Што цікавіць моладзь у нефармальнай адукацыі? Вынікі апытання
Напачатку 2023 года мы правялі апытанне па патрэбах моладзі ў нефармальнай адукацыі. Нам было важна зразумець, якімі тэмамі і фарматамі адукацыйных праграм цікавіцца моладзь, што ўплывае на рашэнне прыняць удзел, якія метады найбольш запатрабаваныя і іншае. Вынікі апытання дасяжныя ніжэй.
Мы плануем працягваць рабіць апытанні на тэмы нефармальнай адукацыі.
Каго мы апыталі
У нашым апытанні прынялі ўдзел 176 рэспандэнтаў_ак. Аснову выбаркі склала моладзь ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў.
Якія тэмы курсаў больш запатрабаваныя
Найбольшую цікавасць выклікаюць тэмы “Soft skills” (71 %), адукацыя ў галіне беларускай мовы і культуры (67 %) і фінансавай пісьменнасці (63 %). Найменшая зацікаўленасць сярод апытаных назіраецца да адукацыі па лічбавай бяспецы (39 %) і грамадскага актывізму.
У вольнай форме адказу рэспандэнты_кі таксама адзначалі, што іх цікавяць тэмы сэксуальнай асветы, экалогіі, вывучэнне замежных моў (ангельская, нямецкая), дызайна і іншых творчых кірункаў.
Тэмы, цікавыя моладзі ў Беларусі і моладзі за мяжой, маюць адрозненні. Моладзь у Беларусі значна часцей цікавіцца развіццем Soft skills, фінансавай пісьменнасцю, а таксама прафілактыкай выгарання ў актывізме і працы. Моладзь за мяжой цікавяць тэмы правоў чалавека, палітычнай пісьменнасці, грамадзянскага актывізму.
Розніца ў цікавасцях моладзі ў Беларуса і па-за яе межамі не з’яўляецца прынцыповай, але яе трэба і можна ўлічваць пры распрацоўцы адукацыйных праграм.
У тых, хто працуе ці валанцёрыць у НДА мы запыталі, якія тэмы цікавяць іх араганізацыі і супольнасці. Больш за палову адказалі, што гэта тэмы, звязаныя з камунікацыяй у камандзе (52 %), з напісаннем праектных заявак і справаздач (52 %), з прафілактыкай выгарання ў камандзе (50 %), з прасоўваннем праектаў у медыя і сацсетках (49 %).
Якія фактары ўплываюць на жаданне моладзі ўдзельнічаць у праектах па нефармальнай адукацыі
Асноўным фактам, які ўплывае на ўдзел моладзі ў адукацыйных праграмах – наяўнасць падрабязнай праграмы курсаў на этапе іх анонсу. Дзве траціны апытаных (66 %) спачатку звяртаюць увагу на праграму, а потым вырашаюць, ці будут яны ўдзельнічаць у праграме. Важнымі фактарамі таксама з’яўляюцца краіна правядзення мерапрыемства (49 %), меры бяспекі падчас сустрэч (49 %) і фармат мерапрыемства (анлайн/афлайн) (44 %). Менш за траціну апытаных звяртае ўвагу на давер да крыніц, па якіх прасоўваецца івэнт, і рэкамендацыі знаёмых.
Моладзь за мяжой часцей звяртае ўвагу на краіну правядзення праграмы і яго фармат, рэпутацыю і вядомасць арганізатараў_к, а таксама на іх палітычныя погляды.
Моладзь, старэйшая за 26 год, больш адказна падыходзіць да выбару івэнтаў. Больш увагі звяртае на праграму мерапрыемства, рэпутацыю арганізатараў_ак і трэнераў_ак, на меры бяспекі для ўдзельнікаў_ніц.
Сярод апытаных перавага аддаецца кароткім курсам працягласцю менш за месяц (80 %) ці разавым трэнінгам (70%), але і курсы даўжыней больш за месяц абіраюць больш за палову апытаных (56 %). Стажыроўкі ў замежных і беларускіх НДА цікавяць 63 % і 54 % суадносна. Амаль дзве траціны хацелі б паўдзельнічаць у праграмах абмену досведам (62 %). Менш папулярнымі метадамі з’яўляюцца ментарскія праграмы і персанальны коўчынг (46 %) і навучанне праз канспекты і брашуры (37 %).
Дзвюм трацінам апытаных (62 %) патрэбныя пасведчанні аб праходжанні і заканчэнні адукацыйнай праграмы (дыпломы, сертыфікаты). Частка апытаных (25 %) выкарыстоўвала іх пры найманні на працу, а частка (20 %) пры паступленні ў навучальныя ўстановы. Больш за палову апытаных (57 %) ніяк не выкарыстоўвала атрыманыя пасведчанні.