«Я адчуваю сябе не італьянцам, а еўрапейцам»

«Я адчуваю сябе не італьянцам, а еўрапейцам»

Пра Лоло і моладзевую працу

Раскажы крыху пра сябе — тваю асобу і тое, чым ты займаешся.

— Мае поўнае імя — Ларэнца, але ўсе завуць мяне Лоло. Мне 29, амаль 30, і цяпер я моладзевы працаўнік. Ужо некалькі гадоў жыву ў Германіі, зараз — у Кёльне. А вырас я ў Італіі, калі можна так сказаць, увогуле рос па ўсёй Паўднёвай Еўропе: жыў у Францыі, Іспаніі, Партугаліі. У Кёльн пераехаў гадоў чатыры-пяць таму, каб вучыцца на паліталогіі, і менавіта там я цяпер займаюся большасцю сваёй моладзевай працы.

З інстаграма Piano Piano

У мяне ёсць маленькая НДА Piano Piano e.V. — раней гэта была нефармальная група. Мы рэалізуем лакальныя актыўнасці і міжнародныя таксама, пераважна ў рамках Erasmus+: моладзевыя абмены, трэнінгавыя курсы. Толькі што закончылі праект у Цюрынгіі, у Германіі. Асноўнай тэмай там была еўрапейская ідэнтычнасць, але мы шмат працуем і над грамадзянскай актыўнасцю, устойлівасцю, прыгнётам і прывілеямі — гэта ідзе з майго бэкграўнда ў палітычнай навуцы. А яшчэ мы вельмі любім тэатр. Наш апошні праект быў сумессю кулінарыі і тэатра.

Для Лоло моладзевая праца значыць нешта накшталт школы, але без жорсткай сістэмы.

Як бы ты апісаў свае адносіны да Італіі сёння — у параўнанні з тым, калі ты быў там падлеткам?

— У дзяцінстве мне падабалася расці ў Італіі, але я адчуваў сябе крыху ў скрынцы. Не па прычыне самой краіны — проста таму, што так адчуваецца сталенне дзе заўгодна. Цяпер я магу крыху больш яе рамантызаваць, глядзець на яе з іншай пэрспектывы і бачыць добрае і самае прыемнае ў ёй у параўнанні з іншымі краінамі.

Пра Італію, гісторыю супраціву і Reflect to Connect

Reflect to Connect 2026 адбыўся менавіта ў Італіі — краіне з уласнай гісторыяй супраціву, а трэніруе групы па медыяграматнасці і крытычным мысленні там менавіта Лоло. 

Reflect to Connect збірае разам моладзь з Беларусі і Германіі вакол тэмы супраціву і грамадзянскай дзеі. Што італьянскі кантэкст дае такой праграме?

— Мне здаецца, Італія — вельмі цікавае месца для такой тэмы, таму што гэта краіна, поўная гісторыі супраціву — тое, што адбылося падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе, — але таксама краіна, поўная паўпраўды. У параўнанні з тою ж Германіяй, на маю асабістую думку, італьянцы так і не прапрацавалі некаторыя праблемы. У нас пра сябе ёсць ўяўленне, як пра жывёлу, якая хавае галаву ў пясок. Таму гэта цікава: з аднаго боку, шмат гонару і станоўчых гісторый поспеху, калі гаворка пра супраціў, а з другога — шмат удавання, што нічога не было. Было прыемна бачыць, як абодва гэтыя пласты выходзяць на паверхню, асабліва побач з людзьмі з Германіі і Беларусі.

«Шмат гонару і станоўчых гісторый поспеху, калі гаворка пра супраціў, — але таксама шмат удавання, што нічога не было»

Што ў тваім выхаванні ў Італіі і дагэтуль уплывае на тое, як ты сябе адчуваеш у прасторы, дзе шмат моладзі з вельмі розным бэкграўндам?

— Думаю, першае, што людзі заўважаюць пры знаёмстве са мной, — гэта што ў мяне ў горле нібы ўбудаваны мікрафон. Я гучны, і я не баюся паказваць свае эмоцыі — быць шчаслівым на людзях, быць сумным, быць раздражнёным. Мне здаецца, гэта характарызуе шмат каго з італьянцаў у італьянскім кантэксце.

«Мясцовыя самі гэтага прасілі»: ад валанцёрства да супольнаснага арганізатарства

Лоло пачынаў як валанцёр ESC, а скончыў тым, што сам трэніруе іншых моладзевых працаўнікоў і працаўніц. 

Што змянілася ў тым, як ты бачыш супольнасць паміж роляй валанцёра і роляй трэнера?

