«Мастацтва — гэта прастора, дзе можна і трэба перасякаць межы»
Чаму скульптура вышынёй у паўметра, пастаўленая ў баварскай вёсцы, здолела выклікаць вялікую салідарнасць у мясцовай супольнасці — і чаму, калі яе знішчылі, мастачка ўсё роўна пабудавала скульптуру нанова? Мы паразмаўлялі з другой гераіняй серыі інтэрв’ю Reflect to Connect — Ханнай, мастачкай і каардынатаркай праектаў з Дрэздэна, — пра тое, як мастацтва можа быць формай грамадзянскай дзеі, чаму «правакаваць з павагай» — не супярэчнасць, і чаму найлепшыя водгукі на яе працы часта прыходзяць ад людзей, якія кажуць «я не разумею мастацтва».

Пра сябе і мастацкую практыку
Раскажы, калі ласка, пра сябе і чым ты займаешся?
— Мяне завуць Ханна, я жыву ў Дрэздэне. Працую як мастачка, каардынатарка праектаў і вядучая майстэрняў. А яшчэ займаюся музыкай — я спявачка. Вырасла я ў Баварыі, на поўдні Германіі, а ў Дрэздэн прыехала ў 2018 годзе вучыцца на факультэце выяўленчых мастацтваў. З таго часу я тут, зараз я — аспірантка.
Мая праца вельмі міждысцыплінарная. Нядаўна я скончыла выкладаць у рамках майго дыпломнага праекта ў Акадэміі мастацтваў — SHAREter Project, які спалучае фармат майстэрні і выставы, і часткова фінансаваўся з мікрагранта Reflect to Connect. Тэма праекта — актыўнае абагульненне рэсурсаў і тое, як можна будаваць супольнасць праз працу, арыентаваную на рэсурсы, — не толькі для мастакоў_чак, а і для людзей з розных сфер: як рабіць мастацтва або рэалізоўваць палітычныя праекты праз розныя перспектывы, а не толькі праз акадэмічны погляд. Я не абмяжоўваю сябе адной ідэнтычнасцю ці адной сферай працы. Думаю, менавіта таму я стала мастачкай: бо магу бачыць, што насамрэч важнае цяпер, і пераствараць сябе праз гэта ці думаць праз гэта. І таму я адчуваю сапраўдную ўдзячнасць і радасць за ўсё, што мне дазволена рабіць.
Ты працуеш у самых розных фарматах — перформанс, скульптура, кераміка, відэа, музыка. Як ты вырашаеш, якая форма патрэбная канкрэтнаму праекту?
— Мне здаецца, менавіта таму я і хачу быць — ці я ужо ёй з’яўляюся — міждысцыплінарнай мастачкай: я заўважыла, што пачынаю свае праекты з канкрэтнага пытання ці досведу, які ў мяне быў хутчэй як у чалавека, чым як у мастачкі. Калі я адчуваю: вось гэта важна, з гэтага я хачу зрабіць мастацкую работу. І толькі потым шукаю медыум, тэхніку ці матэрыял пад гэта. Таму што мяне не так цікавіць стаць выдатнай фатографкай, ці відэамастачкай, ці керамісткай самой па сабе.
Хутчэй, думаю, у параўнанні з іншымі мастакамі_чкамі, для мяне вельмі важна думаць пра работу з пункту гледжання людзей, якія яе ўспрымаюць. Я пытаю сябе: што я хачу, каб людзі перажылі, калі ўбачаць гэтую працу, калі зойдуць у прастору выставы? І каб гэтыя людзі нешта адчулі, ці атрымалі, ці зразумелі, патрэбны розны матэрыял. Напрыклад, калі я хачу гаварыць пра клопат і хачу, каб людзі адчулі ўтульнасць, я выкарыстоўваю тканіну і тэкстыль, бо хачу, каб людзі маглі літаральна дакрануцца да сэнсу. Бо цела памятае: о, я гэта ведаю. Калі я сплю ў сваім ложку, гэта для мяне азначае бяспеку. Ці цеплыню, ці абдымкі. Ці блізкасць. А калі я працую, напрыклад, з бронзай і раблю скульптуру, тут ужо не столькі пра саматыку і адчуванні цела, колькі пра працу з мовай самога матэрыялу. Калі людзі бачаць метал, скульптуру, яны думаюць пра гісторыю мастацтва, пра іконы.

