Як у цэнтры Еўропы забіваюць “згодна з рашэннем суда”

Як у цэнтры Еўропы забіваюць “згодна з рашэннем суда”

На вуліцы Мяснікова ў Мінску месціцца чатырохзоркавы гатэль Astoria — адзін з найдаражэйшых гатэляў у цэнтры беларускай сталіцы. Турысты і турысткі з усяго свету, якія спыняюцца ў Astoria, наўрад ці даюць сабе справу, што ў некалькіх сотнях метраў ад іх прыгожа абстаўленых нумароў «імем Рэспублікі Беларусь» рэгулярна забіваюць людзей. Па суседстве з гатэлем знаходзіцца СІЗА № 1, дзе прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды.

Гісторыя і апошнія падзеі

Зразумела, што людзі, якія завіталі ў Беларусь усяго на некалькі дзён, могуць не ведаць пра тое, што ў краіне дагэтуль існуе смяротнае пакаранне. Асабліва з улікам таго, што і некаторыя грамадзяне і грамадзянкі Беларусі не ведаюць пра гэта. Часта не ведаюць да тых часоў, пакуль гэта не датычыцца іх сем’яў.

«У якасці выключнай меры пакарання дапускаецца прымяненне смяротнага пакарання — расстрэлу за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых абставінах (да адмены смяротнага пакарання)», — кажа першы пункт артыкула 59 Крымінальнага кодэкса.

Хаця смяротнае пакаранне ёсць і ў Крымінальным кодэксе Расійскай Федэрацыі, смяротныя прысуды не выносяцца і не выконваюцца з 1997 года. Як патлумачыў Канстытуцыйны суд РФ, у 2009 годзе было прызнана немагчымым выносіць смяротныя прысуды праз міжнародныя дамовы і агульнапрызнаныя міжнародныя прынцыпы, якія з’яўляюцца часткай прававой сістэмы РФ.

Пытанне адмены смяротнага пакарання ў Беларусі падымалася на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Гэтае пытанне нават выносілася на рэферэндум 1996 года. За тое, каб пакінуць смяротнае пакаранне ў Беларусі, быццам бы выказаліся 80% тых, хто галасаваў. Аднак вынікі гэтага рэферэндуму міжнародная супольнасць не прызнала праз відавочныя парушэнні. Беларускія эксперты ўвогуле лічаць падзеі 1996 года ў Беларусі дзяржаўным пераваротам.

Менавіта праз наяўнасць смяротнага пакарання Беларусь так і не далучылася да Рады Еўропы. Таму беларускія грамадзяне і грамадзянкі не маюць права абскарджваць рашэнні беларускіх судоў у Еўрапейскім судзе па правах чалавека.

У 2009 годзе стартавала кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі». Але яшчэ задоўга да афіцыйнага старту кампаніі праваабаронцы пачалі займацца адвакацыяй па гэтым пытанні, каб дасягнуць мэты — мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі. Мараторы так і ўведзены. Сітуацыя ў Беларусі тым часам усё пагаршаецца.

У 2022 годзе ў Крымінальны кодэкс унеслі папраўкі. Цяпер чалавек можа быць асуджаны да смяротнага пакарання за замах на тыя асабліва цяжкія злачынствы, за якія раней было прадугледжана смяротнае пакаранне.

Амаль незаўважная розніца, але праз гэтыя папраўкі даецца магчымасць прысудзіць да смяротнага пакарання чалавека, які фактычна нікога не забіў, але быццам бы рыхтаваўся да гэтага. Правапрымяняльная практыка не прымусіла сябе доўга чакаць: у чэрвені 2024 года да смяротнага пакарання прысудзілі Рыка Кругера. Праз злачынствы, у якіх вінавацілі Кругера, ніхто не загінуў.

«Асуджаны стаў ахвярай зменаў у Крымінальны кодэкс у красавіку 2022 года», — каментаваў прысуд каардынатар кампаніі супраць смяротнага пакарання Андрэй Палуда. — «Цяпер паводле ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму — рэд.) да смяротнага пакарання могуць быць прыгавораныя за ўчыненне выбуху нават без ахвяр».

Рыка Кругера памілавалі 30 жніўня 2024 года. У межах абмену зняволенымі Кругера вызвалілі і вярнулі ў Нямеччыну.

