Вынікі нацыянальнай моладзевай прэміі RADA AWARDS
21 снежня 2018 г. адбылася цырымонія ўручэння нацыянальнай моладзевай прэміі RADA AWARDS.
Прэмія была заснаваная Беларускім нацыянальным моладзевым саветам “РАДА” і ўручаецца маладым актывістам і актывісткам, ініцыятывам і праектам.
Сёлета прэмія ўручалася па 11 намінацыях:
- «Экалагічная моладзевая ініцыятыва/праект»
- «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы сацыяльнага прадпрымальніцтва»
- «Рэгіянальная моладзевая ініцыятыва/праект»
- «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы мастацтва» ⠀
- «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы захавання беларускай культуры і гістарычнай спадчыны»⠀
- «Адукацыйная моладзевая ініцыятыва/праект» ⠀
- «Моладзевы медыйны праект» ⠀
- «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы гендара» ⠀
- «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы правоў чалавека»⠀
- «Прыз глядацкіх сімпатый»
- «Вечны рухавік у моладзевым сектары»
У намінацыі «Экалагічная моладзевая ініцыятыва/праект» перамог праект “Zero waste карта”.
Гэта карта, на якой вы знойдзеце месцы, дзе можна купіць шматразовыя альтэрнатывы аднаразовым рэчам і іншыя тавары, якія дапамагаюць скараціць колькасць адходаў. Карта ствараецца экалагічнай супольнасцю горада. Вы можаце дадаць свае кропкі на карту!
Узнагароду ў намінацыі «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы сацыяльнага прадпрымальніцтва» атрымала студэнцкая сістэма зніжак UNI.
Студэнты атрымліваюць зніжкі ад партнёраў праекта UNI і эканомяць дзясяткі і сотні тысяч рублёў, якія яны змогуць выдаткаваць на нешта больш важнае.
У намінацыі «Рэгіянальная моладзевая ініцыятыва/праект» пераможцам абвешчаны віцебскі фестываль Kartonka. Гэта летні фестываль з адукацыйнымі і мастацкімі спотамі, маркетам, кіно, фуд-кортам і майстар-класамі.
У намінацыі «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы мастацтва» ўзнагароду атрымала выстава Сяргея Шабохіна «18 / практики подчинения».
Выстава – аўтарскі музей аб’ектаў страху, якая складаецца з 18 частак. Мастак стварыў часовую прастору для актыўнага падарожжа па персанальных бар’ерах гледача і механізмах улады. Аўтар выступае не ў ролі настаўніка, а правадыра, які прапануе “чуць і думаць” праект праз прызму асабістых гісторый і дзяржаўных міфаў.
Лепшымі ў намінацыі «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы захавання беларускай культуры і гістарычнай спадчыны» сталі «Беларускамоўныя» – гэта штотыднёвыя сустрэчы ў «Арт Сядзібе» з носьбітамі беларускай мовы. Свае гісторыі распавядаюць не толькі артысты, музыкі, паэты, а таксама сантэхнікі, юрысты, прадавачкі. Кожны тыдзень героямі імпрэзы становяцца па 2 асобы. Пачуйце унікальныя гісторыі, звязаныя з беларускай мовай і жыццём людзей, якія размаўляюць па-беларуску!
Лаўрэатам намінацыі «Адукацыйная моладзевая ініцыятыва/праект» стаў праект Школа гарадскіх змен Zmena. Zmena – гэта бясплатныя ўрокі, блог і медыятэка для тых, хто хоча зрабіць свой горад лепш.
Прэмію ў намінацыі «Моладзевы медыйны праект» атрымаў праект Girls Power By.
Girls Power BY – гэта гісторыі легендарных жанчын нашай краіны ў жанры фікшн-інтэрв’ю. Гэта не ўрок гісторыі Беларусі, гэта ўрок аб тым, як у любую эпоху і ў любых умовах можна захаваць сваю ўнікальную сілу і прымусіць наступныя эпохі ўспамінаць пра цябе. Гэта гісторыі сілы дзяўчат.
Лепшыя ў намінацыі «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы гендара» – ініцыятыва “Маршируй, детка!”.
Гэта ініцыятыўная група неабыякавых беларусак і беларусаў, якая самаарганізавалася ў той дзень, калі канцэпцыя закона Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту была раскрытыкаваная ўладамі.
Узнагароду ў намінацыі «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы правоў чалавека» атрымала каманда Youth Labour Rights.
Каманда YLR займаецца юрыдычным кансультаваннем па пытаннях размеркавання і працоўных адносін праз гарачую лінію і афлайн мерапрыемствы, маніторынгам парушэнняў пры правядзенні размеркавання ў навучальных установах Беларусі, прасоўваннем змяненняў і рэкамендацый у заканадаўства аб працы і аб адукацыі.
«Прыз глядацкіх сімпатый» атрымаў праект «Вуліца стрыт-фуда» з Маладзечна. Супольнасць актыўных гараджан арганізавалася і падрыхтавала свята за некалькі тыдняў! У выніку атрымалася месца, куды цягне прыйсці мясцовых жыхароў і фішка, якую хочацца паказаць гасцям горада.
У намінацыі «Вечны рухавік у моладзевым сектары» ўзнагароду атрымала праваабаронца і юрыстка Наста Лойка!
Яшчэ больш фота шукайце ТУТ.
Фота: Кацярына Ігнашэвіч