Размеркаванне выпускнікоў_ц: ці можна палепшыць сістэму?
Чулі, што праз размеркаванне праходзяць больш за палову выпускнікоў_ц беларускіх устаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі? Аднак гэта сістэма абмяжоўвае свабоду выбару маладых спецыялістаў_ак, падтрымлівае неэфектыўныя дзяржаўныя прадпрыемствы і можа супярэчыць міжнародным нормам аб забароне прымусовай працы. Такая выснова гучыць у новым аглядзе, прысвечаным прававым, сацыяльным і эканамічным наступствам размеркавання выпускнікоў_ц.
Аналіз падрыхтавалі незалежныя прафсаюзы пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Аўстрыі сумесна з беларускімі моладзевымі арганізацыямі:
– Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў (ЗБС);
– Беларускі Нацыянальны Моладзевы Савет “РАДА”;
– Моладзевы Блок;
– Маладая Грамада;
– Ліхтар.
У Беларусі выпускнікі_цы, якія навучаліся за кошт дзяржаўнага бюджэту, абавязаныя адпрацаваць па размеркаванні ад аднаго да двух гадоў. Для тых, хто атрымаў адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, тэрмін абавязковай працы можа складаць да пяці гадоў.
Афіцыйна дзяржава прадстаўляе размеркаванне як форму сацыяльнай падтрымкі маладых спецыяліста_акў і спосаб забяспечыць кадрамі эканоміку і сацыяльную сферу. Аднак на практыцы выпускнікі_цы маюць вельмі абмежаваныя магчымасці выбіраць месца і ўмовы працы.
Адмова ад размеркавання можа прывесці да патрабавання кампенсаваць дзяржаве кошт навучання. Пры гэтым парадак разліку такой кампенсацыі застаецца непразрыстым, а сума можа значна перавышаць кошт платнай адукацыі.
Выпускнік_ца фактычна пастаўлены перад выбарам: працаваць там, куды іх накіравалі, або выплаціць значную суму, памер якой немагчыма дакладна даведацца загадзя.
Калі запазычанасць не пагашаная добраахвотна, справа можа быць перададзеная ў суд. З выпускніка_цы могуць утрымліваць да паловы заробку, арыштаваць маёмасць або банкаўскія рахункі. Сярод дадатковых абмежаванняў могуць прымяняцца забарона на выезд з краіны, пазбаўленне права кіравання аўтамабілем і іншыя меры прымусовага выканання.

Размеркаванне як форма прымусовай працы
Аўтары_кі аналізу адзначаюць, што існуючая сістэма можа супярэчыць не толькі Канстытуцыі і Працоўнаму кодэксу Беларусі, але і міжнародным абавязацельствам краіны.
Канвенцыя Міжнароднай арганізацыі працы № 29 вызначае прымусовую працу як працу, якая выконваецца пад пагрозай пакарання і без добраахвотнай згоды чалавека. Беларусь ратыфікавала гэтую Канвенцыю, а таксама Канвенцыю МАП № 105 аб скасаванні прымусовай працы.
У выпадку беларускага размеркавання такой пагрозай пакарання выступаюць фінансавыя санкцыі і наступныя меры прымусовага спагнання. Пры гэтым магчымасць самастойна выбраць наймальніка_цу, змяніць месца працы або спыніць працоўны дагавор застаецца вельмі абмежаванай.
Сітуацыя становіцца яшчэ больш жорсткай. У апошнія гады ўлады паслядоўна пашыраюць сістэму размеркавання, скарачаюць магчымасці навучання без наступнай адпрацоўкі і ўзмацняюць кантроль за маладымі спецыялістамі_камі.
Кантроль замест матывацыі
Размеркаванне не вырашае фундаментальных праблем рынку працы. Яно дазваляе дзяржаўным установам і прадпрыемствам атрымліваць работнікаў_ц без неабходнасці прапаноўваць канкурэнтны заробак, годныя ўмовы працы і магчымасці прафесійнага развіцця.
Асабліва востра гэта праяўляецца ў адукацыі, ахове здароўя, сацыяльнай сферы і сельскай мясцовасці. Маладыя спецыялісты_кі нярэдка сутыкаюцца з нізкай аплатай, адсутнасцю прыдатнага жылля, слабой інфраструктурай і сацыяльнай ізаляцыяй.
Пасля заканчэння абавязковага тэрміну многія пакідаюць першае месца працы або ўвогуле сыходзяць з прафесіі. Такім чынам, размеркаванне забяспечвае толькі часовую прысутнасць работнікаў_ц, але не стварае ўмоў для іх доўгатэрміновага замацавання.
Адсутнасць незалежных студэнцкіх і прафесійных саюзаў дадаткова пазбаўляе маладых людзей магчымасці калектыўна абараняць свае інтарэсы і ўплываць на ўмовы размеркавання.

