Як прайшла сустрэча “РАДА” і НМРУ?
На мінулым тыдні ў Літве прайшла доўгачаканая сустрэча “РАДА” з Нацыянальнай моладзевай радай Украіны (НМРУ)! Дзелімся ўражаннямі і супольнымі планамі ўжо на бліжэйшую будучыню.
Сустрэча стварыла прастору для адкрытага і вельмі асабістага абмену рэаліямі нашай працы: каб нашы ўкраінскія калегі_жанкі лепш зразумелі, што значыць для беларускіх моладзевых арганізацый працягваць сваю працу з выгнання, і каб мы маглі пачуць рэаліі, з якімі ўкраінскія моладзевыя арганізацыі працягваюць сутыкацца падчас вайны. Абодвум саветам удалося ператварыць сустрэчу ў сапраўды стратэгічную размову.
Юлія Ралко, міжнародная сакратарка “РАДА”:
На фоне вайны Расіі супраць Украіны і працяглых рэпрэсій у Беларусі, дзе незалежныя моладзевыя і грамадзянскія арганізацыі вымушаны дзейнічаць у падполлі або з выгнання, супрацоўніцтва паміж беларускімі і ўкраінскімі моладзевымі арганізацыямі не можа абмяжоўвацца нерэгулярнай кароткай камунікацыяй. Для нас гэтая сустрэча стала не кропкай, а пачаткам больш сістэматычнага партнёрства паміж нашымі двума саветамі.
Пра што гаварылі?
Удзельні_цы сустрэчы пазнаёміліся з метадалогіямі пабудовы дыялогу, працы з канфліктамі; але самае галоўнае – працавалі над супольнымі ідэямі і планамі іх ажыцяўлення ўжо ў бліжэйшай будучыні – у 2027 годзе.
Зміцер Герыловіч, полісі сакратар “РАДА”:
Спіс ідэй яшчэ будзе дапрацоўвацца, але там разнастайныя планы ў інфармацыйнай сферы: ад падкастаў да адукацыі для маладых людзей, а таксама база ведаў. Таксама думалі, як падвысіць супрацу і паразуменне паміж арганізацыямі з нашых нацыянальных моладзевых саветаў, пра захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, разбурэнне стэрэатыпаў і аднаўленне супрацы паміж моладдзю Беларусі і Украіны.
Наш досвед розны, але мы знайшлі моцнае паразуменне, што значыць працягваць адстойваць свае каштоўнасці, свабоду і будучыню нашых краін, нягледзячы на рэальную цану, якую можа несці наша дзейнасць. Гэта дае нашаму супрацоўніцтву значна больш трывалую аснову, чым проста інстытуцыянальнае партнёрства.
Уладзь Арэшчанка, сябра Савета “РАДА”, прадстаўнік Маладой Грамады:
Гэта была першая настолькі глыбокая інтэракцыя двух бардоў за апошнія некалькі год. Апроч іншага, мы шмат працавалі над бэкграундам і кантэкстам з двух бакоў, як мы бачым праблемы маладых беларус_ак і украін_ак. Агульных праблем апынулася нашмат больш за тое, што можна было сабе ўявіць! Відавочна, гэта пытанні легалізацыі, але таксама магчымасці беларускай моладзі вучыцца ва Украіне, паступаць ва ўніверсітэты, пытанні мабільнасці.
З абодвух бакоў ёсць жаданне зрабіць супрацоўніцтва паслядоўным і доўгатэрміновым. Зараз мы рыхтуем Мемарандум аб супрацоўніцтве “РАДА” і НМРУ, які фармалізуе гэтае абавязацельства і забяспечыць аснову для нашай сумеснай працы.

Аляксандра Дойніч, старшынька Савета “РАДА”:
Гэта сустрэча сталася сапраўды важным крокам у развіцці беларуска-украінскіх моладзевых стасункаў. Менавіта такі афлайн, дзе мы маглі б прысвяціць належны час абмеркаванню нашых кантэкстаў працы, выклікаў і спосабаў пераадольвання іх, дазволіў нам знайсці агульную мову і стварыць супольныя планы. Мы шчыра ўдзячныя НМРУ за адкрытасць і гатовасць да супрацы.
Але сустрэча таксама выйшла за рамкі фармальнага парадку дня. У адзін з вечаркоў атрымалася зладзіць невялікую сустрэчу НМРУ з некалькімі сяброўскімі арганізацыямі і ініцытывамі “РАДА”.
Сваім меркаваннем па выніках падзялілася ініцыятыва “Гэта база”:
Сустрэча прайшла класна! Пабалталі, пазнаёміліся, абмяняліся кантактамі і ўжо нават спісаліся ды плануем сазвон, каб паглядзець, як мы можам супрацоўнічаць. Адбыўся важны чалавечы канэкт, мажлівасць пабачыць рэальных жывых людзей і пабыць разам. Было вельмі крута і важна пабачыць асоб, якія столькі робяць нават ва ўмовах вайны, пастаянных абстрэлаў, вайсковага стану і крызісаў. Нам важна запрашаць гэтых людзей на свае праграмы, каб бачыць іх прызму і досвед, узаемадапамагаць. Ну а нас запрасілі ў Львоў і Кіеў:) Вельмі цешыць, што супраца моладзі Беларусі і Украіны мае патэнцыял на пашырэнне.
Чакайце неўзабаве супольных апдэйтаў ад “РАДА” і НМРУ.
