Transformation Lab
Як адбываюцца змены пасля аўтарытарызму, і як можа выглядаць шлях Беларусі да дэмакратызацыі?
Што адбываецца з дзяржавай, эканомікай і грамадствам пасля аслаблення або падзення аўтарытарнага рэжыму? Як будаваць новыя інстытуты, прымаць складаныя рашэнні і ўлічваць інтарэсы розных груп? Што дапамагае дэмакратызацыі замацавацца, і што можа прывесці да аўтарытарнага адкату?
Transformation Lab — адукацыйная праграма для маладых беларус_ак, якія хочуць зразумець, як адбываюцца постаўтарытарныя трансфармацыі і як пракласці шлях да дэмакратызацыі палітычнай сістэмы краіны.
Праграма дапамагае разабрацца ў палітычных, эканамічных і грамадскіх зменах, якія суправаджаюць трансфармацыю, а таксама ў выкліках, з якімі можа сутыкнуцца будучая Беларусь.
Гэта не курс па агульным грамадзянскім актывізме і не школа абстрактнага лідарства. Transformation Lab — пра веды, інструменты і практычны досвед, якія дапамогуць лепш разумець працэсы трансфармацыі і магчымыя сцэнары будучыні Беларусі.
Праект рэалізуецца Задзіночаннем Беларускіх Студэнтаў (ЗБС), Беларускім нацыянальным моладзевым саветам «РАДА», Акадэмічнай сеткай Усходняй Еўропы (Akademisches Netzwerk Osteuropa, akno e.V.) і асацыяцыяй «Салідарнасць» пры падтрымцы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі.
Для каго гэтая праграма?
Мы запрашаем маладых беларусаў і беларусак ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў.
Праграма ў першую чаргу разлічаная на тых, хто зараз жыве ў эміграцыі ў краінах Еўразвязу. Досвед грамадзянскай, студэнцкай, грамадскай або палітычнай актыўнасці будзе перавагай, але не з’яўляецца абавязковым. Найважнейшым будзе цікавасць да будучыні Беларусі, гатоўнасць вучыцца, аналізаваць і прайсці праграму цалкам! Працоўнымі мовамі праграмы з’яўляюцца беларуская і руская.
Што вас чакае?
Праграма складаецца з трох узаемазвязаных этапаў, і кожны з іх дае іншы спосаб позірку на трансфармацыю!
1. Study Visit — 22.09.2026–27.09.2026
Пяць дзён разам з іншымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі праграмы.
Падчас Study Visit вы сустрэнецеся з экспертамі і эксперткамі, даследчыкамі і даследчыцамі, прадстаўнікамі і прадстаўніцамі грамадзянскай супольнасці, а таксама людзьмі, якія самі прайшлі праз грамадскія і палітычныя трансфармацыі на шляху да дэмакратыі.
Гэта магчымасць не проста слухаць пра трансфармацыі, а размаўляць з людзьмі, якія маюць уласны досвед гэтых працэсаў, задаваць пытанні і абмяркоўваць тое, што адбывалася і чаму.
Мы звернемся да досведу розных краін, у першую чаргу Польшчы і Германіі, каб паглядзець, як адбываліся дэмакратычныя і постаўтарытарныя трансфармацыі, якія рашэнні прымаліся, з якімі праблемамі сутыкаліся грамадства і дзяржава і якія наступствы гэтыя рашэнні мелі.
Study Visit — гэта першы крок да разумення ўсёй карціны трансфармацыі.
2. Анлайн-праграма — кастрычнік 2026
Пасля Study Visit удзельнікі і ўдзельніцы працягнуць навучанне анлайн. На працягу пяці тыдняў вы атрымаеце доступ да анлайн-курса і агульнага чата, дзе можна будзе абмяркоўваць матэрыялы, задаваць пытанні і дыскутаваць разам з іншымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі пры падтрымцы ментараў і ментарак праграмы.
Кожны тыдзень будзе прысвечаны асобнай тэме, а на навучанне спатрэбіцца каля 2 гадзін на тыдзень.
Аднак галоўнае ў гэтым курсе — гэта не проста атрымаць больш інфармацыі пра палітычныя, эканамічныя і грамадскія працэсы. Удзельнікі і ўдзельніцы будуць даследаваць, як узнікае і змяняецца «акно магчымасцяў» для палітычнай трансфармацыі.
Курс пабудаваны як своеасаблівы шлях агента або агенткі пераменаў. Уявіце, што ў пэўны момант у краіны з’яўляецца магчымасць для зменаў. Што рабіць у гэты момант? Як зразумець, ці сапраўды акно магчымасцяў адкрылася? Як ператварыць грамадскую мабілізацыю ў рэальны рэсурс для перамоваў? З кім і пра што дамаўляцца? Як прымаць рашэнні, калі наступствы рэформаў закранаюць розныя групы па-рознаму? І што рабіць пасля першых зменаў, каб яны замацаваліся і не прывялі да аўтарытарнага адкату?
