Моладзь з краін ЕС і яго Усходніх партнёраў голасна выказала свае думкі адносна фармавання будучай моладзевай палітыкі
300 маладых лідэраў і лідэрак, спецыялістаў і спецыялістак па працы з моладдзю і асоб, якія распрацоўваюць моладзевую палітыку, з краін Еўрапейскага саюза і Арменіі, Aзербайджана, Беларусі, Грузіі, Рэспублікі Малдовы і Украіны два дні працавалі разам у рамках Моладзевага форума Усходняга партнёрства, які праходзіў у Варшаве 22 і 23 чэрвеня.
Камісар Хан і генеральны дырэктар Райхертс выступілі як на пленарным пасяджэнні, так і на сустрэчах групы выпускнікоў Erasmus+, студэнтаў Erasmus+ з краін-партнёраў, якія навучаюцца ў Варшаве, і пераможцаў конкурсу эсэ #EUaroundU. Абодва выступоўцы падкрэслілі ролю моладзі як рухавіка пераменаў і неабходнасць больш актыўнага ўзаемадзеяння з моладдзю пры распрацоўцы моладзевай палітыкі і праектаў.
Асноўнай тэматыкай абмеркаванняў былі пытанні ўцягненасці і грамадзянскай актыўнасці маладых людзей і іх удзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў. На семінарах Форуму маладыя актывісты і актывісткі распрацавалі канкрэтныя рэкамендацыі для ЕС, яго дзяржаў-членаў і ўрадаў краін Усходняга партнёрства, каб дапамагчы пры фармаванні іх будучай моладзевай палітыкі. Гэтыя прапановы будуць таксама ўлічвацца падчас дыскусій на маючым адбыцца 24 лістапада 2017 года саміце Усходняга партнёрства ў Бруселі.
Рэкамендацыі былі распрацаваны па трох асноўных тэмах: 1) маладыя людзі як актыўныя, крытычныя і адказныя грамадзяне; 2) моладзь і прадпрымальніцтва 3) высакаякасная адукацыя.
У рамках першай тэмы маладыя людзі заклікалі да выпрацоўкі спрыяльнага для моладзі падыходу да фармавання палітыкі праз стварэнне выгадных умоў для кіраваных моладдзю арганізацый і аддаванне перавагі моладзевым праектам пры размеркаванні сродкаў ЕС. Яны заклікалі да далучэння да ініцыятывы “Еўрапейскі корпус салідарнасці” моладзі Усходняга партнёрства і да стварэння ў інтэрнэце базы дадзеных выпускнікоў-міжнародных валанцёраў.
Узмацненне падтрымкі праграм сацыяльнага прадпрымальніцтва была цэнтральным пытаннем пры абмеркаванні другой тэмы. Удзельнікі форуму заклікалі да заснавання міжнароднага інвестыцыйнага фонда сацыяльнага прадпрымальніцтва і падкрэслілі неабходнасць стварэння дадатковых сістэм падтрымкі сацыяльных прадпрыемстваў. Яны заклікалі ўрады стварыць стымулы для адкрыцця маладымі людзьмі ўласных прадпрыемстваў, знізіць падаткі, ліквідаваць бюракратычныю валакіту і забяспечыць фінансаванне на прафесійным узроўні для маладых прадпрымальнікаў.
Што датычыцца трэцяй тэмы, маладыя лідэры і лідэркі заклікалі полісімэйкераў звярнуць больш увагі на фармаванне тых навыкаў, якія неабходныя для дасягнення поспеху на сучасным рынку працы. Удзельнікі заклікалі ўсталяваць належны дыялог паміж адпаведнымі НДА, навучальнымі ўстановамі, палітыкамі і экспертамі ў сферы фармальнай і нефармальнай адукацыі ў мэтах перагляду існуючых нацыянальных праграм адукацыі, удасканалення іх па меры неабходнасці і стварэння сінергічных сувязяў паміж суб’ектамі фармальнай і нефармальнай адукацыі.
Для даведкі
- Моладзевы форум Усходняга партнёрства ў Варшаве стаў трэцяй канферэнцыяй, прысвечанай актуальным для моладзі пытаннях, арганізаванай у рамках саміту Усходняга партнёрства. Папярэднія Моладзевыя форумы Усходняга партнёрства праходзілі ў Літве (2013) і Латвіі (2015) і былі прысвечаны пытанням сацыяльнай інтэграцыі і працаўладкавання.
- У рамках праграмы Erasmus+ на сённяшні дзень больш за 7 600 студэнтаў і студэнтак, выкладчыкаў і выкладчыц з краін Усходняга партнёрства атрымалі гранты ад Еўрапейскага саюза для навучання ў Еўропе; і больш за 2700 студэнтаў і студэнтак, выкладчыкаў і выкладчыц з краін ЕС атрымалі гранты на перыяд іх знаходжання ў краінах Усходняга партнёрства. Больш за 20 000 маладых людзей, спецыялістаў і спецыялістак па працы з моладдзю з краін Усходняга партнёрства паўдзельнічалі ў нефармальных адукацыйных мерапрыемствах Erasmus+ у сферы мабільнасці, моладзевых абменаў, вядзення дыялогу па пытаннях фармавання палітыкі і актывізацыі дзейнасці грамадзянскай супольнасці праз Еўрапейскую валанцёрскую службу.
- Адной з найноўшых фінансаваных ЕС праграм падтрымкі моладзі краін Усходняга партнёрства з’яўляецца ініцыятыва EU4Youth, у рамках якой будзе выдзелена 20 мільёнаў еўра на стымуляванне актыўнага ўдзелу моладзі ў жыцці грамадства і павышэнне яе працаўладкавальнасці праз развіццё тых навыкаў, якія могуць дапамагчы ім стаць лідэрамі і прадпрымальнікамі. У межах гэтага кампанента падтрымкі EU4Youth выдзеліць гранты на суму 8 мільёнаў еўра для заахвочання актыўнага ўдзелу маладых людзей у палітычным, сацыяльным і эканамічным жыцці.