«Пачынаю свае праекты з канкрэтнага пытання ці нейкага досведу, які ў мяне быў хутчэй як у чалавека, чым як у мастачкі».
Форма — гэта таксама частка перформансу. Я бачу перформанс нават тады, калі сама не перформерка: калі выстава інтэрактыўная, публіка становіцца перформерамі_камі таксама, бо яны такім чынам «уваходзяць» у нешта. Мяне гэта вельмі цікавіць.
Пра тое, як мастацтва становіцца дзеяннем
Ты памятаеш момант, калі зразумела, што мастацтва можа быць формай актывізму, а не толькі выказвання?
— Вельмі цікавае пытанне. Першае, што прыходзіць у галаву, — школа, апошні клас перад іспытамі. Нам трэба было напісаць эсэ пра мастакоў_чак на канкрэтную тэму, і я вырашыла даследаваць перформанс. Тады я адкрыла для сябе Марыну Абрамовіч, Крыстофа Шлінгензіфа, Валі Экспарт — акцыяністаў_ак, якія выкарыстоўвалі мастацтва як правакацыю, але ў добрым сэнсе для мяне — як актывісцкае мастацтва. Менавіта тады, здаецца, я зразумела, чаго хачу. Я заўсёды хацела стаць мастачкай, але і быць чымсьці большым, чым проста той, хто працуе візуальна. Хаця я нікога не асуджаю — лічу цалкам цудоўным, калі нехта працуе выключна з эстэтыкай. Але недзе глыбока ўнутры я адчувала: калі я займаюся мастацтвам, я хачу, каб яно мела сэнс, прыносіла карысць грамадству. Інакш мне трэба было б рабіць сацыяльную работу ці нешта падобнае.

«Калі я займаюся мастацтвам, я хачу,
каб яно мела сэнс».
Падлеткам я праходзіла стажыроўкі ў графічным дызайне, у рэкламных агенцтвах, і мне гэта добра ўдавалася — я думала, з мяне выйшла б выдатная графічная дызайнерка. Але зразумела: калі мая праца — рабіць рэкламу зубной пасты, працаваць у капіталістычнай ідэалогіі (хаця, канечне, мы ўсе ўсё роўна ў гэтай сістэме), — то гэта для мяне неаўтэнтычна. Спосаб для мяне быць цэласнай, жыць сапраўдным, аўтэнтычным жыццём у гэтым свеце — у іншым.
Пра супрацоўніцтва і рознасць поглядаў
Як вы з тваімі калегамі_жанкамі знайшлі адна адну?
— Большасцю выпадкаў мы ведалі адзін аднаго_ну — часам проста з сяброўскага кола, але часцей праз знаёмства ў Акадэміі мастацтваў, праз навучанне. Думаю, асабліва з Лотэ Доман і Ел К. Банта мы знайшлі адна адну, бо выбіралі адныя і тыя ж курсы — і праз гэта ўжо разумееш: о, у нас падобныя пошукі і тэмы. Яны, як і я, шукалі спосабы рабіць мастацтва, якое было б большым, чым проста аб’екты ці візуальная мова, — шукалі, як мастацтва можа стаць часткай грамадства, як яно можа набыць сэнс. Я сустрэла іх і адразу была зачараваная тым, як яны шукаюць гэтыя шляхі. Думаю, большасць людзей, з якімі я супрацоўнічаю, таксама хочуць выкарыстоўваць мастацтва для калабарацыі і супольнаснага мастацтва.
А ці было так, што ў вас з калегамі_жанкамі былі розныя погляды на перформанс, і вам даводзілася гэта абмяркоўваць? Як гэта было?
— Гэта здараецца пастаянна. У людзей розныя перспектывы, і менавіта таму мне так цікава працаваць з іншымі — бо часам сама апынаешся ў «бурбалцы», у якой ты бачыш свет ці працуеш. Мяне па-сапраўднаму захапляе і я люблю, што няма адной праўды — у людзей заўсёды свае рэальнасці, і мы можам стамляцца і фрустравацца, калі спрабуем прымусіць усіх думаць ці разумець рэчы аднолькава. Я сапраўды шукаю гэтых непаразуменняў, каб намацаць, як мы потым можам дапаўняць аднзін аднаго_ну — гэта як даваць і атрымліваць, вучыцца адзін ад аднаго_ой.
