Вынікі форума «Моладзь, гендар і дэмакратыя для Беларусі»
Youth, Gender and Democracy for Belarus Forum быў арганізаваны Беларускім нацыянальным моладзевым саветам «РАДА», Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Міністэрствам замежных спраў Швецыі пры ўдзеле Офіса Святланы Ціханоўскай і падтрымцы SCEEUS – Стакгольмскага цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў.

Прадстаўнікі_цы Савета і Сакратарыята БНМС “РАДА”: Зміцер Радзіеўскі, Аляксандра Дойніч, Юлія Галіеўская, Юлія Ралко, Зміцер Герыловіч.
Форум сабраў каля 80 прадстаўнікоў_ніц беларускіх моладзевых арганізацый, арганізацый грамадзянскай супольнасці Швецыі, а таксама еўрапейскіх стэйкхолдараў.
З прывітальнымі прамовамі на адкрыцці выступілі лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская і Даг Хартэліўс, дзяржаўны сакратар па замежных справах Швецыі.
Асноўныя тэмы форуму
Праграма форуму была прысвечаная ўдзелу моладзі ў палітычных і грамадзянскіх працэсах, выклікам для гендарнага і ЛГБТК+ актывізму, пошуку больш эфектыўных падыходаў да камунікацыі і падтрымкі аўдыторый унутры Беларусі, а таксама падвышэнню арганізацыйнага патэнцыялу моладзевых арганізацый.

Калі мы стваралі праграму форуму, для нас было важна сфакусавацца на тэмах, якія сёння сталі яшчэ больш вострымі для беларускай моладзі. Ва ўмовах новых абмежаванняў, крыміналізацыі грамадзянскай актыўнасці і пастаянных рызык для людзей унутры краіны гэтыя тэмы – не абстрактныя. Яны пра бяспеку, прадстаўніцтва, устойлівасць арганізацый і магчымасць моладзі заставацца суб’ектам зменаў.
Менавіта таму нам было важна аб’яднаць прадстаўнікоў_ніц розных моладзевых арганізацый і разам ператварыць выклікі ў канкрэтныя ідэі і рэкамендацыі для далейшай працы з партнёрамі.
Генеральная сакратарка “РАДА” Кацярына Буніна
Першая панэльная дыскусія была прысвечаная ўдзелу моладзі ў палітыцы. Удзельнікі_цы абмеркавалі выклікі і магчымасці для маладых людзей у палітычных і грамадзянскіх працэсах, а таксама ролю маладых актывістаў_ак у фармаванні дэмакратычнага руху. Асобная ўвага была нададзеная таму, як узмацніць уплыў моладзі і зрабіць яе ўдзел больш сістэмным.

Мадэравала дыскусію Марго Ворыхава, дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву. У панэлі ўзялі ўдзел Максім Бойка, старшыня «Маладой Грамады», Аліна Харысава, міжнародная сакратарка Задзіночання беларускіх студэнтаў, і Віктар Баранаў, сузаснавальнік ініцыятывы «Ліхтар», а таксама Сігге Эрыксан, Старшыня LSU (моладзевы савет Швецыі).
Другая панэль была прысвечаная гендарнаму і ЛГБТК+ актывізму. Падчас дыскусіі ўдзельнікі_цы абмеркавалі актуальны кантэкст, рызыкі і абмежаванні, механізмы падтрымкі для актывістаў_ак. Асноўны фокус быў зроблены на выяўленні ключавых патрэбаў, прабелаў у падтрымцы, а таксама магчымасцей для далейшай адвакацыі і супрацоўніцтва.

Мадэравала панэль Юлія Міцкевіч, прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы. У дыскусіі ўдзельнічалі Зміцер Радзіеўскі, сябра савета «РАДА», Лена Агарэлышава, гендарная экспертка і даследчыца.
Даследаванні і аналітыка
Падчас форуму «РАДА» прадставіла шведскім партнёрам вынікі даследавання «Ха-ха, мы яшчэ тут». Даследаванне аналізуе інтарэсы, выклікі і магчымасці маладых людзей унутры Беларусі, іх узровень дасведчанасці пра арганізацыі грамадзянскай супольнасці, а таксама міграцыйныя настроі.

Прэзентацыю правялі Зміцер Герыловіч, полісі сакратар «РАДА», і Юлія Ралко, міжнародная сакратарка «РАДА». Вынікі даследавання дазваляюць лепш зразумець, чым жыве моладзь у Беларусі сёння, якія формы ўдзелу для яе застаюцца магчымымі і якая падтрымка патрэбная для захавання і развіцця моладзевага актывізму.
Таксама ў межах праграмы была прадстаўленая аналітыка пра спажыванне палітычнага кантэнту беларускай моладдзю ў сацыяльных сетках.
Асобная дыскусія была прысвечаная тэме камунікацыі і ўзаемадзеяння з аўдыторыяй унутры Беларусі. Удзельнікі_цы абмяркоўвалі, як працаваць з аўдыторыямі ўнутры краіны ва ўмовах рэпрэсій, абмежаванняў у камунікацыі і пастаянных рызык для людзей і ініцыятыў.

Мадэраваў панэль Зміцер Герыловіч, полісі сакратар “РАДА”. У дыскусіі ўдзельнічалі Аляксандра Дойніч, Старшыня савета «РАДА», Лена Шандрак, праектная менеджарка і фасілітатарка OEEK, Дар’я Урбан, кіраўніца даследчай каманды Цэнтра новых ідэй.
Дыскусія закранула новыя падыходы да інфармавання, асаблівая ўвага была нададзеная пытанням бяспекі, даверу, даступнасці інфармацыі і выбару каналаў камунікацыі.
Праца ў групах і рэкамендацыі
Падчас працы ў групах удзельнікі_цы прааналізавалі асноўныя праблемы і падрыхтавалі рэкамендацыі па інструментах іх вырашэння. Гэтыя напрацоўкі будуць выкарыстоўвацца ў далейшай адвакацыі і камунікацыі са шведскімі і еўрапейскімі стэйкхолдарамі.
Сярод рэкамендацый найчасцей гучалі:
- неабходнасць фінансавай падтрымкі, у тым ліку мікра-грантаў для невялікіх ініцыятыў;
- спрашчэнне справаздачнасці і зніжэнне бюракратычнай нагрузкі;
- фокус на бяспецы актывістаў_ак;
- падтрымка grassroots-ініцыятыў;
- рэсурсы для працы з ментальным здароўем беларусаў_ак як будучага пакалення лідараў_ак;
- рэальнае ўключэнне моладзевых прадстаўнікоў_ніц у палітычныя і грамадскія працэсы;
- прызнанне моладзі паўнавартаснымі партнёрамі ў прыняцці рашэнняў;
- пашырэнне магчымасцяў для атрымання візаў і ўдзелу ў праграмах мабільнасці, асабліва для людзей унутры Беларусі.
Далейшыя крокі
Наступным этапам стане дапрацоўка ключавых рэкамендацый і іх перадача міжнародным партнёрам, шведскім і еўрапейскім стэйкхолдарам, а таксама прадстаўнікам_цам дэмакратычных сіл.
Вынікі форуму стануць асновай для далейшай адвакацыйнай працы, накіраванай на тое, каб беларуская моладзь была не толькі мэтавай групай падтрымкі, але і паўнавартасным суб’ектам у працэсах прыняцця рашэнняў.
