццю рашэнняў і кліматычнай справядлівасці. Мы прадставілі беларускую перспектыву: кліматычная справядлівасць — гэта ў тым ліку пра доступ да інфармацыі, мажлівасць значнага ўдзелу і рэальнага ўплыву на важныя для будучыні моладзі рашэнні.
Еўрапейскі тыдзень моладзі арганізуецца Еўрапейскай камісіяй кожныя два гады, каб адзначаць і прасоўваць удзел моладзі па ўсёй Еўропе і за яе межамі. Вялікі дзякуй арганізатар_кам за запрашэнне на гэтае выдатнае мерапрыемства!