«Мяне па-сапраўднаму захапляе і я люблю, што няма адной праўды — у людзей заўсёды свае рэальнасці».
Пра Reflect to Connect і SHAREter Project
Раскажы пра свой досвед удзелу ў Reflect to Connect.
— Летась я была хутчэй у ролі каардынатаркі, а сёлета — удзельніцы. І гэта было насамрэч натхняльна: я пазнаёмілася з людзьмі з трох краін, асабліва з людзьмі з Беларусі. Я сапраўды ўражаная — убачыла столькі людзей, якія вельмі адважныя, сапраўды хочуць нешта змяніць, бяруць на сябе шмат рызыкаў і пытаюць сябе: што я насамрэч магу зрабіць нешта каштоўнае там, дзе я знаходжуся, ці стаць больш актыўным_ай? Для мяне гэта было сапраўды каштоўна, я адкрыла шмат новага, бо ў сваім навучанні я не атачоная прафесарамі_камі ці людзьмі, якія працуюць гэтак жа, як я. Часам я адчуваю сябе крыху няправільна зразумелай, але проста вакол не так шмат людзей з той жа ўнутранай матывацыяй, што маю я.
А наконт майго ўласнага SHAREter Project (праграмы майстэрняў і выставы пра актыўнае абагульненне рэсурсаў і будаванне супольнасці праз гэта) — я проста вельмі ўдзячная і шчаслівая, таму што ўжо восем гадоў раблю праекты і працую з суполкамі, і не толькі ў мастацтве — я сама жыву ў жыллёвым кааператыве. У мяне быў досвед добраахвотнай працы з рознымі, у тым ліку палітычнымі супольнасцямі— і, як заўсёды бывае ў гэтых сферах, быў і добры, і негатыўны досвед: каманды распадаліся, калі нехта выгараў_ла ці калі людзі былі незадаволеныя вынікамі. Я паспрабавала сабраць усё, чаму навучылася ў гэтай групавой працы, а таксама пытанні пра тое, як стварыць устойлівую супольнасць. І зразумела: праблем шмат, і асабліва там, дзе няма грошай і людзі працуюць добраахвотна, — кожны раз пры новым праекце паўтараецца адно і тое ж: заўсёды ёсць тыя, хто вельмі актыўныя і любяць браць на сябе шмат адказнасці, і ёсць людзі, якія больш сарамлівыя, запалоханыя, пасіўныя. Але гэта не значыць, што яны не хочуць адказнасці ці ім няма чым падзяліцца.
Таму я паспрабавала стварыць структуру, якая аднолькава ставіла б усіх у актыўную пазіцыю, але дазваляла б і адступіць, стаць пасіўным_ай ці проста атрымліваць нешта ад іншых. А яшчэ важным было пытанне: што ты ўжо знайшла ў сабе, што дае табе агенцыю — у мастацкай ці ў палітычнай працы? Не думаць, што нам яшчэ нечага «не хапае», а бачыць: што ў мяне ўжо ёсць і што насамрэч працуе для мяне? Дзе я ўжо аўтэнтычная, дзе мой патэнцыял? Не трэба заўсёды станавіцца лепшым_ай ці вучыцца больш, бо мы і так увесь час вучымся. Мы можам больш узмацніцца, проста разгледзеўшы тое, што ўжо ёсць. І гэта спрацавала выдатна: я сапраўды шчаслівая наконт суполкі, якая ў нас атрымалася, водгукі былі вельмі добрыя. Мы толькі што зрабілі выставу, і людзі атрымалі магчымасць упершыню паказаць свае працы ці паспрабаваць новыя мастацкія метады, — і пры гэтым кожны_ая заставаўся ў сваёй сферы, але супрацоўнічаў_ла і выкарыстоўваў_ла новыя для сябе «мовы».