— Гэта быў прыемны рух. Як валанцёр, я быў у невялікім горадзе ў Партугаліі, у нечым падобным да таго кантэксту, дзе я вырас. Было цікава быць знешнім чалавекам, які спрабуе інтэгравацца і падтрымаць супольнасць. Пасля таго досведу я, па сутнасці, стаў супольнасным арганізатарам — мы ладзім актыўнасці, ствараем групы, ставім канкрэтныя мэты. Таму цікава, што раней я адчуваў сябе моцна ўпаўнаважаным проста быць часткай супольнасці, а цяпер адчуваю, што магу яе накіроўваць. У мяне ёсць агенцыя ў тым, які напрамак задаваць, як фарміраваць уласную супольнасць.

Адзін момант з таго валанцёрскага перыяду застаўся з ім:

— Мы арганізавалі вялікую квір-падзею ў рамках гарадскога фестывалю, у горадзе, які не быў ні асабліва кансерватыўным, ні асабліва прагрэсіўным. Івэнт вельмі добра прынялі — было відавочна, што такая падзея патрэбная гэтай прасторы. Але было таксама цікава, што мы, як знешнія валанцёры_кі, адчувалі сябе больш свабоднымі, каб падсвяціць тэму квірнасці, чым, магчыма, мясцовыя жыхары. Мясцовыя самі гэтага прасілі, але свабоднымі дастаткова, каб гэта рэальна зрабіць, аказаліся менавіта мы.

«Мясцовыя самі гэтага прасілі, але свабоднымі дастаткова, каб гэта зрабіць, аказаліся менавіта мы»

«Гэта сцэна, якая ствараецца сумесна»: пра імправізацыю, моладзевую працу і Беларусь

Імправізацыйны тэатр і моладзевая праца здаюцца рознымі светамі — што ў іх насамрэч агульнага?

— Для мяне гэта вельмі відавочна. У імправізацыі ёсць толькі адно правіла: «так». Калі нехта кажа, што нешта адбываецца, — сцэнара няма, усе проста прымаюць гэта і будуюць гісторыю далей. У моладзевай працы мы выкарыстоўваем падобны нефармальны падыход: ствараем рамку, але не задаём адну агульную для ўсіх навучальную мэту. Часам менавіта моладзь просіць пэўны напрамак, і мы, як моладзевыя працаўнікі_цы, кажам — так, канешне, пойдзем туды. Таму гэта вельмі падобна: гэта сцэна, якая ствараецца сумесна. Як моладзевы працаўнік, я задаю атмасферу, вызначаю месца, маю агенцыю — але сам працэс часта накіроўваецца сумесна.

З інстаграма Piano piano

Лоло шмат працуе з моладдзю з Беларусі, Грузіі і Украіны. 

Ці змяніла знаёмства з людзьмі, звязанымі з Беларуссю і іншымі краінамі, тваё бачанне ўстойлівасці ці супольнасці пад ціскам?

— Дакладна так. Я звык працаваць у пэўным асяроддзі, з пэўнымі выклікамі, якія маюць тэндэнцыю паўтарацца. Памятаю, як працаваў над гэтым праектам з калегай Наомі — мы вырашалі лагістыку, які рэстаран, які парк, — і адной з першых рэчаў, якую мне сказалі, было тое, што двое ўдзельнікаў_ніц не змогуць далучыцца, бо іх затрымаў КДБ. Гэта было тое, пра што я толькі чуў у гісторыях, бачыў у фільмах. Гэта быў халодны душ рэальнасці — займацца моладзевай працай з групамі, якія прыходзяць з такіх канкрэтных рэальнасцяў. Таксама шмат працуем з людзьмі з Грузіі і Украіны. Заўсёды цікава: размова ідзе ў адным напрамку, а потым раптам разумееш, наколькі шмат таго, што ты прымаеш як дадзенае, для іншых проста не існуе.

«Гэта было тое, пра што я толькі чуў у гісторыях, бачыў у фільмах. А потым — халодны душ рэальнасці»

«Мой маленькі карабель піратаў»: пра дом, супольнасць і жыццё паміж краінамі

Які праект цалкам змяніў тваё ўяўленне пра тое, што насамрэч можа рабіць моладзевая праца?

— Вазьму апошні, які мы рабілі, — спалучэнне тэатра і кулінарыі. Вельмі амбіцыйны, вельмі інавацыйны, я ніколі раней не чуў пра нешта падобнае. Ён з’явіўся проста таму, што ў нашай маленькай НДА ёсць людзі, вельмі моцныя ў тэатры, і вельмі моцныя ў кулінарыі, — таму мы падумалі: а зробім перфарматыўную кулінарыю. Гэта змяніла маё ўяўленне пра тое, на што здольна моладзевая праца, бо аказалася: мы можам быць надзвычай эксперыментальнымі. Моладзевая праца і нефармальная адукацыя ўвогуле — гэта тэрыторыя, якая яшчэ вельмі мала даследаваная. Цяпер я думаю, што спалучыць далей — можа, акра-ёгу і палітыку. Зараз мы якраз пішам праект пра нацыяналізм і танец.

