Сумесная заява ЗБС, БНМС «РАДА» і Грамадскага Балонскага Камітэта наконт прымусовага публічнага «пакаяльнага відэа» студэнта юрфака БДУ
Мы, Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў, БНМС «РАДА» і Грамадскі Балонскі Камітэт, рашуча асуджаем нядаўні інцыдэнт на юрыдычным факультэце БДУ, дзе студэнта прымусілі зняцца ў «пакаяльных відэа». Гэты ўчынак — не толькі парушэнне правоў і свабод студэнтаў, але і грубае парушэнне акадэмічных свабод.
Акадэмічныя свабоды — фундаментальны прынцып, які ляжыць у аснове імкнення да ведаў, крытычнага мыслення і адкрытага дыялогу ў навучальных установах разам з выразнай мяжой паміж акадэмічным і грамадскім жыццём студэнтаў_к і выкладчыкаў_ц. Ён ахоплівае правы студэнтаў_к, выкладчыкаў_ц і супрацоўнікаў_ц свабодна выказваць свае думкі, меркаванні і вынікі даследаванняў, не баючыся рэпрэсій і пераследу. Парушэнні акадэмічных свабод закранаюць не толькі асобнага_ую студэнта_ку, але і маюць далёка ідучыя наступствы для ўсёй акадэмічнай супольнасці і развіцця ведаў у Беларусі. Такія інцыдэнты падрываюць інтэлектуальную разнастайнасць, перашкаджаюць крытычнаму мысленню і душаць інавацыі і прагрэс.
У дадзеным выпадку студэнта прымусілі здымаць «пакаяльнае відэа», парушаючы тым самым яго права на свабоднае выказванне сваіх меркаванняў. Ужыўшы гэтую прымусовую меру, Беларускі Дзяржаўны Універсітэт паставіў пад пагрозу акадэмічную свабоду студэнта, пазбавіўшы яго права на адкрытае абмеркаванне і пошук ідэй, а таксама ўжыў зневажальныя метады пакарання.
Прымус і пакаранне студэнта ўдзелам у «пакаяльным відэа» не толькі абмяжоўваюць яго права на свабоднае выказванне сваіх думак і меркаванняў, але і зневажаюць яго годнасць і самастойнасць. Такія дзеянні супярэчаць прынцыпам справядлівасці, спагады і павагі, якімі павінны кіравацца навучальныя ўстановы. Падобныя метады шырока выкарыстоўваюцца беларускай міліцыяй у дачыненні да асобаў, якія здзейснілі злачынствы супраць дзеючага палітычнага рэжыму, і на гэтым прыкладзе мы бачым, наколькі глыбока прасякла дзяржаўная ідэалогія і пераслед палітычных апанентаў Акадэмію.
Больш за тое, мы падкрэсліваем, што гэтая прымусовая мера парушае міжнародна прызнаныя стандарты ў галіне правоў чалавека, у тым ліку Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтыя дакументы абараняюць правы на свабоду думкі, сумлення, выражэння і належную судовую працэдуру, усе з якіх былі парушаны ў гэтым інцыдэнце.
Заклікаем Беларускі Дзяржаўны Універсітэт прыняць неадкладныя меры па выпраўленні гэтай сітуацыі. Мы патрабуем ад універсітэта:
- Публічна прызнаць і прынесці выбачэнні за парушэнне правоў студэнта і пакуты, выкліканыя навязваннем «пакаяльнага відэа».
- Адмяніць любыя меры пакарання, накладзеныя на студэнта ў выніку прымусовага «пакаяльнага відэа».
- Пераглядзець ўніверсітэцкія палітыку і працэдуры, каб пераканацца, што яны адпавядаюць міжнародна прызнаным стандартам правоў чалавека і абараняюць правы і свабоды ўсіх членаў універсітэцкай супольнасці.
Акрамя гэтага, мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і акадэмічныя інстытуты падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і працаваць з беларускімі студэнтамі і студэнткамі індывідуальна. Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі патрабуе салідарнасці і супрацоўніцтва ў абароне правоў і свабод студэнтаў_к і навукоўцаў_вак.
Мы заклікаем міжнародных партнёраў:
- Супрацоўнічаць з беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці для падтрымкі і абароны правоў студэнтаў_к і выкладчыкаў_ц, якія сутыкаюцца з рэпрэсіямі і абмежаваннямі акадэмічных свабод.
- Прадастаўляць беларускім студэнтам і студэнткам стыпендыі, праграмы абмену і акадэмічную падтрымку, каб яны маглі працягваць навучанне ў асяроддзі, якое падтрымлівае акадэмічныя свабоды і паважае іх правы.
- Выступаць за вызваленне затрыманых студэнтаў_к і навукоўцаў_вак у Беларусі, якія несправядліва зазнаюць рэпрэсіі за выказванне сваіх меркаваннў і ўдзел у мірнай актыўнасці.
- Выдзяляць рэсурсы для падтрымкі і ўмацавання незалежных студэнцкіх арганізацый і ініцыятыў у Беларусі, забяспечваючы іх неабходнымі інструментамі, навучаннем і кіраўніцтвам для адвакатавання акадэмічных свабод і правоў чалавека ў сваіх установах.
- Удзельнічаць у дыпламатычных намаганнях і міжнародным ціску, каб заахвоціць беларускі ўрад паважаць і абараняць акадэмічныя свабоды, правы чалавека і аўтаномію навучальных устаноў.
- Садзейнічаць акадэмічным абменам і супрацоўніцтву паміж беларускімі студэнтамі_камі, навукоўцамі_камі і іх замежнымі калегамі і каляжанкамі, садзейнічанне міжкультурнаму разуменню і абмену ведамі пры стварэнні сетак падтрымкі і салідарнасці.
- Адсочваць і дакументаваць парушэнні правоў чалавека і акадэмічных свабод у Беларусі, павышаючы інфармаванасць на міжнародным узроўні і заклікаючы ўрады і адпаведныя зацікаўленыя бакі прыняць рашучыя меры ў адказ.