Запускаем школу фандрайзінгу для тых, хто стаміліся пісаць заяўкі ўначы!
Апошнія турбулентныя гады стварылі асяроддзе, у якім шукаць рэсурсы для праектаў, асабліва маладым спецыяліст:кам, стала вельмі складана. Заяўкі пішуцца ўначы ці паміж асноўнай працай, донарскі ландшафт змяняецца, а пачуццё няўпэўненасці ў заўтрашнім дні забірае апошнія сілы. “РАДА” бачыць, як гэта выматвае каманды і ініцыятывы. І хоча прапанаваць іншы фармат!
Запрашаем далучыцца да школы па фандрайзінгу для маладых беларускіх актывіста:к і супрацоўні:ц НДА, якія хочуць навучыцца прыцягваць фінансаванне сістэмна. Школа складаецца з трох этапаў. Напрыканцы будзе магчымасць пратэставаць новыя веды, запітчыць праект донарам і атрымаць да 5000€ на падтрымку свайго праекта!
Першы этап – тэарэтычны курс “Дэдлайн быў учора!”
Ён дапаможа ўбачыць фандрайзінг як працоўны, запланаваны працэс, які ўзмацняе вашу ініцыятыву, а не высмоктвае сілы каманды.
Праграма курса складаецца з 5 заняткаў:
- 03.06 Як думаць пра фандрайзінг. Разбіраем ключавыя фрэймы: што значыць выбудоўваць партнёрства з донарам, а не «прасіць грошы». Вучымся глядзець на праект вачыма грантадаўцы.
- 8.06 Пошук і картаванне донараў. Дзе шукаць прыдатных донараў – базы дадзеных, рэестры, сеткі. Як будаваць донарскую карту, чытаць гайдлайны і расстаўляць прыярытэты.
- 10.06 Практыкум: донарскі праект vs мой праект. Як адаптаваць сваю ідэю пад патрабаванні донара, не страчваючы сутнасці. Разбіраем халістычны падыход і праваабарончы падыход (HRBA) да апісання дзейнасці і мэтавых груп.
- 15.06 Тэорыя зменаў: як размаўляць з донарам пра логіку. Тлумачым theory of change простай мовай. Чаму донару важна бачыць сувязь паміж праблемай, дзеяннямі і доўгатэрміновым вынікам – і як гэта пераканаўча аформіць.
- 17.06 Фінансы. Як складаць жыццяздольны бюджэт у праектах і планаваць наперад.
Спікерка курса – Аня, фандрайзерка са стажам. За 10 гадоў працы яна вывучыла схаваныя болі і скрытыя патрабаванні ўсіх НДА – ад міжнародных да лакальных. Зараз яе праца прыносіць праектам у сярэднім 1,5 мільёна еўра ў год.
Праграма стартуе 3 чэрвеня і будзе праходзіць анлайн па панядзелках і серадах у 18:00 па Варшаве, усяго запланаваныя 5 сустрэч. Мова спікеркі: расейская.
Заяўкі на першы этап прымаем да 27 траўня ўключна.
Другі этап – практычная лабараторыя
Гэта групавы працэс, дзе кожн:ая зможа спакаваць гатовую ідэю ў праектную заяўку ў суправаджэнні эксперткі і з дапамогай каляжана:к па сектары. Напрыканцы будзе тэставы пітчынг і «пражарка» заяўкі ад донараў. Каб падрыхтаваць вас да ўсіх складанасцяў, але ў падтрымліваючым фармаце!
На гэты этап будзе асобны набор пазней. Але ўдзельні:цы першага этапу, які наведаюць мінімум 60% заняткаў, трапляюць на другі этап аўтаматычна.
Фінальны этап – падача на грант
Выпускні:цы школы (мінімум аднаго з двух папярэдніх этапаў) атрымаюць магчымасць падацца на грант да 5000€.
На грантавую падтрымку можна падаваць праекты ў сферы адвакацыі, нефармальнай адукацыі, развіцця мясцовых кам’юніці, правоў чалавека і інклюзіі, падтрымкі ўразлівых груп, лічбавай бяспекі і інавацый, экалогіі, гендарнай справядлівасці і медыяграматнасці. Мы прыярытэзуем падтрымку ініцыятываў, створаных моладззю і для моладзі.
Даты другога і трэцяга этапаў паведамім пазней.
Падчас усёй школы можна звярнуцца па ментарскую падтрымку. Калі ў ходзе курса спатрэбіцца дадатковая дапамога: адаптацыя фрэймаў, структура бюджэту, фінансавае планаванне, фінальная «ўпакоўка» пад канкрэтнага донара, – знойдзем для цябе ментар:ку пад твой запыт.
Мы свядома будуем доўгатэрміновую паэтапную праграму, таму што верым: рэальныя навыкі прыцягнення рэсурсаў нараджаюцца ў працяглай практыцы, пры суправаджэнні эксперта:к і падтрымцы каляжана:к.
Ёсць пытанні? Пішы на [email protected].