Эканамічныя страты
Штогод абавязковаму размеркаванню падлягае больш за палову выпускнікоў_ц беларускіх устаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі. У 2024 годзе гэта былі 55,8 тысячы чалавек.
Большасць выпускнікоў_ц накіроўваюць у дзяржаўны сектар, які ў сярэднім саступае прыватнаму паводле прадукцыйнасці працы. У выніку размеркаванне штучна падтрымлівае кадрава непрывабныя і нізкапрадукцыйныя арганізацыі, што змяншае іх стымул паляпшаць умовы працы і праводзіць мадэрнізацыю.
Паводле ацэнкі аўтараў_к аналізу, існуючая сістэма можа штогод каштаваць беларускай эканоміцы прыкладна 1,2 мільярда рублёў, або 0,42% ВУП. Дадатковыя выдаткі дзяржаўнага бюджэту на адміністраванне размеркавання, сацыяльныя выплаты і судовае спагнанне кампенсацый ацэньваюцца ў 35–40 мільёнаў рублёў на год.
Акрамя таго, абавязковая адпрацоўка становіцца адным з фактараў адукацыйнай эміграцыі. Частка маладых беларусаў_к аддае перавагу навучанню за мяжой, каб пазбегнуць залежнасці ад сістэмы размеркавання.

Што неабходна змяніць?
Аўтары_кі аналізу прапануюць паступова адмовіцца ад прымусовага характару размеркавання і замяніць яго сістэмай добраахвотных стымулаў.
Сярод прапанаваных мер:
- Зрабіць разлік кошту навучання і кампенсацыі цалкам празрыстым.
- Дазволіць выпускнікам_цам самастойна выбіраць наймальніка_цу і ў спрошчаным парадку змяняць месца працы.
- Стварыць незалежны механізм абскарджвання рашэнняў камісій па размеркаванні.
- Улічваць стан здароўя, сямейныя абставіны, наяўнасць жылля і ўзровень заробку выпускні_ц.
- Прадаставіць магчымасць растэрміноўкі або частковага спісання кампенсацыі.
- Публікаваць даныя пра тое, колькі выпускнікоў_ц застаюцца на першым месцы працы праз адзін, тры і пяць гадоў.
- Прыцягваць незалежных прадстаўнікоў_ц студэнцкіх арганізацый да працы камісій па размеркаванні.
Абавязковае размеркаванне не павінна выкарыстоўвацца як спосаб забяспечыць дзяржаўныя арганізацыі таннай і залежнай працоўнай сілай. Кадравы дэфіцыт неабходна пераадольваць годнай аплатай, бяспечнымі ўмовамі працы, жыллём і перспектывамі прафесійнага росту, а не пагрозай фінансавага пакарання.
Азнаёміцца з поўным даследаваннем «Аналіз сістэмы абавязковага размеркавання ў Беларусі і перспектывы яе рэфармавання» можна ніжэй:
Тэкст падрыхтаваны на аснове матэрыялу асацыяцыі “Салідарнасць”.
