Алесь Крот

Алесь Крот
Алесь Крот, 26 гадоў, з Менску. Вучыўся на будаўніка ў БНТУ, быў выключаны за грамадскую дзейнасць і адноўлены. Кіраўнік моладзевай прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада», старшыня Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА», rada.fm, сябра моладзевага кансультацыйнага савета ААН.

Гісторыя Алеся

– У 2007 годзе я вучыўся ў архітэктурна-будаўнічым каледжы і пакрысе займаўся рознымі грамадска-палітычнымі дзвіжухамі. Мне было 17. Тады студэнтам адмянілі льготы, але праходзіла гэта неяк незаўважна, а таму мы з сябрамі вырашылі правесці некалькі акцый, каб прыцягнуць увагу да праблемы. Напрыклад, Дзень «труса» – апраналі вушы, ездзілі ў грамадскім транспарце. Нават ладзілі пахаванне студэнцкіх ільгот – сапраўднае, з труной, дамавінай, смерцю з касой, плакальшчыцамі. Я граў на баяне пахавальны марш. Мы весела рушылі з «Макдака» на Нямізе ў Траецкае, але пад мостам нас спынілі і «закаталі» ўсю кампанію, забралі шэсць чалавек.

Тут мы і зразумелі, што ў Беларусі няма арганізацый, якія займаюцца студэнтамі і іх правамі. Таму ў сакавіку 2008 заснавалі «Студэнцкую Раду», а каб не падпасці пад артыкул 193.1, зарэгістравалі прафсаюзную групу ўнутры Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці.

«Ладзілі пахаванне студэнцкіх ільгот – сапраўднае, з труной, смерцю, плакальшчыцамі. Я граў на баяне пахавальны марш»

Працы было надзвычай шмат, не ведалі, за што хапацца: то займаліся адукацыйнымі семінарамі для студэнтаў, пасля кінуліся ў даследчую дзейнасць – да нас жа правы студэнтаў наогул ніхто не чапаў. У 2008 рабілі на базе майго тэхнікума даследаванне органаў студэнцкага самакіравання, каб зразумець, ці могуць навучэнцы рэальна ўплываць на месца, дзе яны вучацца. Раздавалі анкеты за 5 хвілін да заканчэння пары, сабралі 200 штук, прааналізавалі. Але хуценька мяне выклікалі на дыван і пачалі шчаміць. Маўляў, я рыхтую рэвалюцыю і развёў бурлівую падрыўную дзейнасць. Але не адлічылі.

Перад выбарамі 2010 года, пакуль большасць канапавых змагароў маніторыла абнаўленні «Вконтакте», «Студэнцкая Рада» маніторыла датэрміновае галасаванне і тлумачыла студэнтам, як пазбегнуць гэтай прымушалаўкі. У нас нават была «гарачая лінія», усе парушэнні фіксаваліся. У 2010 быў неверагодны ціск на грамадскую супольнасць, сябраў арганізацыі абшуквалі ў межах крымінальнай справы па масавых беспарадках, таму частка з іх з’ехала, бо баялася пераследу. Тады мяне адлічылі з БНТУ, дзе я вучыўся на будаўніка. Паўгода мы з паплечнікамі і праваабаронцамі скардзіліся ў розныя інстанцыі – і дамагліся праз суд аднаўлення. І вось з 2011-га прайшло амаль чатыры гады, як я не студэнт, але ўсё роўна не магу кінуць тэму студэнцкіх правоў.

Алесь Крот

Што робіць «Студэнцкая Рада» зараз?

У нас тры асноўныя кірункі: адукацыйны, інфармацыйна-асветніцкі і юрыдычная кансультацыя. Мы ладзім семінары на правах студэнтаў і чалавека ўвогуле. Кінапрагляды, выпуск інфармацыйных матэрыялаў – таксама наш фармат. Нядаўна другі год запар праводзілі «Тыдзень Студэнта». Гэта такі брэнд, пад якім шмат недзяржаўных арганізацый ладзяць івэнты з агульнай ідэяй салідарнасці і самарэалізацыі. Семінары, кінаноч, дыскусіі, city game накшталт «Схопкі», кампанія пра тое, як атрымаць цалкам беларускамоўны студак… На фінальны канцэрт Тыдня дык наогул чалавек 200 прыйшло, хаця наўпрост заклікаць студэнтаў ва ўніверах мы не можам. Нават каб павесіць самую бяскрыўдную афішку, патрэбная пячатка дэкана. А ён глядзіць: «Што-о-о? “СтудРада”? Ну не!» Затое нас не толькі баяцца ў адміністрацыі ВНУ, але і ведаюць. Гэта радуе.

