Наша дзейнасць

Акадэмiя Першых
Мэта “Акадэміі Першых” – падрыхтоўка моладзевых актывістаў і актывістак для больш эфэктыўнай пабудовы інстытутаў грамадзянскай супольнасці і кіравання іх дзейнасцю.
“Акадэмія Першых” працяглы час з’яўлялася адной з візітовак “РАДА”. Адукацыйны курс рэалізоўваўся 8 год! Праз яго прайшлі сотні актывістаў і актывістак, якія даведаліся пра этапы планавання і рэалізацыі праектаў, навучыліся фармуляваць мэты і фармаваць каманду, пазнаёміліся з моладзевай палітыкай Беларусі і Еўропы, даведаліся больш пра дэмакратычныя прынцыпы і правы чалавека.
Акадэмія першых [перазагрузка]
“Акадэмія першых [перазагрузка]” – гэта доўгатэрміновая адукацыйная праграма, скіраваная на павышэнне патэнцыялу беларускіх моладзевых арганізацый і ініцыятыў.
Фармат праграмы: ад кожнай арганізацыі/ініцыятывы ў праграме прымаюць удзел 2 прадстаўніка ці прадстаўніцы, якія наведваюць групавыя навучальныя трэнінгі, сустракаюцца і атрымліваюць анлайн-кансультацыі ад дасведчаных ментараў ці ментарак, выконваюць хатнія заданні, транслююць атрыманыя веды і абмяркоўваюць далейшыя дзеянні паміж чальцамі сваёй арганізацыі/ініцыятывы.
Youthink
Навучальная праграма для лідараў і лідарак моладзевых арганізацый і ініцыятыў па авалоданні практыкамі і кампетэнцыямі будучыні ад Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА” і Задзіночання беларускіх студэнтаў.
RADAvisual
RADAvisual — школа візуальнага мастацтва для моладзевых актывістаў і актывістак, прадстаўнікоў і прадстаўніц грамадскіх арганізацый і ініцыятыў. Мэта школы — падвысіць візуальныя кампетэнцыі ў актывістаў і актывістак, каб візуал дапамагаў і падкрэсліваў вашы мэты і каштоўнасці.
RADA FORUM
«RADA FORUM» — двухдзённая канферэнцыя па пытаннях моладзі, моладзевай палітыкі, моладзевых арганізацый і ініцыятыў у Беларусi.
Мерапрыемства збірае прадстаўнікоў і прадстаўніц моладзевых арганізацый, акадэмічнай супольнасці і міжнародных інстытутаў. Удзельнікі і ўдзельніцы форуму абмяркоўваюць аспекты працы ў моладзевых арганізацыях і іх узровень уплыву на моладзевую палітыку, асноўныя выклікі і тэндэнцыi, якія існуюць у моладзевым сектары. RADA FORUM – гэта пляцоўка для новых знаёмстваў і ўсталявання будучага партнёрства ў моладзевым сектары.
RADA MARKET
“RADA MARKET” – гэта пляцоўка абмену ідэямі, рэчамі, ведамі і натхненнем. Мерапрыемства носіць дабрачынны характар і аб’ядноўвае ў сабе Free market (пляцоўку для бясплатнага абмену рэчамі і паслугамі), Youth Fair (пляцоўку моладзевых арганізацый і ініцыятыў), а таксама лекцыі, варкшопы, кінапаказы.
Валанцёрскі фэст
Яго мэта – папулярызацыя моладзевага ўдзелу ў дзейнасці некамерцыйных арганізацый і ініцятыў, стварэнне пазітыўнага іміджу пра валанцёрскую дзейнасць сярод маладых людзей. На працягу дня маладыя людзі наведваюць арганізацыі і ініцыятывы, знаёмяцца з іх дзейнасцю, дапамагаюць у падрыхтоўцы мерапрыемстваў. За гэты час удзельнікі і ўдзельніцы могуць не толькі даведацца пра існуючыя моладзевыя арганізацыі і ініцыятывы, але і пазнаёміцца бліжэй з іх дзейнасцю, абмеркаваць далейшыя шляхі супрацоўніцтва.
RADA AWARDS
Нацыянальная моладзевая прэмія RADA AWARDS – гэта сімвал прызнання і падзякі маладым людзям Беларусі за іх каштоўны ўнёсак у стварэнне будучага, у якім беларусы жывуць свабодна і годна!
Прэмія была заснаваная Беларускім нацыянальным моладзевым саветам “РАДА” у 2016 годзе і ўручаецца выбітным маладым актывістам і актывісткам, арганізацыям і ініцыятывам. Лаўрэатаў абіраюць розныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія з’яўляюцца экспертамі і прафесіяналамі ў сваёй галіне.
Даследаванні
Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” падчас сваёй дзейнасці сутыкнуўся з адсутнасцю публічнага доступа да актуальных справаздач па становішчы моладзі, якія рыхтуюцца Міністэрствам адукацыі. У сувязі з гэтым “РАДА” распачала ўласныя даследаванні.
Першая часта даследавання была прадстаўлена грамадскасці ў лютым 2015 года. Агляд моладзевай палітыкі і ўдзелу моладзі ў Беларусі быў напісаны на падставе аналізу пісьмовых крыніц, фокус-груп і індывідуальных інтэрв’ю з прадстаўнікамі моладзевых арганізацый і ініцыятыў. Дакумент апісвае рэгуляванне моладзевай палітыкі ў Беларусі і магчымасці ўдзелу моладзі ў грамадска-палітычным жыцці.
У 2019 годзе Культурны цэнтр “КОРПУС”, Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” і Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend правялі даследаванне “Гісторыя, умовы і практыкі развіцця валанцёрскай дзейнасці: перспектывы для Беларусі”.
Рэсурсная дапамога
Дэмакратычныя моладзевыя арганізацыі і ініцыятывы могуць атрымаць рэсурсную (нематэрыяльную) дапамогу ад “РАДА”.