«Я будую дом там, дзе жыву»

«Я будую дом там, дзе жыву»

Чаму ва ўмовах, калі межы зачыняюцца, а дэмакратыі адна за адной адкатваюцца назад, здольнасць зноў і зноў будаваць дом на новым месцы становіцца не траўмай, а жыццёва неабходным навыкам? Мы паразмаўлялі з гераіняй трэцяй серыі інтэрв’ю праекта Reflect to Connect Марышай Корж — яна за апошнія гады прайшла праз Грузію і Іспанію — пра тое, як прыходзіцца пачынаць жыццё нанова, пра жаночы досвед эміграцыі і пра тое, як яна сама дапамагае беларускім жанчынам-мігранткам, якія апынуліся ў складаных жыццёвых сітуацыях: ад страты легальнага статусу да хатняга гвалту.

Пра досведы пераездаў

Раскажы коратка пра сябе. Дзе ты цяпер жывеш і як там апынулася?

— Мяне завуць Марыша Корж, цяпер я жыву ў Валенсіі, Іспанія. Сюды я пераехала вымушана. І да гэтага я не магу сказаць, што вельмі часта пераязджала — так атрымалася, што ў 2020 годзе я засталася ў Грузіі праз пандэмію, а потым праз скалданасці з перасячэннем мяжы ў Грузіі: у мяне кожны раз узнікалі складанасці з уездам, а аднойчы ўвогуле адмовілі, і толькі потым я ўсё ж знайшла спосаб заехаць у краіну. Стала зразумела, што нам трэба было ехаць кудысьці яшчэ. Грузія — небяспечная краіна для беларускіх актывістаў_ак: там пераследуюць па «заказе» Беларусі. Вырашылі, што хочам прыехаць сюды, у Іспанію.

А самы першы твой пераезд — якім ён быў і куды?

— Самы першы пераезд у мяне быў, калі я праходзіла валанцёрскую службу ў 2008 годзе ў Вільнюсе ў межах праграмы ЕС «Моладзь у дзеянні» (цяпер гэта Erasmus+). Я свядома туды паехала пасля ўніверсітэта: хацела працаваць з моладдзю, і мне вельмі падабаўся літоўскі падыход, таму што яны вельмі прагрэсіўныя ў моладзевай працы. Я працавала ў моладзевым цэнтры «Вавілон». Гэта быў надзвычайцікавы досвед: мы рабілі праграму «Тыдзень творчасці» — цягам тыдня працавалі з адной групай падлеткаў, класамі са школ Вільнюса і іншых мястэчак. Мы праводзілі трэнінгі і выкарыстоўвалі інтэрактыўныя метады нефармальнай адукацыі (ралявыя гульні, тымбілдынгі, практыкаванні па камунікацыі), каб падлеткі станавіліся бліжэйшымі адзін_а да аднаго_ой, каб было менш булінгу, каб у класе развіваліся супрацоўніцтва, сяброўства і ўзаемападтрымка. Творчыя фарматы былі для гэтага інструментам, а не мэтай. А ў канцы тыдня падлеткі павінны былі паказаць мясцовай супольнасці перформанс пра тое, што яны за тыдзень зразумелі. Напрыклад, адна група зрабіла тэатральны перформанс пра адносіны і няроўнасць паміж настаўнікамі_цамі і вучнямі ў школе, пра павагу да разнастайнасці людзей, пра супраціў гвалту ў школе. Гэта была вельмі прагрэсіўная праграма, і я паехала туды, каб паглядзець, як гэта наогул робіцца.

Але пераехаць канчаткова ў Марышы не атрымалася:

— Пасля той валанцёрскай службы я спрабавала ўладкавацца на працу ў Вільнюсе — хацела застацца, але тады ў Літве было вельмі складана дамагчыся, каб цябе наняла літоўская арганізацыя. І гэтая мая спроба эміграцыі не атрымалася.

«Я будую дом там, дзе жыву»: пра адрозненні двух пераездаў, складанасці і паняцце «дому»

Пераезды ў іншую краіну — даволі цяжкі працэс, і ментальна, і фізічна. 

Кажучы пра Грузію і Іспанію — які з гэтых двух пераездаў даўся табе найбольш складана?

