Беларуская моладзь на EaP Youth Conference у Стакгольме
12-13 траўня ў Стакгольме адбылася Канферэнцыя моладзі Усходняга партнёрства – EaP Youth Conference 2026. Сёлета яна прайшла пад тэмай «Пашырэнне моладзевай грамадзянскай прасторы ва Усходнім партнёрстве» і сабрала моладзевых прадстаўнікоў_ніц, нацыянальныя моладзевыя саветы, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, міжнародных партнёраў і стэйкхолдараў з краін Усходняга партнёрства і Еўрапейскага саюза.
Удзельнікамі_цамі канферэнцыі сталі прадстаўнікі_цы з Беларусі, Украіны, Грузіі, Малдовы, Арменіі і Азербайджана. У фокусе абмеркаванняў былі звужэнне грамадзянскай прасторы для моладзі, дэзынфармацыя, hate speech, а таксама пытанні бяспекі, свабоды аб’яднанняў і магчымасцяў для моладзевага ўдзелу ў сваіх краінах.
Асабліва важным для беларускай дэлегацыі было тое, што праблемы беларускай моладзі, хоць і маюць сваю спецыфіку праз палітычную сітуацыю ў краіне, у многім сугучныя выклікам, з якімі сутыкаюцца маладыя людзі ў іншых краінах Усходняга партнёрства. Рэпрэсіі, абмежаванне грамадзянскіх свабод, недахоп бяспечных прастораў, дэзынфармацыя, ціск на актывістаў_ак, а таксама патрэба ў падтрымцы і міжнароднай салідарнасці сталі агульнымі тэмамі для ўдзельнікаў_ніц з розных краін рэгіёна.
Удзел прадстаўнікоў_ніц «РАДА»
У панэлі «Стан спраў ва Усходнім партнёрстве: моладзевыя палітыкі, выклікі і паспяховыя гісторыі моладзевага ўдзелу» удзел узяла Аляксандра Дойніч, Старшыня савета «РАДА». Разам з прадстаўнікамі_цамі нацыянальных моладзевых саветаў Украіны, Арменіі і Малдовы яна абмяркоўвала стан моладзевай палітыкі ў рэгіёне, праблемы, з якімі сутыкаюцца моладзевыя арганізацыі, а таксама прыклады паспяховага ўключэння моладзі ў працэсы прыняцця рашэнняў.

Асобная панэль была прысвечаная палітыкам, добрым практыкам і падыходам Еўрапейскага саюза да працы з моладдзю. Удзельнікі_цы абмяркоўвалі, як еўрапейскія моладзевыя палітыкі і праграмы могуць быць адаптаваныя да розных палітычных і сацыяльных кантэкстаў, у тым ліку да краін з рэпрэсіўным асяроддзем.
Зміцер Радзіеўскі, прадстаўнік арганізацыі “ІншыЯ” і сябра савета «РАДА», удзельнічаў у панэлі “Барацьба з агульнымі выклікамі ва ўмовах звужэння моладзевай грамадзянскай прасторы”.
Падчас дыскусіі Зміцер звярнуў увагу на ключавыя патрэбы беларускай моладзі ва ўмовах рэпрэсій. Сярод іх – бяспека і прававая абарона, доступ да незалежнай інфармацыі, псіхалагічная падтрымка, эканамічная незалежнасць, магчымасць вольна выбіраць працу, доступ да якаснай адукацыі і стварэнне бяспечных прастораў для ўдзелу.

Асобна была адзначаная праблема мабільнасці. Для маладых людзей унутры Беларусі ўсё больш складаным становіцца атрыманне візаў, удзел у міжнародных праграмах, акадэмічных абменах і адукацыйных магчымасцях у Еўропе. Скарачэнне кантактаў паміж беларускімі і еўрапейскімі адукацыйнымі інстытуцыямі яшчэ больш ізалюе моладзь унутры краіны.
Дыскусія таксама закранула тое, як рэпрэсіўнае асяроддзе змяняе працу моладзевых арганізацый і актывістаў_ак. Ліквідацыя арганізацый, крыміналізацыя сувязяў з незалежнымі ініцыятывамі, рызыкі затрыманняў, пераследу, катаванняў, прымусовых «пакаяльных відэа» і палітычна матываваных прысудаў прымушаюць маладых людзей шукаць новыя, больш бяспечныя фарматы дзейнасці.
Сярод вымушаных кампрамісаў называліся самацэнзура, пераход у «нейтральныя» тэмы – напрыклад, экалогію, урбаністыку ці дапамогу жывёлам, – а таксама выбар паміж эміграцыяй і «ўнутранай міграцыяй», калі чалавек застаецца ў краіне, але вымушаны цалкам адмовіцца ад публічнай актыўнасці дзеля ўласнай бяспекі.
Удзельнікі _цы панэлі таксама абмяркоўвалі стратэгіі і інструменты, якія дапамагаюць маладым людзям заставацца ўключанымі, бяспечнымі і ўстойлівымі.
Сярод эфектыўных падыходаў былі названыя:
- развіццё лічбавых медыя і сацыяльных сетак як каналаў камунікацыі з моладдзю;
- нефармальная адукацыя, курсы крытычнага мыслення і праграмы развіцця кампетэнцый;
- выкарыстанне больш бяспечнай і «нейтральнай» мовы ў працы з аўдыторыямі ўнутры краіны;
- развіццё закрытых лакальных супольнасцяў і гарызантальных сетак падтрымкі;
- псіхалагічная і юрыдычная дапамога для актывістаў_ак;
- міжнародная адвакацыя і дакументаванне парушэнняў правоў чалавека;
- роля парасонавых арганізацый, якія дапамагаюць збіраць патрэбы, развіваць партнёрствы, шукаць бяспечныя кантакты і прадстаўляць голас моладзевых арганізацый на міжнародным узроўні.
Разам з тым удзельнікі_цы адзначалі, што некаторыя інструменты не працуюць або могуць быць небяспечнымі. Сярод іх – звароты ў дзяржаўныя інстытуты, прымусовы ўдзел у дзяржаўных моладзевых аб’яднаннях, якія не адлюстроўваюць рэальныя інтарэсы моладзі.
Чаму гэта важна для беларускай моладзі
Удзел у EaP Youth Conference стаў важнай магчымасцю для беларускай моладзі і сяброўскіх арганізацый «РАДА» не толькі прадставіць беларускі кантэкст, але і ўбачыць яго ў больш шырокай рэгіянальнай перспектыве.
Беларуская сітуацыя застаецца адной з найбольш складаных у рэгіёне, аднак многія выклікі — звужэнне грамадзянскай прасторы, ціск на актывістаў_ак, дэзынфармацыя, недахоп бяспечных магчымасцяў для ўдзелу – з’яўляюцца агульнымі для краін Усходняга партнёрства. Менавіта таму абмен досведам паміж моладзевымі арганізацыямі рэгіёна мае асаблівую каштоўнасць.
Для «РАДА» і сяброўскіх арганізацый гэта таксама магчымасць даносіць патрэбы беларускай моладзі да міжнародных партнёраў, шукаць новыя фарматы падтрымкі і будаваць кааліцыі з арганізацыямі, якія сутыкаюцца з падобнымі выклікамі ў сваіх краінах.
EaP Youth Conference паказала, што моладзевая грамадзянская прастора ў рэгіёне Усходняга партнёрства знаходзіцца пад моцным ціскам, але маладыя людзі і моладзевыя арганізацыі працягваюць шукаць спосабы дзейнічаць, падтрымліваць адно аднаго і ўплываць на будучыню сваіх краін.