SHAREter — гэта фармат майстэрняў і выставы, які аб’ядноўвае людзей з розных дысцыплін, каб даследаваць, што дапамагае заставацца здольнымі да дзеяння ў часы крызісаў і агульнай стомы. У 2026 годзе да дзесяці ўдзельнікаў_ніц (студэнтаў_ак HfBK Dresden, Танцавальнага ўніверсітэта Палука, HfM Dresden і TU Dresden, а таксама дваіх гасцей звонку) правялі чатыры дні разам у Саксонскай Швейцарыі. Кожны_ая там быў экспертам_кай і дзяліўся_лася ўласнымі ведамі і навыкамі з іншымі. Ідэі і працы, што нарадзіліся ў гэтыя дні, у верасні паказалі на сумеснай выставе ў Gewandhaus HfBK Dresden. Праект падтрымалі, сярод іншых, Reflect to Connect (Stiftung EVZ і RAZAM e.V.).
«Гэта не пра квірнасць. Гэта пра любоў»: пра Kissing Borders
Твой праект Kissing Borders — скульптуру спачатку адхіліла муніцыпальная рада, а потым яе яшчэ і знішчылі, і ты з калегамі_жанкамі аднавіла яе нанова. Якім быў досвед назіраць, як маленькая скульптура становіцца публічным спрэчным пытаннем пра тое, каму належыць месца?
— Мы з Фелінай Бекенбаўэр пабудавалі чатыры капліцы з альтэрнатыўнымі абразамі ў розных вёсках на поўдні Баварыі. Гэты праект зрабіў значна больш, чым мы чакалі. Канешне, мы хацелі зрабіць працу, якая дапамагла б пачаць размову пра тое, чаго, насамрэч, не хапае ў гэтым месцы. Квір-супольнасці там сапраўды недапрадстаўленыя. Не таму, што там няма яе прадстаўнікоў_ніц, — проста, магчыма, людзі там не адчуваюць сябе бяспечна, каб жыць адкрыта, ці яны проста з’язджаюць. Мы задумаліся: чаму так? І пачалі гаварыць пра царкву, хрысціянскую традыцыю, кансерватыўныя баварскія традыцыі. Быць адначасова традыцыйна баварскай- і квір-персонай — не супярэчнасць. І гэта нават не пра квірнасць, гэта пра любоў.

Ханна дзеліцца, што людзей такі праект можа правакаваць, але ўсё роўна хацелася паспрабаваць яго зрабіць. Гэта прынцып, якога яна трымаецца: рабіць усё з павагай. На думку гераіні, гэта не значыць, што яна не можа правакаваць.
— У выніку толькі адзін муніцыпалітэт адмовіў, і гэта было даволі нечакана: тры астатнія вёскі былі радыя праекту, хоць там і кіравала кансерватыўная партыя. Але ў рэшце рэшт гэта нават добра, бо людзі з той вёскі былі абураныя: яны бачылі, што ў іншых месцах з’явілася свая «святыня», і таксама хацелі быць прадстаўленымі. Тыя, хто найбольш хацеў, каб гэты праект стаў часткай ідэнтычнасці вёскі, сталі даволі гучнымі, і нам нават не трэба было гэта мадэрыраваць: пра гэта пісалі ў газеце, людзі дасылалі лісты ў муніцыпалітэт. У выніку атрымалася нешта сапраўды прыгожае. Хаця капліца і з’явілася не на муніцыпальнай, а на прыватнай зямлі, яна выклікала шырокую дыскусію і шмат салідарнасці ў вёсцы.
Для мяне асабліва важным было тое, наколькі шмат было падтрымкі. Дарэчы, скульптура стаяла там чатыры гады і нічога не здаралася. А потым нехта яе знішчыў. Мы не ведаем, хто. Але ёсць і пазітыўны момант: пасля таго як мы напісалі заяву, людзі пачалі прыносіць на месца пустой капліцы ружы, свечкі, маленькія квір-вясёлкі. Гэта было неверагодна. Жыхары_кі нават сабралі грошы, бо хацелі, каб капліцу аднавілі — было бачна, наколькі гэта важна для іх. Мне тройчы тэлефанавалі незнаёмцы і проста дзякавалі за гэтую працу: «Я гей, мне давялося з’ехаць адсюль. Для мяне так шмат значыць тое, што вы зрабілі». А адзін чалавек нават запісаў у сваім завяшчанні, што хоча, каб адна з такіх скульптур з’явілася ў яго родным горадзе, — ён хацеў купіць яе, паўтарыць гэтую акцыю ў сваёй вёсцы, але муніцыпалітэт зноў адмовіў. Ён хоча пачакаць новага ўрада, паспрабаваць яшчэ раз. І запісаў гэта ў завяшчанні. Я нават не чакала, што такое можа быць.