— Мне здаецца, што цяжэй даўся пераезд менавіта ў Іспанію, таму што ў Грузіі не было тады ніякіх абмежаванняў па мове — грузінскі кантэкст быў нам, беларусам_кам, больш зразумелы: постсавецкі вайб, многія людзі размаўлялі на рускай ці на англійскай мовах. У Іспаніі мне было цяжка, таму што іншая мова, іншы кантэкст. Цяжка было разабрацца з сістэмай, як тут усё працуе. Я намагалася знайсці тых, хто мне патлумачыць. Але пасля зразумела, што тут ніхто нічога дакладна не ведае. Тады я расслабілася. Даводзіцца самой нешта даследаваць, таму што тут вельмі шмат усяго, і ва ўсіх вельмі розны досвед з рознымі сістэмамі ў розных рэгіёнах Іспаніі.

Зразумела, што калі чалавек пераязджае, ды не адзін раз, паняцце «дому» мяняецца. Што гэта для цябе?

— Я будую дом там, дзе жыву. У мяне няма такога, што я вельмі сумую за Мінскам, за Беларуссю. Не таму, што суму няма ўвогуле, а таму, што проста намагаюся не думаць пра гэта. Гэта не мае ніякага сэнсу. Я разумею, што калі і вярнуся, то яшчэ не хутка, і адзіны спосаб, з дапамогай якога, я магу набліжаць гэтае вяртанне — нешта рабіць у тым месцы, дзе я зараз.

«Я будую дом там, дзе жыву»

Як гэта, быць жанчынай у эміграцыі?

Акрамя таго, што пераезд — гэта заўсёды пачатак жыцця з нуля, трэба адаптавацца і ўбудоўвацца ў новую сістэму, перашкодай калі-некалі можа выступать і гендар. 

Што мяняецца ў адчуванні сябе, калі ў новай краіне ты — не проста новы чалавек, а яшчэ і жанчына? Былі сітуацыі, дзе гэта адчувалася асабліва востра?

— Калі шчыра, мне здаецца, у Грузіі і Арменіі гэта адчувалася больш за ўсё — праз тое, што менталітэт іншы. І я моцна стамлялася ад гэтага. Я не магла быць сабой цалкам, мне трэба было стрымліваць сябе, не магла суседзям-мужчынам сказаць дакладна, што я думаю пра нешта — пазбягала многіх тэм. 

У Іспаніі я адчула сябе больш жанчынай у сэнсе тыповай беларускай тусоўкі. І не ў станоўчым сэнсе гэтага слова. Калі я прыехала, уключылася ў ініцыятыву, мы зарэгістравалі з трыма мужчынамі-беларусамі асацыяцыю беларусаў_ак Валенсіі. І, калі шчыра, такога сэксізму, як у гэтай суполцы, я даўно не адчувала — гэта было настолькі таксічна і стэрэатыпна ў дачыненні да мяне, да маіх перакананняў, да таго, якая я, што затрымалася я там нядоўга і сышла. Здаецца, гэтым мужчынам будзе лепш без мяне.

Але сама я, трэба сказаць шчыра, — вельмі прывілеяваная жанчына. Я белая, высокаадукаваная, з Усходняй Еўропы, гавару на англійскай мове, вучу іспанскую, у мяне ёсць дакументы, праца, прафесія, прызнанне. Адзінае, што я магу рабіць, — гэта карыстацца гэтым статусам і дапамагаць іншым жанчынам, якія знаходзяцца тут у больш уразлівым становішчы.

«Гэта ўсё робіць мяне супер прывілеяванай жанчынай. Адзінае, што я магу рабіць, — гэта карыстацца гэтым статусам і дапамагаць іншым жанчынам, якія знаходзяцца ў больш уразлівым становішчы»

Марыша — не проста жанчына-мігрантка, яна таксама працягвае валанцёрскія актыўнасці, нават у Іспаніі. 

Як на практыцы выглядае ўзаемадапамога паміж жанчынамі-эмігранткамі ў тваім атачэнні?

