Заява РАДА ў сувязі з затрыманнямі моладзевых актывістаў і актывістак

Заява РАДА ў сувязі з затрыманнямі моладзевых актывістаў і актывістак

Мы, саюз дваццаці сямі дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам – Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай:

“РАДА” з вялікай занепакоенасцю ставіцца да хвалі ціску на грамадскіх актывістаў і актывістак у Беларусі і парушэнняў свабоды слова і свабоды мірных сходаў, якія адбыліся на пачатку траўня 2020 года. Асобную ўвагу мы звяртаем на выпадкі празмернай рэакцыі на дзеянні моладзі з боку міліцыі і судоў.

Так, цягам 8 і 9 траўня былі затрыманы 5 моладзевых актывістаў і актывістак у Мінску, якія ўдзельнічалі ў акцыі Coffin Dance Minsk. Елізавету Пракопчык і Данілу Лаўрэцкага абвінавацілі ў парушэнні артыкулу 23.34 КаАП “Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў”, а ў панядзелак 11 траўня ім прысудзілі 5 і 13 сутак арышту адпаведна. Мiхась Варанцоў, Вераніка Яновіч і Уладзь Клаўкін правялі ў РУУС да 12 гадзін часу ў якасці сведак, пасля чаго былі адпушчаны. Напрацягу гэтага часу ім не дазвалялі паведаміць сваякам аб сваім месцазнаходжанні.

У панязелак 11 траўня быў затрыманы Пётр Маркелаў, які знаходзіўся ў будынку суда разам з групай людей, што прыйшлі падтрымаць Елізавету і Данілу. 13 траўня яму прысудзілі 10 сутак арышту за тое, што ён “з хуліганскіх памкненняў ляжаў на лаўцы”.

Акцыя Coffin Dance Minsk, якая была прызнана судом як масавае мерапрыемства, на наш погляд мела мірны характар, а яе ўдзельнікі і ўдзельніцы імкнуліся выказаць сваё меркаванне наконт правядзення масавых мерапрыемстваў падчас пандэміі каранавірусу. Мы лічым, што затрыманне і пераслед удзельнікаў і ўдзельніц акцыі з’яўляецца парушэннем артыкула 35 Канстуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Яшчэ больш абураюць абставіны, пры якіх затрымалі Пятра Маркелава. Мы разглядаем гэтую сітуацыю, як спробу запужаць і прыпыніць салідарнасць і падтрымку сярод моладзі.

У апісаных двух выпадках мы бачым намаганні беларускіх уладаў абмежаваць магчымасці для мірных сходаў грамадзян. Супадзенне пачатку хвалі ціску і абвяшчэння пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта, на наш погляд, невыпадковае. Нагадаем, што акром узгаданых вышэй моладзевых актывістаў і актывістак з пачатку траўня былі затрыманы больш за 100 удзельнікаў і ўдзельніц мірных сходаў па ўсёй краіне, сярод якіх журналісты і журналісткі. 

Такія дзеянні ствараюць атмасферу гнёту і страху ў грамадстве, якая памнажаецца на фоне невядомасці і працягнення каранавіруснай пандэміі. Такі стан рэчаў вельмі адмоўна ўплывае на грамадска-палітычныя працэсы і можа прывесці да абвастрэння сацыяльных праблем і падвышэння ўзроўню агрэсіі ў грамадстве.

На падставе гэтага мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна спыніць пераслед удзельнікаў і ўдзельніц мірных сходаў і вызваліць затрыманых.

Мы выказваем салідарнасць усім затрыманым, а таксама шчыра ўдзячны ўсім беларускім грамадзянам, актывістам і актывісткам, прадстаўнікам і прадстаўніцам міжнароднай супольнасці і міжнародных інстытутаў за падтрымку і салідарнасць з затрыманымі.

13.05.2020 Мінск