Ці ёсць месца ў Еўропе па-за Італіяй, якое пачало адчувацца як другі дом?

— Я італьянец на паперы, і людзі заўсёды кажуць, што я італьянец праз маё імя, акцэнт, тое, як я выглядаю. Але я не адчуваю сябе італьянцам — я адчуваю сябе еўрапейцам. Я вырас паўсюль: Нідэрланды, Іспанія, Францыя. Здаецца, палову жыцця я пражыў па-за Італіяй, у іншых еўрапейскіх краінах, і я адчуваю сябе дома ва ўсім гэтым. Я адчуваў сябе дома на літоўскай мяжы, адчуваў сябе дома ў Партугаліі. Я не адчуваю там ніякай мяжы, нават культурнай — хаця гэта вялікая тэма, якую мы шмат абмяркоўваем у міжкультурнай працы. Я адчуваю сябе дома і ў Кёльне, дзе я зараз, але таксама адчуваў паўсюль, дзе жыў у Еўропе.

З інстаграма Piano piano

Ці акей для цябе пераязджаць паміж такой колькасцю супольнасцяў і праектаў замест таго, каб заставацца ў адной арганізацыі?

— Спачатку мне трэба было перабалансаваць свае эмоцыі. Адбываецца вельмі шмат — гэтыя праекты, гэтыя моманты вельмі інтэнсіўныя і даволі кароткія, хаця часам паўтараюцца: я езджу ў Партугалію кожны год на два-тры-чатыры тыдні, каб нешта рэалізаваць, а потым з’язджаю. Спачатку гэта збівала з панталыку, нібы гэта мусіла быць ці А, ці Б — ці я ў Кёльне, ці зноў у Італіі, ці ў Партугаліі. Цяпер я разумею, што гэта не такое ўжо складанае пытанне. Я магу развіваць супольнасці на розных хуткасцях, у розны час, і быць часткай усіх іх адразу — проста мая роля змяняецца. У Італіі ці Партугаліі я частка чужых супольнасцей і падтрымліваю іх; у Германіі я вяду ўласную. Цікава трымаць гэтыя розныя адказнасці. Але эмацыйна — так, гэта складана.

Ці быў момант, калі супольнасць дала табе нешта такое, сваю патрэбу ў чым ты нават не ведаў?

— Абсалютна. Мой самы першы досвед перамяшчэння быў «workaway» — не валанцёрская работа, проста праца — у хостэле ў Францыі, разам яшчэ з дзесяткам такіх жа маладых людзей, як я. Хаця гэта не была ні дабрачыннасць, ні валанцёрства, быць часткай супольнасці з уласнымі ўнутранымі правіламі, уласнай унутранай мовай, што складалі людзі з усёй Еўропы, — гэта мне адгукнулася. Гэта быў момант, калі я зразумеў: вось што мне трэба. Piano Piano сёння — гэта, па сутнасці, рэалізацыя той маленькай мары. Цяпер у мяне ёсць мой маленькі карабель піратаў_ак — людзі з усёй Еўропы, з рознымі марамі і мэтамі, але ў глыбіні мы аднолькавыя.

«Цяпер у мяне ёсць мой маленькі карабель піратаў_ак — людзі з усёй Еўропы, з рознымі марамі і мэтамі, але ў глыбіні мы аднолькавыя»

«Ён лічыць сваім домам свой горад. Я лічу сваім домам усю Еўропу»: пра настаўнікаў і аддачу

Раскажы пра адну канкрэтную асобу ці групу, якая змяніла тваё стаўленне да таго, як «аддаваць назад».

— Ёсць мой стары бос з першай арганізацыі, дзе я праходзіў ESC. У яго была гісторыя падобная да маёй: ён таксама вырас у маленькім горадзе, шмат падарожнічаў, а потым вырашыў, што калі сапраўды хоча ўплываць на нешта, яму трэба вярнуцца туды, дзе ён вырас, бо гэта месца, якое ён ведае. Гэта доўга мела для мяне вялікі сэнс, пакуль я не зразумеў, што мы вельмі розныя: ён лічыць сваім домам свой горад, а я лічу сваім домам усю Еўропу. Убачыўшы гэтую розніцу паміж намі — гэтае старэйшае пакаленне моладзевых працаўнікоў_ц і тое, як яны ставяцца да сваёй супольнасці, — я пачаў крытычна думаць, чаму яго мадэль не напаўняе мяне так, як яго. Калі б я вярнуўся ў свой родны горад і ўклаў туды ўсе намаганні, я ўпэўнены, што не быў бы такім задаволеным, як цяпер, — нават калі б гэта было больш уплывова.