«Гэта насамрэч не пра квірнасць. Гэта пра любоў»
Вясковая мясцовасць — не тое месца, дзе людзі звычайна чакаюць убачыць квірнае публічнае мастацтва. Чаму было важна паставіць Kissing Borders менавіта там?
— Мы з Фелінай (каляжанкай) абедзве родам менавіта з гэтага месца, мы там выраслі. І калі я ўбачыла адкрыты конкурс на мастацтва ў публічнай прасторы, я падумала, што было б добра зрабіць нешта разам з кімсьці, хто таксама з’ехаў адтуль, каб вучыцца мастацтву, а потым вярнуўся_лася. Мы — частка гэтай супольнасці, і, магчыма, таму людзі слухаюць нас крыху інакш, чым калі б мы былі чужымі. Менавіта праз тое, што я і Феліна з’ехалі, мы змаглі даведацца пра сексуальнасць, пра квір-тэмы, пазнаёміцца з людзьмі, — гэта было своеасаблівае сексуальнае вызваленне. А квір-супольнасць ніколі не была часткай нашай рэальнасці, пакуль мы там раслі. Падаецца, гэта была добрай тэмай, якую было варта закрануць.
Пра «Empathy» і зліццё цела з целам
Твой перформанс Empathy — гэта літаральна пра зліццё двух целаў у адно. Што прымусіла цябе фізічна разбурыць мяжу паміж «сабой» і «іншым», а не проста гаварыць пра гэта словамі?
— Мы з Ел пазнаёміліся ў Афінах і перажылі там вельмі інтэнсіўны час разам. Тады мяне цікавілі пытанні эмпатыі і палярызацыі. Спачатку было шмат размоў, я працавала з канцэптуальнымі ідэямі, а Ел — больш з перформансам, танцам і візуальным мастацтвам. Мы вырашылі скарыстацца паўпразрыстай люстранай плёнкай. Нас захапляла, што праз яе можна адначасова адлюстроўвацца і бачыць наскрозь. Спачатку мы проста стаялі ў чорным боксе і рабілі шмат рухаў праз люстэрка паміж намі, «гулялі» нейкія сцэны, а потым пачалі рацыянальна ўносіць тэмы эмпатыі, палярызацыі, і зразумелі: мы проста «граем», а не насамрэч гэта пражываем. Тады мы сталі паступова спрашчаць, змяншаць рухі, — і ў рэшце рэшт проста засталіся стаяць адна перад адной, так доўга, як маглі. Гэта было магічна, бо ў нейкі момант мозг ужо не разумее, што ты бачыш не сябе.

Здаецца, самы глыбокі спосаб эмпатыі — паспрабаваць уявіць: а што, калі б я была табой? І тады ўсё, чым ты з’яўляешся, аказваецца нармальным — бо, канешне, у кожнага_ай ёсць свае комплексы. Але калі ў мяне сапраўды шчырая эмпатыя да чалавека, я не буду асуджаць, можна проста па-сапраўднаму размаўляць. Без узаемнай павагі не будзе агульнай глебы для дыялогу.
Гэта было важна і для Ел — яны небінарная мастацкая асоба, і ў той час яны змянялі сваё імя, адкрываліся больш. Таму тэма квірнасці і гендарнай ідэнтычнасці таксама стала часткай гэтага перформансу.
Пра дыскамфорт, клопат і фемінісцкую сцэну
Калі ты робіш праекты пра ўключэнне — эмпатыю, ізаляцыю, клопат, — ці думаеш ты пра тых, каму можа быць няёмка глядзець на гэта? І ці змяняе гэта тое, што ты робіш?
— Безумоўна. Я лічу гэта сваёй адказнасцю — думаць пра тое, як іншыя могуць сябе адчуваць. Калі кажу пра канкрэтную суполку, а я сама не яе частка, на маю думку, важна спытацца: ці маю я права гаварыць на гэтую тэму? Ці будзе гэта правільна зразумела, што можа пакрыўдзіць прадстаўнікоў_ніц? Я шмат разоў, працуючы над праектам, свядома ўступаю ў размову з людзьмі — і часта атрымліваю водгук: не, не рабі так. І тады пераглядаю свой падыход.
