Летнія Школы па правах чалавека для моладзі – 2019

Беларуская праваабарончая школа, арганізаваная міжнароднай супольнасцю праваабарончых арганізацый, абвяшчае конкурс на ўдзел у Летніх школах па правах чалавека на 2019 год.
У межах адукацыйнай праграмы ўдзельнікі і ўдзельніцы знаёмяцца з гісторыяй і філасофіяй правоў чалавека, а таксама метадамі і сродкамі іх абароны на нацыянальным і міжнародным узроўнях.
Выкладчыкамі і выкладчыцамі школы з’яўляюцца прадстаўнікі і прадстаўніцы вядучых праваабарончых арганізацый Беларусі і іншых краін, вядомыя і аўтарытэтныя спецыялісты і спецыялісткі ў галіне правоў чалавека і права.
Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца маладыя людзі з Беларусі ад 18 да 27 гадоў, зацікаўленыя ў набыцці ведаў у галіне правоў чалавека.
Месца правядзення: Беларускі Дом правоў чалавека, Літва (Вільнюс).
Працоўныя мовы: беларуская і руская.
Тэрміны правядзення Летніх школ па правах чалавека:
Школа першага набору: 10 – 18 ліпеня (заяўкі прымаюцца да 10 чэрвеня ўключна).
Школа другога набору: 23 – 31 ліпеня (заяўкі прымаюцца да 23 чэрвеня ўключна).
Падача заявак на ўдзел:
Для ўдзелу ў Школе неабходна запоўніць рэгістрацыйную форму не пазней за вызначаны тэрмін (заяўкі, дасланыя пазней за ўказаныя даты, разглядацца не будуць).
Пажадана прадставіць рэкамендацыйны ліст (ад праваабарончай ці іншай грамадскай арганізацыі, з якой вы супрацоўнічаеце, з месца працы ці вучобы).
Перавага будзе аддавацца прэтэндэнтам і прэтэндэнткам, якія арыентуюцца ў грамадскай праблематыцы, зацікаўленыя ў атрыманні ведаў у галіне правоў чалавека, якія жадаюць і гатовыя дзейнічаць на карысць іх абароны.
Удзельнікі і ўдзельніцы будуць выбраныя сярод заяўленых прэтэндэнтаў і прэтэндэнтак у выніку конкурсу, які правядзе спецыяльная кваліфікацыйная камісія. Пра вынікі конкурсу паведамяць на працягу пяці дзён пасля завяршэння адбору.
Удзел у занятках і навучальныя матэрыялы бясплатныя. Арганізатары Школы бяруць на сябе расходы на аплату віз і страхавых полісаў, транспартных выдаткаў (кошт праезду да месца правядзення Школы і назад), пражывання і харчавання ўдзельнікаў і ўдзельніц.
Транспартныя выдаткі, звязаныя з афармленнем віз, кампенсаваныя не будуць.
У выпадку, калі вы маеце дадатковыя пытанні, звяртайцеся на адрас: [email protected]
Падрабязнасці шукайце па спасылцы.