Заява БНМС «РАДА» ў сувязі з рэпрэсіямі супраць ЛГБТК+ супольнасці і праваабаронцаў у Турцыі

Заява БНМС «РАДА» ў сувязі з рэпрэсіямі супраць ЛГБТК+ супольнасці і праваабаронцаў у Турцыі

13-14 верасня 2026 года ў Турцыі прайшла маштабная паліцэйская аперацыя пад назвай «Мая сям’я ў бяспецы». Паводле звестак Камісара Савета Еўропы па правах чалавека Майкла О’Флаэрці, пад яе трапілі 162 чалавекі, дзевяць асацыяцый і 13 арганізацый і ўстаноў у 15 правінцыях. Дзясяткі актывіст_ак затрыманыя, ператрусы прайшлі ў офісах, барах і прыватных кватэрах, заблакаваны сайты і сацыяльныя сеткі ключавых ЛГБТК+ арганізацый краіны – сярод іх Kaos GL, SPoD, Pink Life, Lambda Istanbul, ÜniKuir, 17 Mayıs, Genç LGBTİ+ і Muamma LGBTİ+. Асобным кірункам расследвання стала праверка крыніц фінансавання гэтых арганізацый.

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» падкрэслівае:

  • абарона роўнасці і недыскрымінацыі ахоўваецца артыкуламі 10 і 11 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, а выбарачнае прымяненне закона да адной групы парушае артыкул 14. Еўрапейскі суд па правах чалавека паслядоўна ўстанаўліваў, што спасылкі на «сямейныя каштоўнасці» ці «абарону дзяцей» не могуць апраўдваць абмежаванне правоў чалавека.
  • Абмежаванне доступу адвакат_ак да матэрыялаў справы і патрабаванне наймаць асобных абаронцау без індывідуалізаваных доказаў канфлікту інтарэсаў робяць эфектыўную абарону немагчымай і парушаюць артыкул 6 Канвенцыі.
  • Дэкларацыя ААН аб праваабаронцах 1998 года абавязвае дзяржавы забяспечваць бяспечныя ўмовы для праваабарончай дзейнасці, у тым ліку права шукаць і атрымліваць рэсурсы. Праверка фінансавання не можа быць прычынай спынення працы арганізацый.

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» заклікае:

  • улады Турцыі – неадкладна і безумоўна вызваліць усіх затрыманых у сувязі з праваабарончай і грамадскай дзейнасцю, зняць з іх абвінавачанні, спыніць аперацыю «Мая сям’я ў бяспецы» і разблакаваць сайты і акаунты ЛГБТК+ арганізацый;
  • улады Турцыі – правесці незалежнае расследаванне абставін паліцэйскай аперацыі і прыцягнуць да адказнасці перад законам усіх службовых асоб, датычных да парушэння правоў затрыманых і кампенсаваць ахвярам паліцэйскай аперацыі нанесеную шкоду;
  • Савет Еўропы, Еўрапейскі саюз, спецыяльныя працэдуры ААН і дыпламатычныя місіі ў Анкары – падтрымаць ахвяраў паліцэйскай аперацыі і забяспечыць як назіранне за судовымі паседжаннямі, так і прамы кантакт з затрыманымі і іх адвакат_камі;
  • партнёрскія арганізацыі і моладзевую супольнасць  – падтрымаць турэцкія ЛГБТК+ арганізацыі публічна, юрыдычна і фінансава.

Правы і годнасць усіх людзей павінны абараняцца – без выключэнняў!