Зрабіць няёмка — не мая мэта. Хаця, думаю, само гэтае пачуццё дыскамфорту вельмі важнае. Часам ідэя мастацкай работы менавіта ў тым, каб людзі адчувалі сябе добра. Але ў многіх тэмах, асабліва калі гаворка пра выключэнне ці несправядлівасць, людзі могуць пачуваць сябе няёмка (калі сапраўды задумацца, гэта і павінна быць так). Часам сапраўды трэба даць пачуццё дыскамфорту, каб чалавек запытаў_ла сябе: а гэта тое, чаго я хачу? Ці гэта акей для мяне?
Гэта адна з прычын, чаму я раблю фемінісцкія працы і належу да левай фемінісцкай сцэны. Быў час, калі тэма ўсведамлення і фемінізму вельмі ўзрасла, мы ўсе моцна ў яе ўцягнуліся — гэта было як эмансіпацыя, як унутраная рэвалюцыя. Тэма стала настолькі папулярнай — з добрых прычын, — што стала важна не пакрыўдзіць яе прадстаўнікоў_ніц, ствараць бяспечныя прасторы і гэтак далей. Я старалася быць асцярожнай, але не хацелася ўзнаўляць нейкі гатовы «падручнік», які не зусім мой, не рабіць працы толькі для канкрэтнай групы людзей, якая ўжо размаўляюць гэтай мовай. Думаю, мастацтва — гэта прастора, дзе можна і трэба перасякаць нейкія межы. Інакш ты проста дагаджаеш сваёй фан-аўдыторыі.
«Мастацтва — гэта прастора, дзе можна і трэба перасякаць нейкія межы».
Пра водгукі, якія сапраўды змянілі мысленне
Ты, канешне, атрымліваеш шмат водгукаў на сваю працу. Ці быў водгук — добры ці дрэнны, — які насамрэч змяніў тое, як ты думаеш?
— Гэтае пытанне вельмі добрае, варта было б за гэтым больш назіраць. Але ўспомніла свой першы супольнасны праект у Баварыі — пра пазітыўную залежнасць, дзе я сустрэлася і паразмаўляла з 70 людзьмі. Потым на выставе прыйшлі некаторыя людзі, вельмі злыя, і сказалі, што яны ненавідзяць мастацтва. Калі пачала размову з імі, аказалася, што менавіта тыя, хто кажа «я не разумею мастацтва, яно мне не падабаецца», часта даюць найлепшыя водгукі, таму што не спрабуюць мне спадабацца і не робяць выгляд, што яны нейкія мастацка адукаваныя. Такія людзі проста кажуць шчыра. І потым раптам пачынаюць гаварыць пра сябе, пра свае асацыяцыі — і раскрываюцца нашмат больш, чым звычайная «мастацкая» публіка.

А яшчэ быў выпадак у Нідэрландах — у мяне быў сапраўды добры прафесар, і ён аднойчы сказаў: справа не ў тым, «што?», а ў тым, «як?». Думаю, гэта была парада, якая па-сапраўднаму змяніла маё мысленне ў працы: не ўяўляць вынік, а задавацца пытаннем — як я магу зрабіць так, каб гэта адбылося? І потым ужо вырашаць, ці хачу ўвогуле пачынаць працэс. Гэта вельмі дапамагло мне з самаарганізацыяй і ў каардынацыі праектаў: калі думаеш толькі пра вынік, можна вельмі хутка выгарэць. Ды яшчэ той вынік можа не атрымацца. Але ў самім працэсе можа адбывацца шмат добрага. Думаючы пра «як», ты па-сапраўднаму зрушваешся з месца.
Гэты ж прафесар сказаў мне падчас прэзентацыі ідэі для наступнага праекта: трэба быць асцярожнай, бо стварэнне вельмі складанай, вялікай канцэпцыі — гэта таксама форма пракрастынацыі. Калі ты ўвесь час гаворыш толькі пра нейкую грандыёзную рэч, якую хочаш зрабіць у будучыні, яна застаецца далёкай. Але калі спытаць сябе: а які маленькі крок магу зрабіць прама зараз, што магу хутка завяршыць, — тады пачынаеш дзейнічаць.
Пра планы
Ці ёсць тэма, пра якую ты яшчэ не зрабіла працу, але зробіш абавязкова?
