Праграма па ўмацаванні арганізацыйнай устойлівасці. Першы цыкл

Праграма па ўмацаванні арганізацыйнай устойлівасці. Першы цыкл

Праграма па ўмацаванні арганізацыйнай устойлівасці беларускіх моладзевых арганізацый рэалізуецца Ініцыятывай за дыялог і дэмакратыю Silba і Беларускім нацыянальным моладзевым саветам “РАДА” і накіраваная на падтрымку каманд, якія працуюць ва ўмовах рэпрэсій, эміграцыі, нестабільнасці і абмежаваных рэсурсаў.

Праграма створана для каманд, якія працуюць у Беларусі, у выгнанні або ў гібрыдным фармаце і сутыкаюцца з выклікамі, звязанымі з устойлівасцю, унутранай арганізацыяй і развіццём.

Што дае праграма

Праграма накіравана на вырашэнне ключавых праблем, з якімі сёння сутыкаюцца беларускія моладзевыя арганізацыі. У прыватнасці, яна дапаможа:

  • выбудаваць больш устойлівую ўнутраную арганізацыю ва ўмовах размеркаваных і гібрыдных каманд;
  • палепшыць унутраную камунікацыю, размеркаванне роляў і працэсы прыняцця рашэнняў;
  • развіць крызіснае планаванне і здольнасць дзейнічаць ва ўмовах нявызначанасці;
  • знізіць узровень выгарання і напружання ўнутры каманд, укараніць практыкі самападтрымкі;
  • павысіць устойлівасць арганізацый ва ўмовах скарачэння фінансавання і нестабільнага асяроддзя.

Праграма дапамагае камандам адначасова разабрацца з арганізацыйнымі пытаннямі і лепш спраўляцца са стрэсам. Праца будуецца вакол рэальных задач і сітуацый, з якімі сутыкаецца менавіта ваша каманда.

Фармат удзелу

Адабраныя арганізацыі прымуць удзел у поўным цыкле праграмы, які ўключае:

  • дыягностыку і папярэднія кансультацыі для разумення патрэбаў каманды;
  • адзін арганізацыйны выезд у Польшчы або Літве, распрацаваны пад канкрэтную арганізацыю;
  • распрацоўку плана арганізацыйных зменаў па выніках выезду;
  • 6 месяцаў індывідуальнага ментарынгу, накіраванага на ўкараненне гэтых зменаў у працу каманды;
  • фінальную самаацэнку.

Цягам праекта ў 2026–2027 гадах будзе праведзена 10 арганізацыйных выездаў. У межах першага цыклу праграмы, да якога адносіцца гэты кол, будуць адабраныя арганізацыі для ўдзелу ў 5 выездах у 2026 годзе. Для ўдзелу ў выездах 2027 года будзе абвешчаны асобны кол.

Кожная арганізацыя праходзіць адзін поўны цыкл удзелу. Дакладная дата, месца правядзення і праграма выезду будуць узгодненыя індывідуальна з кожнай арганізацыяй пасля адбору, з улікам даступнасці ўдзельнікаў_ніц, пытанняў бяспекі і спецыфікі арганізацыі.

Арганізацыйны выезд – гэта фасілітаваны працоўны працэс, пабудаваны вакол канкрэтных задач каманды. Гэта не класічнае навучанне і не фармат адпачынку, хоць у праграме будуць прадугледжаныя актыўнасці для аднаўлення і клопату пра сябе, каб знізіць узровень напружання і падтрымаць удзельнікаў_ніц.

Працягласць выезду – да 5 дзён. Мінімальная колькасць удзельнікаў_ніц ад адной каманды – 2 чалавекі, максімальная – 5 чалавек.

Хто можа ўдзельнічаць

Для ўдзелу ў праграме арганізацыя мусіць адпавядаць наступным крытэрам:

  • беларускія моладзевыя арганізацыі і ініцыятывы, якія працуюць у сферах правоў чалавека, дэмакратыі, моладзевага ўдзелу, інклюзіі і сумежных напрамках;
  • арганізацыі, якія існуюць не менш за адзін год;
  • каманды (не індывідуальныя актывісты_кі), якія маюць не менш за трох актыўных удзельнікаў_ніц;
  • арганізацыі, якія працуюць у Беларусі, у эміграцыі або ў гібрыдным фармаце;
  • каманды, якія сутыкаюцца з арганізацыйнымі, стратэгічнымі або псіхалагічнымі выклікамі і зацікаўленыя ў развіцці.

Пры адборы будуць улічвацца актуальнасць і ўзровень патрэбы ў падтрымцы, разуменне арганізацыяй сваіх выклікаў, гатоўнасць да ўкаранення зменаў, бягучая дзейнасць і матывацыя да ўдзелу, а таксама папярэдні досвед арганізацыйнага развіцця. Дадатковай перавагай можа быць праца ўнутры Беларусі або з аўдыторыяй унутры Беларусі, праца з уразлівымі групамі і наяўнасць пазітыўнай рэпутацыі ў сектары.

Важна: камісія ацэньвае не “найлепшыя” арганізацыі, а тыя, для якіх удзел у праграме можа быць найбольш карысным і прывесці да рэальных зменаў.

Як праходзіць адбор

Для ўдзелу ў праграме неабходна запоўніць заяўку.

Дэдлайн падачы заявак: 31 траўня, 23:59 CET.

Пасля завяршэння прыёму заявак адборачная камісія правядзе ацэнку заявак на аснове зацверджаных крытэрыяў адбору.

Крытэрыі адбору па спасылцы.

Этап ацэнкі заявак працягнецца да 14 чэрвеня.

Усе арганізацыі атрымаюць адказ па выніках адбору не пазней за 15 чэрвеня.

Пасля абвяшчэння вынікаў пачнецца камунікацыя з адабранымі арганізацыямі: узгадненне фармату ўдзелу, правядзенне дыягностыкі і падрыхтоўка арганізацыйных выездаў. Правядзенне першых выездаў плануецца з пачатку ліпеня 2026 года.

Па ўсіх пытаннях можна звяртацца на [email protected].

Бяспека і канфідэнцыйнасць

  • Удзел у праграме не будзе публічна анансавацца.
  • Камунікацыя будзе весціся праз бяспечныя каналы.
  • Дадатковыя рэкамендацыі па бяспецы будуць прадастаўлены ўдзельнікам_цам асобна.
  • Бяспека ўдзельнікаў_ніц з’яўляецца прыярытэтам на ўсіх этапах праграмы.