Заява у сувязі з праблемамі паступлення ў польскія ВНУ для беларусаў і беларусак

Заява у сувязі з праблемамі паступлення ў польскія ВНУ для беларусаў і беларусак

Мы, саюз 44 дэмакратычных моладзевых арганізацыі Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці для прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўлены кіруючым органам — Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай:

Апошнім часам беларускія студэнты_кі сутыкаюцца з цяжкасцямі пры атрыманні віз для навучання ў польскіх Вышэйшых Навучальных Установах. Былі зафіксаваны выпадкі, калі новыя ці цяперашнія студэнты і студэнткі не змаглі атрымаць візу ці атрымалі яе на паўгады. 

У той жа час на афіцыйных старонках польскіх консульстваў для беларускіх грамадзян няма аб’яваў ці інструкцый, якія тлумачылі б новыя правілы або дадатковыя патрабаванні для атрымання студэнцкіх віз. Адсутнасць празрыстасці і своечасовага інфармавання стварае вялікія цяжкасці для студэнтаў і студэнтак, якія не могуць падрыхтавацца да падачы дакументаў загадзя. 

Летась у Польшчы здарыўся візавы скандал. Сутнасць скандала заключаецца ў тым, што некаторыя групы замежных студэнтаў і студэнтак выкарыстоўвалі польскія студэнцкія візы для атрымання доступу да рынку працы ў ЕС, не плануючы фактычна вучыцца. У адказ польскія ўлады ўзмацнілі кантроль, патрабуючы ад ВНУ праверкі адукацыйных дакументаў і правядзення сумоўяў. Нягледзячы на тое, што МЗС Польшчы ў сваёй афіцыйнай заяве падкрэсліла, што новых правілаў для студэнтаў і студэнтак не ўводзілася, узмацненне кантролю магло прывесці да жорсткасці правілаў выдачы віз, што негатыўна адбілася на замежных студэнтах і студэнтках.

На фоне гэтага скандала абмяркоўваецца ўзмацненне жорсткасці польскага закона аб іншаземцах, якое можа прадугледжваць новыя патрабаванні да замежных студэнтаў і студэнтак, у тым ліку абавязковае праходжанне экзаменаў, эквівалентных польскай матуры, і наяўнасць сертыфікатаў, якія пацвярджаюць валоданне мовай. Хоць змены ў заканадаўстве яшчэ не ўведзены афіцыйна, ужо цяпер польскія кураторыумы патрабуюць ад беларускіх студэнтаў і студэнтак сертыфікаты ЦТ/ЦЭ. 

Раней для прызнання дакументаў аб адукацыі было дастаткова школьнага атэстата, апастылю і перакладу дакументаў, але цяпер польскія ўстановы адукацыі патрабуюць дадатковыя дакументы з беларускіх школ. Аднак беларускія ўлады значна абмежавалі выдачу гэтых дакументаў, што зрабіла іх атрыманне практычна немагчымым.

У адказ на гэта польскія ўлады пачалі патрабаваць у студэнтаў вынікі ЦТ, атрыманыя не больш за два гады таму, каб пацвердзіць наяўнасць сярэдняй адукацыі. Аднак многія студэнты і студэнткі не маюць актуальных вынікаў ЦТ, а некаторыя і ўвогуле не здаюць гэты экзамен. Для тых, хто ўжо некалькі гадоў жыве за мяжой, з’ехаўшы з Беларусі праз палітычныя рэпрэсіі, здаць ЦТ фізічна немагчыма. Вяртанне ў Беларусь для многіх небяспечна, бо ім пагражае палітычны пераслед. Гэтая сітуацыя стварае сур’ёзныя перашкоды для акадэмічнай будучыні многіх маладых людзей, якія ўжо зрабілі значныя крокі ў напрамку атрымання адукацыі ў Польшчы.

У гэтай сувязі Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА” заклікае:

  1. Міністэрства Замежных Справаў Рэспублікі Польшчы забяспечыць празрыстасць працэдур для атрымання студэнцкай візы беларусамі і беларускамі, з улікам складанасцяў, якія ствараюць беларускія ўлады, і таксама своечасовае інфармаванне аб любых новых правілах або патрабаваннях. 
  2. Упраўлення адукацыі ваяводстваў (Kuratorium oświaty) праявіць больш гнуткасці ў дачыненні да беларускіх абітурыентаў і абітурыентак і патрабаванняў да дакументаў для паступлення, якія складана ці немагчыма атрымаць з-за перашкод з боку ўладаў у Беларусі.