— Пакуль такая праца яшчэ ў працэсе. Ёсць розныя тэмы. Адна ідэя, якую я маю, — пакуль не ведаю дакладна, ці буду яе рабіць, — гэта тэма трансгенерацыйнай траўмы, ці, хутчэй, тэма продкаў. Летась у мяне памерла мама… З таго моманту, я запрашаю тэму пакаленняў ў сваё жыццё. Я добра ўмею працаваць у нейкіх супольнасных, клубных праектах, але выкарыстоўваць сваё мастацтва для сябе самой жа… Але ж гэта таксама пра клопат, клопат пра сябе, пра тое, каб запрасіць гора стаць часткай мастацтва. Мяне цікавяць пытанні пра тое, як нехта можа ўсё яшчэ прысутнічаць, не будучы фізічна прысутным, і як продкі, з якімі я ніколі не сустракалася, усё роўна з’яўляюцца часткай маёй сённяшняй рэальнасці — і якім чынам з усім гэтым можна працаваць?

Я чытала пра гэта кнігу, дзе гора разглядаецца як нешта, што можа дапамагаць будаваць устойлівыя супольнасці, — і пра тое, што калі мы не спраўляемся з «бруднай бялізнай» нашых продкаў (напрыклад, я — з нямецкай сям’і, і ў маёй сям’і ёсць нацысцкія карані), калі ты не клапоцішся пра гэта, не запрашаеш гэта ў сваю рэальнасць і не даеш сабе пражываць эмоцыі — цяжка знайсці спосабы не паўтараць траўму. Разумею, што гаварыць пра гэта з майго боку можа быць крыху складана. Але асабліва для людзей, у чыіх каранях ёсць каланіяльная ці расісцкая траўма, вельмі важна дазволіць сабе гараваць, думаць пра гора як пра нешта, што перадаецца праз пакаленні.
«Вельмі важна дазволіць сабе гараваць, думаць пра гора як пра нешта, што перадаецца праз пакаленні».
І, канешне, гэта звязана з тэмай палярызацыі. Мне сапраўды сумна і балюча ад ўздыму правых партый на апошніх выбарах — і баюся, што ў Саксоніі таксама можа з’явіцца ўрад AfD. Думаю аб тым, як нам стварыць ідэнтычнасць, якая была б больш салідарнай, як сустрэцца з людзьмі, з кімсьці, каго мы адчуваем сваімі апанентамі_камі, — бо горад тут моцна падзелены.
Пра «аддаваць і атрымліваць»
Што ты аддаеш людзям ці супольнасцям, пра якіх твае працы, і што атрымліваеш назад?
— Мне падаецца, што даць людзям нешта сапраўды асабістае, гэта як адкрыцца самому_ой. Намагаюся даць ім пачуццё, што яны бачныя, — ці даць голас ці прастору для тэмаў. І спадзяюся, што яны перажывуць нешта, чаго ў іх, магчыма, не было б у паўсядзённым жыцці. Хаця, канечне, я не заўсёды ведаю, ці атрымліваецца гэта.
Тое, што я атрымліваю ад людзей назад, потым усярэдзіне мяне ператвараецца ў вялікую ўдзячнасць і надзею. Часам задаюся пытаннем: а якая рэальная значнасць у тым, што я тры месяцы працую над нечым, а потым прыходзіць 50 чалавек, — ці гэта сапраўды змяняе свет? Але я веру, што нам усім варта ісці за нашым патэнцыялам. І для мяне мае сэнс, калі хаця б два чалавекі кранутыя і мая праца выклікае ў іх жаданне размовы. Таксама крута, калі незнаёмыя людзі прыходзяць і прысвячаюцца чамусьці, знаходзяць у гэтым сэнс, перажываюць супольнасны момант разам. Для мяне гэта прыгожа. Гэта тое, што я атрымліваю.
«Мне падаецца, што даць людзям нешта сапраўды асабістае, гэта як адкрыцца самой».
Пра трохкутнік «гісторыя — мастацтва — грамадзянская дзея»
Reflect to Connect звязвае гісторыю, мастацтва і грамадзянскую дзею. Дзе ў гэтым трохкутніку месца тваёй працы?
