Прыходзь з ідэяй — сыходзь з гатовай заяўкай

Прыходзь з ідэяй — сыходзь з гатовай заяўкай

І шанцам атрымаць 5000€ 😉 Заяўкі прымаем да 1 ліпеня.

Пытанне з зорачкай у жыцці кожна:й актывіст:кі: як, нарэшце, сесці і напісаць заяўку? Першыя крокі ў фандрайзінгу падаюцца страшнымі і заблытанымі, але табе не трэба рабіць іх сам-насам.

Якраз на такія выпадкі “РАДА” запускае другі этап школы фандрайзінгу «Дэдлайн быў учора!» — практычную лабараторыю, дзе мы разам пройдзем шлях ад тваёй ідэі да гатовай заяўкі.

Як гэта будзе

Ты прыходзіш са сваёй ідэяй → на лекцыях разбіраем, з чаго складаецца заяўка → дома працуеш над ёй і атрымліваеш падрабязныя каментары ад нас → заяўка гатова! → у фінале (па жаданні) пітчыш праект перад рэальнымі донарамі і атрымліваеш іх фідбэк.

Фармат лекцыйна-практычны: наша мэта — каб у канцы курса ў цябе была гатовая заяўка. Праграма стартуе 6 ліпеня і складаецца з 6 анлайн-сустрэч па серадах і панядзелках а 18:00 па Варшаве.

  1. 06.07. З чаго складаецца заяўка і як запоўніць форму; пачынаем працу з тэкстамі.
  2. 08.07. Бюджэт праекта: як скласці і абгрунтаваць.
  3. 13.07. Практычная праца над тэкстамі і бюджэтамі вашых заявак.
  4. 15.07. Працягваем шліфаваць тэксты і бюджэты.
  5. 20.07. Маніторынг, справаздачнасць, празрыстасць.
  6. 22.07. Рыхтуемся да пітчу: разбіраем крытэрыі донараў.

+ 27.07. Тэставы пітч перад донарамі — па жаданні.

Мова спікеркі: расейская.

Кожн:ая ўдзельні:ца зможа падацца на грант да 5000€!

Гэта максімальны памер гранта, які мы можам выдзеліць на адзін праект. Але табе не абавязкова намагацца дабраць бюджэт да гэтай лічбы: калі грашовы запыт будзе менш, мы зможам падтрымаць большую колькасць праектаў.

РАДА — моладзевая арганізацыя, таму ў першую чаргу мы імкнемся падтрымаць моладзевыя праекты. То-бок, і каманда, і — ў асаблівасці — мэтавая аўдыторыя праекта павінны ў большасці складацца з маладых людзей (18-27 гадоў). Але гэта не значыць, што мы адмятаем іншыя праекты. Ты можаш паспрабаваць адаптаваць праект або падацца, калі твая тэма пасуе пад кірункі ніжэй:

  • распрацоўку і рэалізацыю інфармацыйных кампаній, нефармальнай адвакацыі, нефармальнай адукацыі і іншых грамадскіх ініцыятыў;
  • фарміраванне мясцовых суполак, якія спрыяюць інклюзіі, грамадскаму ўдзелу, інфармаванасці пра правы;
  • лічбавыя інавацыі і бяспечнае распаўсюджванне важнай грамадскай інфармацыі;
  • ахову навакольнага асяроддзя або дзейнасць у галіне гендарнай роўнасці і справядлівасці з кампанентам грамадскага ўдзелу;
  • моладзевыя кампаніі па медыяграматнасці або барацьбе з дэзінфармацыяй;
  • стварэнне нефармальных сетак падтрымкі для моладзі ў выгнанні або ва ўразлівых групах.

Мерапрыемствы праекта могуць месць гібрыдны фармат (частка анлайн, частка афлайн), быць цалкам анлайн або цалкам афлайн. Галоўнае ўпісацца ў 5000 еўра!

Падавацца на грант могуць як зарэгістраваныя арганізацыі, так і незарэгістраваныя ініцыятывы. Незарэгістраваныя ініцыятывы мы зможам падтрымаць праз фіскальнага партнёра (фінансаванне будзе праходзіць праз арганізацыю-пасярэдніка з афіцыйнай рэгістрацыяй). 

Поўны пералік умоў гранта будзе даступны адабраным удзельні:цам другога этапа школы.

Прыходзіць можна не толькі з ідэяй пад наш грант. Тады можна праслухаць курс лекцый і папрацаваць над заяўкай, а замест фідбэка донараў атрымаць індывідуальныя кансультацыі: мы дапаможам адаптаваць ідэю пад цікавы табе грантавы конкурс ці падкажам фонды, якія працуюць з адпаведнымі напрамкамі.

Чакаем вашы заяўкі на другі этап школы да 01.07 уключна

Ёсць пытанні? Пішы на [email protected].