Топ навінаў для моладзі за тыдзень
Як павышэнне пенсійнага ўзросту можа паўплываць на моладзь, што думае пра маладых беларусаў пасол Расіі і каму забароняць паступаць у Акадэмію МУС. Чытайце ў дайджэсце навінаў за тыдзень.
Кожны чацвёрты
Павышэнне пенсійнага ўзросту – галоўная навіна тыдня не толькі для тых, хто знаходзіцца ў перадпенсійным узросце, але і для моладзі, якая толькі пачынае назапашваць працоўны стаж.
Неабходнасць павышаць пенсійны ўзрост да 60 гадоў для жанчын і 65 для мужчын, паводле слоў чыноўнікаў, прадыктаваная дэмаграфічным крызісам і старэннем нацыі. Колькасць працаздольнага насельніцтва на працягу апошніх дваццаці гадоў пастаянна змяншаецца, і ўжо сёння кожны чацвёрты жыхар Беларусі – пенсіянер.
Калі праблема не вырашыцца, то ў 2050 годзе колькасць пенсіянераў дасягне 28% і цяжар пенсійных выплат такой колькасці людзей можа стаць непад’ёмным для працаздольнага насельніцтва. З іншага боку, улады плануюць таксама выкрэсліць з паняцця “працоўнага стажу” гады навучання ў вну, дэкрэтны адпачынак, службу ў войску і іншыя перыяды, калі грамадзінін не рабіў выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. А значыць, сучасным маладым людзям прыйдзецца не толькі працаваць долей, але і будзе цяжэй зарабіць сабе пенсію. Таксама па статыстыцы, ужо сёння да пенсіі, якая пакуль для жанчын пачынаецца ў 55, а для мужчын – у 60 гадоў, не дажывае прыкладна кожны чацвёрты беларус. Падымаць пенсійны ўзрост плануюць паэтапна, з пачатку 2017 года на пенсію будуць выходзіць ў 58 (жанчыны) і 63 (мужчыны) гады. Улады заяўляюць, што праводзяць маніторынг рэакцыі грамадства на пенсійную рэформу.
“Моладзь наша – ну проста малайцы! Разумеючы, што гэта закране іх перад усім і тых, хто працуе, тым не менш, спакойна ўспрынялі гэтыя прапановы. Я не кажу, што гэта падабаецца. Але, бывае, не падабаецца, але нікуды не падзенешся, да гэтага трэба ісці,” – так пракаментаваў прыняцце рашэння пра павышенне працоўнага ўзросту Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Незразумелыя прыярытэты
Святкаванне Дня адзінства Беларусі і Расіі ўрады дзвюх краін дапоўнілі правядзеннем канферэнцыі па моладзевай палітыцы “Моладзь і міжнароднае супрацоўніцтва: досвед узаемадзеяння Расіі і Беларусі”. Падчас абмеркавання Саюзнай дзяржавы пасол Раcіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў выказаўся за стварэнне адзіннай “восі стратэгічнага супрацоўніцтва” дзвюх краін у сферы моладзевай палітыкі. Саму ж моладзь пасол ахарактарызаваў даволі неадназначна:
“Для прадстаўнікоў моладзі ўсё больш нарастаюць незразумелыя прырытэты, якія каротка характарызуюць ўсё грашовым эквівалентам і рознымі адхіленнямі ад сапраўдных праяваў чалавечых пачуццяў і панняццяў,” – адзначыў Аляксандр Сурыкаў.

Дзяўчатам уваход забаронены?
Акадэмія МУС вырашыла прыпыніць набор дзяўчат на факультэт міліцыі ў 2016 годзе. Звычайна для прадстаўніц жаночага полу выдзялялася 10 месцаў. Аднак ВНУ плануе працягнуць набор абітурыентак на іншыя факультэты. Напрыклад, 10 месцаў для дзяўчат пакінулі на спецыяльнасці “крымінальна-выканаўчая дзейнасць”, 17 – на спецыяльнасці “судова-пракурорска-следчая дзейнасць і судовыя крыміналістычныя дысцыпліны”.

Тлумачэнняў такога рашэння кіраўнік аддзела камплектавання РАУС Мінгарвыканкама Уладзімір Сіняк, які і абвесціў рашэнне ВНУ, не даў. Цікава, што Ваенная Акадэмія Рэспублікі Беларусь наадварот у 2016 годзе аднавіла набор дзяўчат на свае спецыяльнасці.