— Думаю, пераважна ў мастацтве, а потым у грамадзянскай дзеі. Гісторыя — не так моцна. Гэта не значыць, што я не працую з традыцыямі, гістарычнымі крыніцамі ці тэмамі, але я не настолькі даследчыца, не вельмі добрая чытачка, у мяне лёгкая дыслексія, таму я сапраўды працую хутчэй з досведам і адчуваннямі.
Калі б чалавек, які_ая ніколі не думаў_ла пра мастацтва як пра форму актывізму, паглядзеў на тваю працу, што б табе хацелася, каб ён ці яна вынес_ла з гэтага?
— Складанае, але вельмі цікавае пытанне. Адна рэч, якая прыходзіць у галаву адразу, гэта свабода мастацтва. Хаця мы ніколі не бываем цалкам вольныя ад роляў, ад сістэмаў і грамадстваў, тое, што мастацтва можа рабіць нашмат лепш, чым іншыя супольнасці, месцы ці сістэмы, — гэта дазваляе прасторы мастацтва быць вольнай ад правілаў. Канешне, мы ўсё роўна прытрымліваемся нейкіх правілаў, але ў такой вольнай прасторы нам дазволена адпусціць гатовыя «падручнікі» і ролі, якія ў нас ёсць. Людзі ўсё яшчэ могуць вырашыць: гэта не для мяне, мне гэта не падабаецца, я не хачу пра гэта думаць. Але можа здарыцца і так, што ты ўступаеш у нешта, пра што ў сваім штодзённым жыцці ты б сабе ніколі не дазволіў_ла нават задумацца.
І гэта тычыцца, напрыклад, і палітычнай працы, і працы настаўнікаў_ніц: там табе часта трэба прытрымлівацца пэўнай плыні ці нейкіх правілаў паводзін. Сёння гэта паступова змяняецца — не так моцна ў Германіі, але ў сучасным мастацтве гэта ўжо іначай. І, думаючы пра тое, як мы хочам жыць у дэмакратычным, вольным грамадстве, — свабода мастацтва здаецца мне вельмі важнай. Мы бачым у аўтарытарных грамадствах, што менавіта культура і мастацтва абмяжоўваюцца першымі, бо ў гэтым закладзена вельмі шмат сілы, як мне здаецца.
Якую ролю, на тваю думку, мастакі_чкі адыгрываюць у пабудове ўстойлівых супольнасцяў у параўнанні з актывістамі_камі ці арганізатарамі_камі?
— Мне сапраўды складана на гэта адказаць, бо няма нейкага_ай адзінага_ай «мастака_чкі» — існуе столькі розных спосабаў рабіць мастацтва. І я б ніколі не сказала, што мастацтва лепшае для стварэння супольнасцяў. Але вось дзе я бачу патэнцыял: у нас усіх розныя спосабы разумення свету і ўключэння ў яго, некаторыя людзі больш працуюць праз пачуцці ці праз візуальнае. І многія проста недастаткова смелыя, каб, напрыклад, далучыцца да актывісцкай арганізацыі ці да партыі.
Таму, думаю, гэта асабліва важна для вельмі адчувальных людзей — а большасць мастакоў_чак, каго я ведаю, вельмі, вельмі адчувальныя. І гэта, як правіла, тое, што ў нашым грамадстве звычайна не падтрымліваецца, — але калі ты мастак_чка, гэта твой інструмент. Ты адчувальны_ая, ты бачыш свет інакш, і можаш паказаць людзям іншыя перспектывы. І думаю, магчыма, мастацтва можа ствараць устойлівасць якраз праз гэтыя адчувальныя перспектывы і праз матэрыялізацыю праблем. Гэта можа быць вельмі тэрапеўтычна, і, магчыма, гэта можна назваць экстэрналізацыяй. Я выкарыстоўваю мастацтва, каб зразумець свет, спраўляцца з ім і ў выніку ствараць новы наратыў, які мог бы прынесці нешта новае.
Мастацтва Ханны не імкнецца быць проста прыгожым — яно задае нязручныя пытанні і не баіцца заставацца ў гэтай нязручнасці. Яна вучыцца не ад саміх праектаў, а ад людзей, якіх яны закранаюць: самыя шчырыя словы часта прыходзяць менавіта тады, калі перастаеш спрабаваць спадабацца. Правакаваць і паважаць можна адначасова — гэта адзін рух разуменне сябе, свету і спосаб казаць пра сучасныя праблемы.