«Ён лічыць сваім домам свой горад.
Я лічу сваім домам усю Еўропу»

Reflect to Connect часткова пабудаваны вакол ідэі «аддаваць назад» у супольнасць. Што табе цяжэй за ўсё аддаваць назад, нават калі ты хочаш гэта зрабіць?

— Самым складаным для мяне менавіта ў Reflect to Connect было тое, што гэта адбылося ў маім родным горадзе — упершыню я сапраўды рэалізаваў там праект. Было цяжка прыняць, наколькі гасцінным насамрэч быў мой родны горад. Людзі былі такімі мілымі, такімі добрымі, і спачатку гэта было сапраўды цяжка прыняць, бо ў маёй галаве я заўсёды насіў крыху антаганістычны погляд на гэтае месца — тое падлеткавае «ніхто мяне не разумее», якое было ў мяне, калі я з’язджаў. Вярнуцца амаль як замежнік, ці як мясцовы, які прывозіць замежнікаў, і каб гэтае месца даказала, што я памыляўся, — у гэтым была сапраўдная ўразлівасць.

Калі б маладая асоба з Італіісёння спытаў_ла цябе, навошта вазіцца з супольнаснай працай, што б ты ім ?

— Для мяне гэта амаль эканамічнае пытанне. Што я буду рабіць са сваім жыццём? Я хачу займацца тым, што робіць мяне шчаслівым, — і будаваць супольнасць, дзе я магу быць сабой і працягваць адкрываць новае, дзе людзі вакол мяне таксама дазваляюць мне адкрываць новае, — гэта якраз тое самае. Без супольнасці я не рабіў бы 90 адсоткаў таго, што раблю зараз. Імправізацыя прыйшла праз людзей з маёй супольнасці. Я танцую дзякуючы сваёй супольнасці, займаюся акрабатыкай дзякуючы ёй. Калі б я быў сам па сабе, я быў бы вельмі добры ў сваёй любімай відэагульні, рабіў бы любімы сняданак раніцай — і, бадай, усё.

«Гэта свой спосаб адмаўляцца ад складанасці»: пра ўстойлівыя супольнасці і сустрэчу з Беларуссю

Як насамрэч на практыцы выглядае ўстойлівая супольнасць?

— Устойлівая супольнасць не абавязкова мусіць быць сама па сабе добрай, прагрэсіўнай ці ўмеранай. Ёй проста трэба разумець, што складанасць, шматбаковасць з’яўляецца часткай карціны, калі гаворка ідзе пра пабудову ці арганізацыю супольнасці. Разуменне, што адрозненні існуюць, і яны не мусяць адразаць людзей адзін ад аднаго, — вось што для мяне азначае ўстойлівасць. Нават у Кёльне, дзе ўсе мае сябры_оўкі надзвычай прагрэсіўныя, надзвычай сучасныя, «дэканструяваныя», — у параўнанні з іншымі супольнасцямі, якія я бачыў, яны не заўсёды гатовыя сябраваць з кімсьці крыху больш кансерватыўным ці менш «сучасным». На маю асабістую думку, гэта таксама свой спосаб адмаўляцца ад комплекснасці.

Што б ты хацеў, каб людзі з Беларусі, што сустракаюць цябе ўпершыню, зразумелі пра супольнасць з твайго боку?

— Было сапраўды цікава прымаць беларусаў_ак у Савіліяна, маім родным горадзе. Мне здаецца, італьянцы_кі і беларусы_кі вельмі падобныя. Але для большасці італьянцаў_ак сустрэць чалавека з Беларусі — гэта сапраўды нечакана. Некаторыя людзі больш палітычна дасведчаныя заіншых, канешне, але большасць італьянцаў_ак проста мала пра Беларусь ведаюць. У пэўным сэнсе гэта чысты аркуш — і гэта не заўсёды прыемна, ты не адчуваеш сябе цалкам «пабачаным». Але гэта таксама сапраўдная магчымасць: ты можаш растлумачыць сваю гісторыю і падзяліцца тым, што для цябе важна, і людзі насамрэч будуць слухаць.

Пра разуменне «браць і даваць»

Калі б трэба было падсумаваць у адным сказе, чаму цябе навучыла супольнасць наконт «браць і даваць» — які б сказ гэта быў?

— «Браць і даваць» не аднастайныя — гэта вельмі зменлівы працэс. Часам табе трэба шмат узяць, а часам ты шмат аддаеш назад, і гэта сапраўды залежыць ад часу, ад таго, хто ты, і дзеля чаго. Ёсць супольнасці, дзе я толькі і раблю, што даю, даю, даю, а ёсць іншыя, дзе я толькі бяру.

«”Браць і даваць” не аднастайныя — гэта вельмі зменлівы працэс. Ёсць супольнасці, дзе я толькі даю, даю, даю, а ёсць іншыя, дзе я толькі бяру»