— Даволі частая гісторыя — беларускія жанчыны тут, многія з дзецьмі, жывуць нелегальна, бо страцілі статус: развяліся з мужам-абьюзерам або не змаглі падоўжыць дакументы. І пры гэтым знікае твая прафесія — нягледзячы на тое, што ты ў Беларусі была паважанай ці працавала адвакаткай, — тут ты ніхто. Ты трапляеш у супер ўразлівае становішча. Я тлумачу людзям, якія працэдуры існуюць, знаёмлю з адвакатамі_камі — мы якраз зараз праходзім некалькі такіх працэдур, дзе іспанскія адкаваты_кі дапамагаюць з атрыманнем прытулку ці мадыфікацыяй легальнага статусу. Многія проста не ведаюць, што ёсць інструменты, якія працуюць для рэпрэсіраваных, напрыклад, фонд Bysol, — я расказваю, што можна абвясціць збор, дапамагаю збіраць грошы.

Многія з гэтых жанчын застаюцца на сувязі, і я потым злучаю іх з іншымі жанчынамі, у якіх падобная праблема. Ёсць такое паняцце — living expert: эксперт_ка, які_ая пражыў_ла менавіта гэты досвед. Яны, па сутнасці, выступаюць эксперткамі ўласнага досведу і лепш, чым хто б там ні быў, раскажуць іншым, як яны гэта рабілі, — калі падаваліся на бежанства, ішлі ў паліцыю, збіралі дакументы. Мне здаецца, гэта часам нашмат важнейшае , за дапамогу нейкага юрыста па гэтых пытаннях.

«Я не магу проста маўчаць, калі бачу нешта ксенафобскае»: пра настроі беларускай дыяспары ў эміграцыі 

Калі гаварыць пра беларускую дыяспару за мяжой — ці ёсць там праблемы, пра якія рэдка гавораць?

— Мне здаецца, беларус_кі за мяжой часта лічаць, што паколькі яны белыя адукаваныя людзі, якія ўцяклі ад рэпрэсій, яны займаюць вышэйшае месца ў іерархіі эмігранта_к. І гэта настолькі сумна, таму што я бачу вельмі шмат такой рыторыкі менавіта ў рускамоўных і беларускамоўных супольнасцях — антымігранцкай, антыфеміністычнай. Асабліва прыкра, калі былыя палітзняволеныя гавораць «ды навошта нам жыць побач з гэтымі арабамі», хаця гэтыя ж людзі і самі часта жывуць тут нелегальна і самі так жа працуюць нелегальна. 

Я не магу проста маўчаць, калі бачу такія выказванні ў чатах, ці, напрыклад, калі бачу ксенафобію ў рэкламе — я пішу ў каментарах, што мне здаецца, гэта ксенафобія. Напрыклад: у 2026 годзе пасля прарыву мяжы паміж Марока і Іспаніяй у Сеуту трапілі тысячы мараканцаў_ак, большасць з іх неўзабаве вярнулася назад. У Сеуце засталіся непаўналетнія, і Іспанія пачала дапамагаць ім і размяркоўваць іх па рэгіёнах. А адна юрыдычная фірма ў сваёй рэкламе пісала беларусам_кам: прыязджайце ў Іспанію, мы падкажам як, а потым дапаможам легалізавацца — «мы што, горшыя за мараканцаў_ак?». Я напісала ім, што казаць такое ксенафобна, а прапаноўваць людзям нелегальную эміграцыю за грошы — неадэкватна: тады я не бачу розніцы паміж імі і трафікёрамі, якія гэтак жа за грошы прывезлі людзей на мяжу Марока і Іспаніі. Разгарнулася цэлая дыскусія. 

«Я не хацела зноў жыць у такім самым кантэксце»: пра бачанне грамадзянскай актыўнасці ў эміграцыі

Reflect to Connect будуецца вакол ідэі, што памяць пра мінулы аўтарытарызм паступова сціраецца, а грамадзянская актыўнасць моладзі зніжаецца. А што, на тваю думку, пераезды і жыццё адразу ў некалькіх краінах робяць з грамадзянскай уключанасцю чалавека: узмацняюць яе ці, наадварот, аддаляюць ад яе?

