Заява БНМС “РАДА” аб прызнанні Каардынацыйнай Рады

Заява БНМС “РАДА” аб прызнанні Каардынацыйнай Рады

Мы, саюз дваццаці васьмі дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам — Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай: 

Ад 9-га жніўня 2020-га года Беларусь знаходзіцца ў палітычным крызісе. Ён быў выкліканы недапушчальнымі парушэннямі цягам выбарчага працэсу, падчас падліку галасоў на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, афіцыйныя вынікі якіх беларускае грамадства не прызнала і выказала свой пратэст.

Мы, Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”, як прадстаўнікі беларускага грамадства заяўляем, што дзеянні дзяржавы ў адказ на грамадскі пратэст парушаюць правы грамадзян і вядуць да росту гвалту і беззаконня ў краіне.

Мы лічым, што адзіным прымальным і цывілізаваным шляхам урэгулявання сітуацыі з’яўляюцца перамовы паміж двума бакамі: прадстаўнікамі грамадства, якое пратэстуе, і прадстаўнікамі палітычнай улады.

Мы  прызнаем у якасці адзінага легітымнага прадстаўніка боку, які пратэстуе – Каардынацыйную раду, створаную па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай з мэтай арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу і забяспечэння згоды ў грамадстве.

Мы выказваем Каардынацыйнай радзе поўны давер і дэлегуем права прадстаўляць нашыя інтарэсы ў перамовах з беларускімі ўладамі па выкананні патрабаванняў, замацаваных у Рэзалюцыі Каардынацыйнай рады ад 19.08.2020:

  1. Спыненне палітычнага пераследу грамадзян Рэспублікі Беларусь з боку ўладаў, узбуджэнне крымінальных спраў па фактах гвалту з боку сілавых структур, прыцягненне вінаватых да адказнасці.
  2. Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, адмена неправамерных судовых пастаноў, выплата кампенсацый усім пацярпелым.
  3. Прызнанне выбараў 9-га жніўня 2020-га несапраўднымі і правядзенне новых выбараў згодна з міжнароднымі стандартамі, у новым складзе ўсіх камісій па выбарах, уключна з Цэнтральнай выбарчай камісіяй.

Савет БНМС “РАДА”