Алесь Крот

Крута, што праз нашу актыўнасць і Тыдні Студэнта ўсё больш і больш студэнтаў лічаць, што іх прафесійнае свята не 25 студзеня, калі быў заснаваны МДУ, а 17 лістапада. Гэта сапраўды гістарычна вызначаны дзень, але гісторыя даволі крывавая. 28 кастрычніка 1939 года ў акупаванай фашыстамі Празе студэнты выйшлі на марш – ушанаваць гадавіну чэшскай дзяржаўнасці. Акупанты, канешне, усіх разагналі, а яшчэ і паранілі студэнта медыцынскага ўнівера. Яго пахаванне перарасло ў акцыю пратэсту, а раніцай 17 лістапада карнікі акружылі студэнцкія інтэрнаты актывістаў. 1200 чалавек арыштавалі і завезлі ў канцлагеры. Праз два гады свет вырашыў адзначаць той дзень як міжнародны – гэта салідарнасць, якая сапраўды перарабіла Еўропу.

Важная рэч, з якой мы таксама дапамагаем студэнтам, – юрыдычная кансультацыя па правах. Хочуць заперці на два гады ў аграгарадок ці адлічыць на апошнім курсе – нашы юрысты падказваюць, як можна гэтага пазбегнуць.

«СтудРада» таксама з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком «Жывых Бібліятэк» у Беларусі. «Жывыя Бібліятэкі» як фармат гадоў 15 таму прыдумалі датчане: ты прыходзіш у «бібліятэку», дзе замест кніг – людзі, якія распавядаюць свае гісторыі. Мы запрашаем распавесці пра сябе розную публіку – лесбіянку, чайлд-фры, раварыста, праваабаронцаў. Найбольшым попытам карысталася «бібліятэка» з цёцяй, якая займалася сэксам па тэлефоне. Такім чынам мы змагаемся са стэрэатыпамі.

Алесь Крот

Супрацоўніцтва з дзяржавай

Як такім арганізацыям, тыпу нашай, супрацоўнічаць з дзяржавай? Ды ніяк. У конкурсах, калі размяркоўваецца дзяржпадтрымка, можа ўдзельнічаць толькі частка адабраных арганізацый. Мы туды, натуральна, не ўваходзім. Але мы і не просімся. Дзяржаве насамрэч не трэба распрацоўваць складаныя праграмы падтрымкі, укладаць сродкі. Галоўнае – не замінайце нам рабіць тое, што мы робім.

Міністэрствы і недзяржаўныя арганізацыі ў Беларусі – гэта наогул неспалучальныя рэчы. Мы маем незалежную пазіцыю і крытыкуем, таму для дзяржавы мы не партнёры, а, хутчэй, стрэмка ў срацы. Вось дзяржава і выбірае самы просты стыль камунікацыі – ігнараванне.

«Для дзяржавы самы просты стыль камунікацыі – ігнараванне»

Але невялічкія пазітыўныя зрухі ўсё ж ёсць. Напрыклад, пры ААН стварылі моладзевы кансультацыйны савет, каб улічваць голас моладзі, калі прымаюцца нейкія рашэнні па маладзёнах. У нас там добрая кааліцыя, БРСМ няма. У асноўным усе прадстаўляюць дэмакратычныя арганізацыі. Затое калі нас «прысвячалі» – выдавалі модны сертыфікат Advisory panel, флэшачкі, там, кубачкі, – прыехала БТ і здымала толькі хлопцаў з БелАЮ. Можа думалі, што белаюшнікі не накасячаць і нічога дрэннага публічна не скажуць.