— Калі ў Грузіі пачаўся адкат у правах чалавека, ва ўсіх дэмакратычных інстытутах, і прарасійская партыя «Грузінская мара» пачала прасоўваць законы накшталт закона пра іншаземных агентаў, я вырашыла пераехаць у краіну ЕС, адкуль мяне не выкінуць. Я не хацела зноў жыць у такім самым кантэксце, як у Беларусі, — я адчувала, што мне будзе цяжка змагацца з сістэмай, бо ў мяне ўвогуле не было ніякіх правоў, мяне маглі ў любы момант выкінуць з краіны. 

У Іспаніі, нягледзячы на тое, што яна яшчэ вельмі далёкая ад такога сцэнару, я хаця б адчуваю сябе больш абароненай, каб гаварыць пра праблемы, якія бачу, і папярэджваць людзей, што менавіта так выглядае пачатак адмены дэмакратыі. Мне здаецца, што пераезды толькі ўзмацнілі гэтыя погляды, а не аслабілі.

«У Іспаніі я хаця б адчуваю сябе больш абароненай, каб гаварыць пра праблемы, якія бачу»

Мне здаецца, што многія, хто знаходзяцца ў Беларусі і працягваюць актыўную грамадскую дзейнасць, дэматываваныя тым, што маладыя людзі і людзі агулам за мяжой не выходзяць на нейкія пратэстныя акцыі. Але маладыя людзі далучаюцца туды, дзе адчуваюць, што ёсць нейкі эфект і вынік. Таму цяпер моладзь у эміграцыі выбірае іншыя фарматы: пабудова сваёй супольнасці, гурткі ўзаемападтрымкі, нейкія варкшопы — фарматы больш лёгкія, праз якія яны могуць сябе праяўляць. Тое, што было модна і папулярна раней, — палітычны ўдзел, пратэст у розных формах, — сёння часам небяспечна і не заўсёды зразумела, як гэта паспрыяе выніку. І мне здаецца, маладыя людзі даволі прагматычныя ў гэтым сэнсе.

Ты гаварыла пра сваю дапамогу жанчынам. А ці гатовая ты сама змагацца сістэмна за гэта далей ?

— Так, і цяпер у мяне на гэта з’явіўся рэсурс. Я лічу, што абавязкова трэба працаваць больш сістэмна: адбудоўваць супольнасці і групы ўзаемападтрымкі. Але пасля 2020 года сітуацыя моцна змянілася: цяпер супольнасці трымаюцца на даверы, а ён фармуецца толькі праз пазітыўны сумесны досвед камунікацыі і сумесных дзеянняў. Людзям цяпер вельмі важна адчуваць сябе ў бяспецы — фізічнай і ментальнай.

Мы як беларуская супольнасць разам з Офісам Святланы Ціханоўскай дамагліся прызнання беларускіх пратэрмінаваных пашпартоў дзейснымі ў Іспаніі, і я веру, што гэта толькі пачатак вялікіх зменаў.

Пакуль мая барацьба крыху мікра: беларускіх жаночых ініцыятыў у Іспаніі мала. Але я спадзяюся, што цягам бліжэйшага года мы — я і жанчыны-актывісткі, з якімі зараз ў кантакце па розных пытаннях (легалізацыя, падтрымка і абарона пасля перажытага гвалту), — станем значна больш бачнымі ў дыяспары і ў сваіх мясцовых супольнасцях па ўсёй Іспаніі.

Пра разуменне супольнасці пасля пераездаў

Што для цябе цяпер значыць само слова «супольнасць» пасля ўсіх пераездаў?

— Супольнасць для мяне — гэта жаданне людзей быць разам дзеля нейкай мэты ці задачы. Іх можа нешта аб’ядноўваць: дзеці, дапамога адзін_а аднаму_ой, агульны досвед, дзякуючы якому не трэба доўга тлумачыць свой кантэкст. Але працэс стварэння супольнасці не такі просты, якім можа падавацца, — гэта яшчэ адна асобная праца. І ў Іспаніі гэта таксама няпроста рабіць, бо ўсе вельмі рассеяны тэрытарыяльна. Тое, што пабудова сувязяў і фарміраванне даверу займае вельмі шмат часу, — гэта, мне здаецца, і ёсць галоўны выклік любой супольнасці мігрантаў_ак у любой краіне.