“РАДА” на Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання
“Каля паловы пакараных смерцю ў Беларусі – моладзь ва ўзросце ад 18 да 31 гадоў”
З 30 чэрвеня па 2 ліпеня прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, а таксама больш за тысячу палітык_інь, актывіст_ак, журналіст_ак, суддзяў і прадстаўні_ц НДА сабраліся ў Парыжы на Дзевятым Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання. На беларускім сайд-івэнце 2 ліпеня “РАДА” прадставіла мапу месцаў, звязанных са смяротнымі прысудамі ў Мінску.
Генеральны сакратар Рады Еўропы Ален Берсэ у сваёй прамове адзначыў, што “ў Еўропе вырасла цэлае маладое пакаленне, якое не ведае смяротнага пакарання”. Тым часам Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне, у тым ліку да маладых людзей. Гэта адна з прычын, чаму “РАДА” далучылася да кааліцыі праваабаронцаў супраць смяротнага пакарання ў Беларусі ў 2020 годзе.
Пра мапу
Падчас сайд-івэнта, прысвечанага сітуацыі са смяротным пакараннем у Беларусі ды праваабарончай дзейнасці моладзі і грамадзянскай супольнасці за яго адмену, міжнародная сакратарка “РАДА” Юлія Ралко прадставіла мапу, распрацаваную “РАДА” сумесна з Саветам Еўропы – адну з ідэй, якая нарадзілася на Хакатоне ідэй па адвакацыі праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі.

Большасць дыскусій на Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання сканцэнтравана на заканадаўстве, судовых рашэннях або статыстыцы, але наш праект пачынаецца з мапы. Яна распавядае гісторыю смяротнага пакарання праз месцы ў Мінску, звязаныя з яго гісторыяй, і заклікае людзей зірнуць на горад з іншага пункту гледжання.
Падчас працы над праектам нам кінуўся ў вочы адзін факт. З 1994 года ў Беларусі больш за 300 чалавек былі прыгавораныя да смяротнага пакарання, і прыкладна палова з іх былі ва ўзросце ад 18 да 31 гадоў. Як моладзевая арганізацыя, “РАДА” не магла ігнараваць гэта. Мы задумаліся, якую ролю моладзевы савет мог бы адыграць у гэтай размове і як мы маглі б працягваць працаваць па гэтай тэме з моладдзю ў Беларусі нават з выгнання.
Мне асабліва запомнілася адно пытанне, якое мне задалі пасля прэзентацыі ў Парыжы: “У вас яшчэ ёсць надзея?”
Я зразумела, што ў мяне няма патрэбы абдумваць адказ. Калі мы ўсё яшчэ ствараем новыя праекты, знаходзім партнёраў і дацягваемся да аўдыторыі, то так, я думаю, што ёсць шмат падстаў для надзеі. Для мяне надзея — гэта не нешта абстрактнае. Гэта проста працягваць нашу працу.


Сярод іншых удзельні_ц сайд-івэнта былі каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда, прадстаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай Аляксандр Шлык ды юрыст і былы палітзняволены Максім Знак, які прадставіў асноўны даклад.
Афіцыйная прэзентацыя мапы адбудзецца ў хуткім часе. Сачыце за нашымі навінамі.
