Абвешчана Еўрапейская сталіца моладзі 2019
16 лістапада напярэдадні Генеральнай асамблеі Еўрапейскага моладзевага форума адбылося ўрачыстае абвяшчэнне Еўрапейскай сталіцы моладзі на 2019 год. Ёю стаў Нові-Сад (Сербія).
У 2019 годзе Нові-Сад, як Еўрапейская сталіца моладзі, будзе працаваць над пашырэннем магчымасцей для моладзі, у тым ліку над новаствораным Мясцовым форумам моладзевага самакіравання, які дазволіць маладым людзям уплываць на рэалізацыю моладзевай палітыкі на лакальным узроўні.
Дэвіз горада – “АДЧЫНЕНЫЯ ДЗВЕРЫ”. Ён сімвалізуе стварэнне новых магчымасцей для маладых людзей горада, а таксама пабудову сувязяў з іншымі рэгіёнамі і краінамі. Нові-Сад прысвеціць 2019 год працы па тэме разнастайнасці, развіцця адмысловых праектаў у сферы гендарнай роўнасці, правоў чалавека ЛГБТК і ўключэнні бежанцаў.
Конкурс Еўрапейскай сталіцы моладзі быў заснаваны ў 2009 г. З аднаго боку ён натхняе гарады да большай адкрытасці ў стасунку да моладзі, павелічэння яе ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў, з іншага боку дае гарадам значны штуршок да развіцця. Каардынуе конкурс Еўрапейскі моладзевы форум, які рэпрэзентуе болей за 100 моладзевых арганізацый Еўропы – ад Ісландыі па Азербайджан.
Еўрапейскія сталіцы моладзі: Ратэрдам (Нідэрланды) – 2009, Турын (Італія) – 2010, Антверпен (Бельгія) – 2011, Брага (Партугалія) – 2012, Марыбар (Славенія) – 2013, Салонікі (Грэцыя) – 2014, Клюж-Напока (Румынія) – 2015, Ганджа (Азербайджан) – 2016, Варна (Балгарыя) – 2017, Кашкайш (Партугалія) – 2018, Нові-Сад (Сербія) – 2019 г.
Тытул “Сталіцы моладзі” існуе таксама на краінавым узроўні. З 2016 ён прыйшоў у Беларусь. Першай беларускай сталіцай моладзі стаў горад Баранавічы. З розных крыніц вядома, што конкурс адбываўся ў некалькі этапаў. Вядома таксама, што за права стаць сталіцай беларускай моладзі змагаліся 10 гарадоў. У фінал конкурса, акрамя Баранавічаў, увайшлі Горкі і Глыбокае.
На жаль, самі ўмовы конкурса не апублікаваны ў адкрытым доступе, не вядома, хто ацэньвае гарады і па якіх крытэрыях. Таксама застаецца невядомай беларуская сталіца моладзі на 2017 год.
У межах Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і моладзевая палітыка” на конкурс “Сталіца моладзі” выдзелена 23801,63 BYN, з чаго 3870 BYN у 2016 годзе, 4322,92 BYN – у 2017 годзе. Сродкі на рэалізацыю конкурса выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэта (74,3% ад бюджэта конкурса) і мясцовага бюджэта Віцебскай вобласці (25,7%).