Заява Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА”

Заява Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА”

Заява Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА” ў сувязі са зваротам да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з прапановай па “ініцыяцыі прыняцця закону аб забароне ЛГБТ-прапаганды, публічнай дэманстрацыі гомасэксуалізму і іншых вычварэнняў непаўнагадовым і ўводу ў Крымінальны кодэкс адказнасці за гэтыя дзеянні”.

Снимок экрана 2020-03-11 в 13.56.56

Мы, саюз дваццаці трох дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду аб’яднанняў, іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам – Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай:

“РАДА” з вялікай занепакоенасцю ставіцца да ініцыятывы прадстаўнікоў і прадстаўніц асобных арганізацый, якія ўваходзяць у Каардынацыйны савет грамадскіх прасямейных сіл Беларусі, а таксама некаторых хрысціянскіх структур па крыміналізацыі дзейнасці ЛГБТ супольнасці, а па сутнасці іх жыцця. Ужываючы мову  варожасці, прадстаўнікі і прадстаўніцы азначаных структур ствараюць атмасферу агрэсіі і страху, а таксама негатыўнага стаўлення да сябе з боку грамадства, што адмоўна ўплывае на беларускае грамадства. Такі падыход, як паказвае гісторыя чалавецтва, прыводзіць толькі да павелічэння дыскрымінацыі асобных груп у грамадстве і іх выключэння з грамадскага жыцця, а часта і ставіць іх жыцці пад пагрозу. Гэта недапушчальна. На наш погляд, дасягненне арганізацыйных ці асабістых мэтаў ніколі не можа быць пабудавана на агрэсіі і забаронах, замест дыялогу і павагі.

Абраны дабрачынным фондам “Адкрытыя сэрцы”, іх паплечнікамі і паплечніцамі падыход да прасоўвання сваіх інтарэсаў не толькі супярэчыць назве арганізацыі і артыкулу 22 Канстытуцыі Беларусі, не спрыяе дыялогу паміж прадстаўнікамі і прадстаўніцамі розных сацыяльных груп у грамадстве, але і ставіць пад сумнеў дзейнасць прызнаных міжнародных агенцый Арганізацыі Аб’ядныных Нацый. Мы лічым, што беспадстаўныя абвінавачванні да агенцый ААН і іншых дэмакратычных арганізацый, якія распаўсюджваліся ініцыятарамі збору подпісаў, павінны быць абвергнуты аўтарамі і аўтаркамі публічна праз сродкі масавай інфармацыі.

Адначасовы з гэтым, мы вітаем пазіцыю тых прадстаўнікоў і прадстаўніц хрысціанскай супольнасці, якія адкрыта і шчыра выказываюцца супраць ініцыятывы па крыміналізацыі ЛГБТ-супольнасці. Такім жа чынам выказаліся шматлікія прадстаўнікі і прадтаўніцы іншых груп грамадства. Гэта паказвае, што пазіцыя ініцыятараў і ініцыятарак збору подпісаў не падтрымліваецца шырока і не павінна ўспрымацца дзяржаўнымі ворганамі як кансалідаваная і адзіная.

У сувязі з сітуацыяй і ў мэтах яе вырашэння Савет “РАДА” заклікае ініцыятараў і ініцыятарак збору подпісаў, у тым ліку прадстаўнікоў і прадстаўніц фонду “Адкрытыя сэрцы” і Рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі:

  1. Адклікаць свой зварот да Прэзідэнта Рэспулікі Беларусь.
  2. Публічна выбачыцца перад прадстаўнікамі і прадстаўніцамі закранутых абвіначваннямі супольнасцяў і агенцый.
  3. Звярнуцца да каштоўнасцяў Правоў чалавека і весці сваю дзейнасць з павагай да Правоў чалавека і выкарыстоўваючы негвалтоўныя метады ў тым ліку і ў камунікацыі.

Дзеля падтрымкі ілжыва абвінавачаных супольнасцей і агенцый, Савет “РАДА” заклікае прадстаўнікоў і прадстаўніц грамадскіх арганізацый і агенцый ААН актыўна падтрымаць і паспрыяць распаўсюду дадзенай заявы і рэкамендуе:

  1. Адкрыта выказаць сваю пазіцыю супраць дыскрымінацыі ЛГБТ-супольнасці праз СМІ і іншыя каналы камунікацыі.
  2. Выказацца ў падтрымку дзейнасці агенцый ААН у краіне і іх праектаў, накіраваных на ўзмацненне грамадства і ролі правоў чалавека ў Беларусі.

Адначасова з гэтым, калі дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы” і іншыя прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі не адклічаць свой зварот, мы пакідаем за сабой магчымасць заклікаць міжнародную супольнасць да рэагавання, у тым ліку хрысціянскія арганізацыі з усяго Свету. А таксама ініцыяваць праваахоўнымі ворганамі Беларусі праверку і прыцягненне да адказнасці прадстаўнікоў і прадстаўніц кампаніі па збору подпісаў за распальванне варожасці ў грамадстве і распаўсюд ілжывай інфармацыі.

Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”

10.03.2020