Новая мапа смяротнага пакарання
А вы ведалі, што большасць пакараных смерцю ў Беларусі — маладыя людзі ва ўзросце да 32 гадоў? Беларускі моладзевы нацсавет “РАДА” пры падтрымцы Савета Еўропы стварыў адмысловую мапу Мінска для прыцягнення ўвагі да праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі.
Праект прэзентавалі 12 кастрычніка ў інфармацыйным пункце Савета Еўропы для беларусаў_ак у Вільнюсе. Самі прэзентацыя і дыскусія былі прымеркаваныя да Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, што адзначаюць 10 кастрычніка. Дарэчы, гэты івэнт стаў першым мерапрыемствам у інфапункце СЕ з моманту яго адкрыцця ў траўні 2026 года.
Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне
З 1994 года ў Беларусі да смяротнага пакарання прыгавораны больш за 300 чалавек, сярэдні ўзрост пакараных складае 32 гады. Па дадзеных даступнай статыстыкі, каля паловы пакараных – маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 31 гадоў. У Беларусі смяротнае пакаранне ажыццяўляецца шляхам расстрэлу. Месцы пахавання забітых невядомыя — гэту інфармацыю не выдаюць нават сваякам.
Менавіта таму РАДА разам з кампаніяй “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, пры падтрымцы Савета Еўропы, падрыхтавалі мапу Мінска, на якой пазначаны 17 месц, звязаных са смяротным пакараннем як сёння, так і ў мінулым. Сярод іх ёсць малавядомыя шырокай аўдыторыі: парк Чалюскінцаў, будынак былога гатэлю “Еўропа”, Лошыцкі яр, раён кінатэатра “Аўрора”.
“Мы распавядаем не толькі пра сучасныя падзеі, але і звяртаемся да гісторыі Беларусі. Нам важна дапамагчы маладым людзям зразумець, дзе знаходзяцца карані гэтай праблемы, адкуль бярэ пачатак падобнае стаўленне да смяротнага пакарання з боку дзяржавы. Як можна здагадацца, карані сыходзяць у часы Савецкага Саюза і нават яшчэ глыбей у мінулае”, — адзначыла міжнародная сакратарка “РАДА” Юлія Ралко,
– Позірк пра прэзентацыю

Сам праект стаў вынікам адмысловага хакатона 2024 года.
“Галоўная мэта, якую мы перад сабой ставілі, — распавесці пра гісторыю месцаў, міма якіх звычайныя мінчане праходзяць штодня: па дарозе на навучанне або працу, падчас прагулак з сябрамі або проста бавячы вольны час у горадзе, — каментуе Юлія. — Мы выбралі месцы, якія вельмі добра знаёмыя жыхарам Мінска, некаторыя з іх з’яўляюцца славутасцямі, што прыцягваюць турыстаў”,
– Позірк пра прэзентацыю
Чаму для РАДА гэта важна?
РАДА з’яўляецца часткай кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” ад ліпеня 2020 года.
“30 гадоў таму прайшоў рэфэрэндум, на якім большасьць беларусаў_ак ухваліла смяротнае пакаранне. Але што далей? Мой адказ, што калі новы ўрад будзе праводзіць пераход да дэмакратыі, дык мусіць быць палітычная воля вырашыць гэтую праблему»,
— міжнародная сакратарка “РАДА” Юлія Ралко ў інтэрв’ю Радыё Свабода
Для РАДА дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі наўпрост звязаныя са скасаваннем смяротнага пакарання. Неабходныя змены ў заканадаўстве і перабудова самой сістэмы правасуддзя: яна павінна паважаць чалавечае жыццё і абмяжоўваць уладу дзяржавы. Маладыя беларус_кі абавязкова павінны быць вырашальнай часткай гэтых зменаў ад пачатку. Гэта наша прынцыповая пазіцыя. Менавіта таму супраца з Саветам Еўропы мае для РАДА такое вялікае значэнне.
Сачыць за актуальнай інфармацыяй пра стан смяротнага пакарання ў Беларусі і свеце можна ў тэлеграм-канале “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”.
