Магілёўскія ўлады робяць стаўку на моладзь
Паводле меркавання старшыні аблвыканкама рэальны і сацыяльны сектар эканомікі вобласці патрабуюць мадэрнізацыі. І прасоўванне маладых людзей ва ўладу магло б даць новы штуршок развіццю рэгіёна. У якасці прыкладу таго, што менавіта маладыя адказныя спецыялісты і лідары патрэбныя Магілёўскай вобласці, Уладзімір Даманеўскі прывёў гісторыю поспеху маладога кіраўніка аднаго з сельгаспрадпрыемстваў вобласці, які за кароткі тэрмін якасна палепшыў паказчыкі вытворчасці.
«Мы будзем патрабаваць і ад іншых кадраў удумлівай, ініцыятыўнай, рэзультатыўнай працы, робячы стаўку на моладзь і крэатыўнасць,» – адзначыў губернатар.
Улады Магілёўскай вобласці не першы раз выказваюцца за неабходнасць актывізацыі моладзевай палітыкі. Пасля прыпынення рэалізацыі рэспубліканскіх моладзевых праграм у 2011 годзе былы губернатар Пётр Руднік прапанаваў прыняць рэгіянальную праграму «Моладзь». Петр Руднік выказваўся за комплексную рэалізацыю моладзевай палітыкі і сцвярджаў перавагу сістэмнага падыходу перад разавымі акцыямі.
Заява новага губернатара Уладзіміра Даманеўскага адметная тым, што ён прапануе не проста падтрымаць моладзь, а даць ёй магчымасць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў на высокім узроўні – напрыклад, у органах дзяржаўнага кіравання, парламенце.
Паводле даследавання аб стане моладзевай палітыкі ў Беларусі, праведзенага Беларускім нацыянальным моладзевым саветам «Рада», абсалютная большасць членаў Савету Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў складаюць людзі, старэйшый за 50 гадоў. А ў парламенце, куды можна балатавацца з 21 года, няма ніводнага члена, маладзейшага за 30. Наогул ў Беларусі сярод тых, хто займае кіраўнічыя пасады ў органах дзяржаўнага кіравання, толькі 3% маладых людзей.