Гэтая сітуацыя не мае аднаго загадзя вызначанага сцэнару: «акно магчымасцяў» можа пашырацца, заставацца прыадчыненым або зноў закрывацца. На гэта ўплывае сукупнасць фактараў: палітычная сітуацыя, эканамічны кантэкст, узровень грамадскай падтрымкі, здольнасць розных груп дасягнуць дамоўленасцяў, якасць інстытутаў і рашэнні, якія прымаюцца ў крытычныя моманты.
Падчас курса ўдзельнікі і ўдзельніцы будуць аналізаваць, якія фактары спрыяюць адкрыццю або закрыццю гэтага «акна», якія інструменты дапамагаюць выкарыстоўваць магчымасці для дэмакратычных зменаў і якія рызыкі могуць прывесці да аўтарытарнага адкату.
Курс будзе складацца з пяці модуляў:
- Акно магчымасцяў
Пытанне актара_кі: момант настаў ці мне здаецца? - За сталом
Пытанне актара_кі: з кім я вяду перамовы і чаго трэба дасягнуць? - Устаноўчы перыяд: размеркаванне выдаткаў і актываў
Пытанне актара_кі: хто нясе выдаткі рэформаў і хто атрымлівае актывы? - Даліна пераходу
Пытанне актара_кі: рэспубліка адчуваецца як свая? - Кансалідацыя або адкат
Пытанне актара_кі: рэспубліка перажыве пяць гадоў?
Гэта не проста курс з лекцыямі. Кожны модуль прапануе інструменты для аналізу і дзеяння: праца з рэальнымі і магчымымі сцэнарамі, практычныя заданні, абмеркаванні і рэфлексію над тым, якія рашэнні могуць прывесці да розных вынікаў.
Такім чынам, анлайн-курс стане для ўдзельнікаў і ўдзельніц своеасаблівым handbook агент_кі пераменаў — наборам ведаў, пытанняў і інструментаў, якія дапамогуць аналізаваць магчымасці для трансфармацыі, прымаць рашэнні ў крытычныя моманты і разумець, як асобныя рашэнні ўплываюць на далейшую траекторыю краіны. Да гэтага handbook можна будзе вяртацца і пасля заканчэння праграмы.
3. LARP Transformation Lab — 08.11.2026–11.11.2026
Фінальны этап праграмы — трохдзённая ролевая сімуляцыя палітычнай трансфармацыі.
Тут усё, пра што вы даведаліся падчас Study Visit і анлайн-курса, можна будзе паспрабаваць прымяніць на практыцы.
Удзельнікі і ўдзельніцы атрымаюць розныя ролі палітычных і грамадскіх актараў і актарак з рознымі інтарэсамі, магчымасцямі і рэсурсамі.
Вам давядзецца весці перамовы, ствараць кааліцыі, шукаць кампрамісы, прымаць інстытуцыйныя рашэнні, рэагаваць на крызісы, улічваць наступствы сваіх рашэнняў.
LARP пакажа, што палітычная трансфармацыя гэта не лінейны працэс, дзе існуе адно правільнае рашэнне. Розныя групы маюць розныя інтарэсы, магчымасці і ўяўленні пра будучыню, а кожнае прынятае рашэнне можа мець нечаканыя наступствы.
Тут тэорыя ператвараецца ў практыку.
Што вы атрымаеце?
Удзел у Transformation Lab дапаможа вам:
- лепш разумець, як адбываюцца постаўтарытарныя трансфармацыі;
- пазнаёміцца з досведам іншых краін і параўнаць розныя шляхі дэмакратызацыі;
- разабрацца ў палітычных, эканамічных і грамадскіх аспектах трансфармацыі;
- атрымаць практычныя інструменты для аналізу і прыняцця рашэнняў;
- развіць навыкі перамоваў і пошуку кампрамісаў;
- абмеркаваць складаныя пытанні з экспертамі, ментарамі і іншымі маладымі беларусамі і беларускамі;
- паспрабаваць прымяніць атрыманыя веды ў сімуляцыі палітычнай трансфармацыі.
І, вядома, пазнаёміцца з людзьмі, якія таксама думаюць пра будучыню Беларусі і хочуць быць да яе гатовымі.
Удзел у праграме бясплатны! Мы покрываем праезд, пражыванне, харчаванне, удзел ва ўсіх адукацыйных элементах праграмы.
Праект рэалізуецца на тэрыторыі Польшчы з верасня па лістапад 2026 года.
Важна: удзел ва ўсіх трох этапах праграмы абавязковы!
Дэдлайн падачы заявак: 5 верасня 2026 года ўключна. Запоўніць рэгістрацыйную форму можна па спасылцы.
Падавайся! Мы чакаем менавіта цябе!
