«РАДА» на генеральнай асамблеі Еўрапейскага моладзевага форуму ў Тромсё
8-9 траўня старшыня Савета БНМС «РАДА» Аляксандра Дойніч, а таксама міжнародная сакратарка «РАДА» Юлія Ралко наведалі Тромсё (Нарвегія) — Еўрапейскую моладзевую сталіцу (і самы паўночны горад, які калі-небудзь атрымліваў гэта званне). Халоднае (+1°C) і пастаянна сонечнае арктычнае надвор’е сталі фонам для буйной падзеі ў галіне моладзевай палітыкі 2026 года.
Генеральная асамблея Еўрапейскага моладзевага форуму (ЕМФ) мае вырашальнае значэнне для вызначэння палітыкі і кіраўніцтва найбуйнейшай моладзевай платформы Еўропы. Падчас яе быў абраны новы склад праўлення на 2-гадовы тэрмін і вызначаны стратэгічныя прыярытэты. Мы вельмі ўсцешаны, што «РАДА» прыняла ўдзел у ГА і галасаванні, і гатовыя падзяліцца сваёй справаздачай.



Пасля хуткіх сустрэч з кандыдат_камі, справаздач і дэбатаў генеральная асамблея прагаласавала за новы склад праўлення на 2026-28 гады, Камісію па фінансавым кантролі і прызначыла Кансультатыўны орган па заяўках на членства, каб дапамагчы еўрапейскай сям’і пашырацца. Пачынаючы з 1 ліпеня 2026 года, новаабраные праўленне будзе працаваць два гады, каб ператварыць меркаванне моладзі ў рэальны ўплыў на палітыку ЕС.
«РАДА» цёпла вітае новае праўленне на 2026-2028 гады:
Прэзідэнт: Кайлум Хедэрман
Віцэ-прэзідэнтка: Хлоя Кочы
Члены і чаліні: Дар’я Бурый, Агата Берэніка Цыбульска, Айслінг Мэлоні, Дэвід Руіс Санчэс, Марыя Маркула, Марын Капан, Марк Хілі, Віта Давыдава.



Мы вельмі рады, што міжнародная сакратарка нацыянальнага моладзевага савета Украіны была абраная ў праўленне Еўрапейскага моладзевага форуму, стаўшы першай украінскай жанчынай у праўленні ЕМФ. Гэта важнае і заслужанае прызнанне, і «РАДА» цалкам падтрымлівае яе ў гэтай новай ролі. Мы таксама вельмі рады за GoFor, Турэцкі нацыянальны моладзевы савет, які стаў паўнапраўным членам ЕМФ на гэтай генеральнай асамблеі.
Акрамя выбараў у праўленне, Аляксандра і Юлія таксама галасавалі за найлепшыя ідэі моладзі па фарміраванні бліжэйшай будучыні. Усяго было прынята 12 прапаноў па такіх тэмах, як якасная працоўная занятасць, візавыя бар’еры, абарона еўрапейскіх каштоўнасцей, абарона незалежных грамадскіх СМІ, пагрозы штучнага інтэлекту і штучны інтэлект у школах і іншыя.
Юлія Ралко, міжнародная сакратарка “РАДА”:

Для RADA гэтая генеральная асамблея важная як яшчэ адна магчымасць быць там, дзе абмяркоўваецца еўрапейская моладзевая палітыка, і нагадваць, што беларуская моладзь таксама павінна заставацца часткай гэтай прасторы.
Сёння многія маладыя беларус_кі не могуць свабодна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці ўнутры краіны. А тыя, хто апынуліся ў эміграцыі, часта фізічна знаходзяцца ў Еўропе, але ўсё яшчэ застаюцца па-за шматлікімі фармальнымі механізмамі ўдзелу. Таму для нас важна быць у ЕМФ, галасаваць, размаўляць з партнёрамі і паступова вяртаць беларускую моладзь у гэтыя абмеркаванні.

Наступная статутная сустрэча запланавана праз шэсць месяцаў у Дэстэльхайдэ, Бельгія, і «РАДА» таксама будзе там, каб даць голас беларускай моладзі.
