Вялікі сумны семінар пра правы чалавека і Глыбінны антыфашызм (18+)

Вялікі сумны семінар пра правы чалавека і Глыбінны антыфашызм (18+)

Праваабарончая арганізацыя Human Constanta і Міжнародная школа правоў чалавека і грамадзянскіх дзеянняў запрашаюць на вялікі трохдзённы семінар у Менску 2-4 лістапада.

Магчыма вы звыкліся, што мерапрыемствы Human Constanta пазітыўныя і жыццесцвярджальныя? Мы сапраўды верым і хочам паказаць, што правы чалавека – гэта крута, модна, цікава. Але праца ў праваабарончай сферы не заўсёды напоўненая радасцю і ружовымі адзінарогамі, тут шмат сумнага, страшнага і часам жахлівага. Пра гэта варта ведаць і быць гатовым_ай, калі вы хочаце глыбей ўключацца ў абарону правоў чалавека. І менавіта пра гэта мы хочам пагаварыць з вамі на Вялікім сумным семінары. Семінар вядуць міжнародныя эксперты з 30-гадовым вопытам праваабарончай дзейнасці. Працоўная мова семінара – руская.

Пра што?Семінар складаецца з 2 частак. Першая частка прысвечана тэме правоў чалавека і пройдзе 2-3 лістапада.У гэтыя дні на семінары вы зможаце пачуць, пагаварыць і спытаць пра тое:

  •  хто такі_ая Чалавек
  • што такое Правы Чалавека і якая іх роля ў сучасным свеце
  • як і навошта можна і трэба абараняць Правы Чалавека.

У апошні дзень семінара 4 лістапада вы бліжэй пазнаёміцеся з канцэпцыяй Human Integrity (“Глыбінага антыфашызму”) і нашымі “ўнутранымі фашыстамі”.

Для каго?

Для пачаткоўцаў праваабаронцаў, актывістаў_к, студэнтаў_к, журналістаў_к, тых, хто ўжо мае мінімальныя ўяўленні аб правах чалавека – напрыклад, прайшлі ўводны анлайн-курс па правах чалавека альбо семінар “Правы чалавека” на пальцах “, альбо валанцёрылі ў праваабарончых арганізацыях.Паколькі на семінары будуць гучаць жывыя і часам шакавальныя прыклады з сучаснай рэальнасці, мы маркіруем семінар па ўзросце 18+.

Дзе і калі?Семінар будзе праходзіць у Менску па наступным графіку:

  •  2 лістапада (субота) – з 11:00 да 20:00
  • 3 лістапада (нядзеля) – з 11:00 да 17:00
  • 4 лістапада (панядзелак) – з 11:00 да 20:00

Мы просім аб поўным удзеле ў семінары. На тэму апошняга дня, Human Integrity, без праходжання першых двух дзён, могуць трапіць тыя, хто праходзілі двухдзённы семінар ад Міжнароднай школы правоў чалавека і грамадзянскіх дзеянняў.

Умовы ўдзелу

Для ўдзелу запоўніце анкету да 27 кастрычніка ўключна. 29 кастрычніка мы паведамім вынікі адбору і месца правядзення семінара.Мы гатовыя кампенсаваць дарожныя выдаткі для іншагародніх удзельнікаў і ўдзельніц, забяспечыць іх пражываннем і абедамі на 3 дні семінара.