Хаця прысуд не быў выкананы, адно тое, што ён быў вынесены – небяспечны прэцэдэнт. Цяпер у Беларусі могуць прысудзіць да смяротнага пакарання нават калі няма пацярпелых.

Пакаранне для сваякоў

«Я не думала і не ведала, што ў нас ёсць такі від пакарання», — казала сястра Станіслава і Іллі Косцевых, якіх прысудзілі да смяротнага пакарання ў 2020 годзе.

Таксама пра смяротнае пакаранне не ведала дачка Генадзя Якавіцкага, якога расстралялі ў 2016 годзе.

Гэта не выпадкова. Хаця беларускія ўлады заяўляюць, што смяротнае пакаранне захоўваецца як мера запалохвання, усё, што датычыцца выканання прысуду, — працэс цалкам сакрэтны. Уся інфармацыя пра тое, як выглядае смяротнае пакаранне ў Беларусі, — пераважна вядомая з аповедаў сваякоў тых, каго прысудзілі да смяротнага пакарання, і былых супрацоўнікаў СІЗА № 1 — менавіта там утрымліваюцца прысуджаныя да смяротнага пакарання. Менавіта там прысуды прыводзяцца ў выкананне.

У 2012 годзе выйшаў дакументальны фільм праваабарончага цэнтра «Вясна» «Убыл по приговору». У фільме былы начальнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў расказваў пра ўмовы, у якіх людзі чакаюць смерці. «Убыл по приговору» — менавіта так сваякам асуджаных да смяротнага пакарання паведамляюць, што прысуд прывялі ў выкананне.

Самі асуджаныя ніколі не ведаюць дакладную дату, калі іх мусяць расстраляць. Адпаведна, не ведаюць і іхнія родныя. Для асуджаных кожнае набліжэнне кагосьці з супрацоўнікаў СІЗА да дзвярэй камеры — патэнцыйны сігнал, што набліжаецца іх смерць. Родныя зняволеных кажуць, што калі іх прыводзяць на спатканне, пэўны час яны ў моцным шоку не даюць рады зразумець, дзе ўвогуле знаходзяцца. Яны ніколі не ведаюць, ці іх вядуць на спатканне да родных, ці на допыт, ці на расстрэл.

Пасля прыведзення прысуды ў выкананне сваякам па пошце дасылаюць паведамленне, дзе пазначаюць, што іх родны «убыл по приговору». Адпаведна, з моманту смерці асуджанага да моманту, калі пра гэта стане вядома сваякам, мінуе некалькі дзён. Цела забітага родным не выдаюць. Месца пахавання таксама не паведамляюць. Алег Алкаеў у інтэрв’ю расказваў, што гэта яшчэ савецкая традыцыя, каб памяць пра чалавека «не вартага сацыялістычнага грамадства» была знішчана, і з пакаранага смерцю не стваралі куміра.

Дакладна не вядома, дзе пахаваныя тыя сотні чалавек, якіх расстралялі за 33 гады незалежнасці Беларусі. Праваабаронцы лічаць, што за гэты час былі прыведзеныя ў выкананне ніяк не менш за 400 прысудаў.

Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый лічыць, што псіхалагічныя пакуты, якія перажываюць асуджаныя і іх сваякі ў Беларусі, прыраўноўваюцца да бесчалавечнага абыходжання і катаванняў.

Статыстыка

У 2023 годзе смяротнае пакаранне заставалася ў заканадаўствах 51 краіны. Сярод іх Беларусь, Іран, Кітай, Афганістан і ЗША (некаторыя штаты). Па дадзеных праваабаронцаў за 2023 год не менш за 1153 чалавекі былі пакараныя смерцю.

У 2023 годзе ў Беларусі не было прыведзена ў выкананне ніводнага смяротнага прысуду. Але аднаго чалавека прысудзілі да смерці — Аляксандра Таратуту, якога прызналі вінаватым у забойстве трохгадовага сына. У праваабаронцаў няма дадзеных аб тым, што прысуд быў прыведзены ў выкананне.

Імаверна, Аляксандр Таратута знаходзіцца зараз у некалькіх сотнях метраў ад бутык-гатэляў, тэатраў, музеяў, рэстаранаў і цэркваў – у «расстрэльнай камеры» СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.


Аўтарка: Дар’я Гардзейчык