Задумка кансультацыйнага савета добрая, але рэалізацыя пакідае пытанні: як і заўсёды ў нас – стварыць стварылі, а чым займацца, ніхто не ведае. Напрыклад, распрацавалі Моладзевую стратэгію на 2015–2020 год і кажуць: «Паважаная моладзь, выкажыцеся, змяніце, што не падабаецца». Мы ўзрушыліся, склалі спіс дапаўненняў, маўляў, трэба ўцягваць у афіцыйную дзейнасць і незарэгістраваныя арганізацыі, бо яны дастаткова актыўныя. На што нам адказваюць: nice try, але гэтая стратэгія ўжо рэалізуецца. Дык а на фіга нам тады яе далі? Так што мы проста выпусцілі рэкамендацыю, уключна з даследаваннем пра стан моладзі і арганізацый, якую павінны ўлічыць пры распрацоўцы новай стратэгіі – на 2020–2025.

Алесь Крот

Пра пакаленні

Такія складаныя тэмы, як абарона правоў, не маюць асаблівай змены пакаленняў. Зараз моладзь больш арыентаваная на практыку, ёй патрэбная кампетэнцыя, якая паможа знайсці добрую працу і зашыбаць бабло. А валанцёрыць ніхто не хоча. Да таго ж мала хто разумее, што такое НДА, навошта яны. Ды і крытычна мысліць не трэба. «Будзь як усе» – вось дэвіз пакалення. Нават мама часцяком гаворыць мне: «Саша, куды ты лезеш? Ты мяне хочаш у труну загнаць?»

Але надзея ёсць. Тыя ж Students against, якія нядаўна выходзілі супраць платных адпрацовак у БДУ. Перад гэтым яны 2,5 тысячы подпісаў сабралі за адмену, пайшлі да рэктара, а ён іх нават слухаць не стаў. І хлопцы вырашылі зрабіць «Марш кахання і салідарнасці» – ніякага крыміналу і палітычных лозунгаў. Но самае цікавае ў тым, што зараз вырасла пакаленне студэнтаў, якія не бачылі ніякай актыўнасці, для іх нават такі марш салідарнасці, калі проста ідуць, нічога не скандуюць, нічога не грамяць, – ужо крайняя ступень радыкалізацыі. Мы як «СтудРада» іх прынцыпова ніяк не накіроўваем. Зараз вось на арганізатараў пачаўся ціск на філфаку, тады мы маніторым і дапамагаем. Але самі не ўлазім – толькі калі папросяць.

Алесь Крот

Будучыня

У нашых планах пашырэнне дзейнасці юрыдычнай кансультацыі. Хочацца нарэшце дапісаць кнігу пра найноўшую гісторыю студэнцкага самакіравання, скласці мапу студэнцкіх месцаў у Менску. Ёсць магчымасць зрабіць анлайнавую мапу з месцамі, якія адносяцца да студэнцкіх актыўнасцей тым ці іншым чынам, як дадатак для мабільнага. Бо цяжка ўвесь час займацца сур’ёзнымі рэчамі, хочацца пахуліганіць, зрабіць фанавыя штукі для сябе, але гэта, на жаль, рэдка атрымліваецца.

«Марш салідарнасці, калі проста ідуць, нічога не скандуюць, нічога не грамяць, – ужо крайняя ступень радыкалізацыі»

Хачу быць як Купала. Каб у будучыні нашчадкі маглі сказаць, што я сыграў ролю ў станаўленні беларускага дэмакратычнага грамадства. Ну, гэта ў ідэале. А мінімум, хочацца зрабіць нешта каштоўнае і грунтоўнае, таму гэта ў першую чаргу не дазваляе кінуць справы. А правы трэба вывучаць нават толькі для таго, каб мець магчымасць жыць у прававой дзяржаве.

Алесь Крот
0
Каментары
Няма каментарыяў.
Алесь Крот Алесь Крот Алесь Крот Алесь Крот Алесь Крот Алесь Крот Алесь Крот
Алесь Крот Алесь Крот Алесь Крот Алесь Крот Алесь Крот Алесь Крот Алесь Крот