Goi Peace Foundation праводзіць міжнародны конкурс эсэ для моладзі
Goi Peace Foundation пры падтрымцы ЮНЕСКА праводзіць міжнародны конкурс эсэ для моладзі. Тэма гэтага года – “Ліст самому сабе з 2030 года”.
Конкурс праводзіцца штогод. Яго мэта – мабілізаваць энергію, творчасць і ініцыятыву моладзі ўсяго свету для прасоўвання культуры міру і мэт устойлівага развіцця. Конкурс таксама накіраваны на тое, каб натхніць грамадства вучыцца ў маладых людзей і думаць пра тое, як кожны з нас можа змяніць свет.
У конкурсе могуць удзельнічаць:
- дзеці (ва ўзросце да 14 гадоў)
- падлеткі і маладыя людзі (ва ўзросце ад 15 да 25 гадоў)
Дазволена падаваць як індывідуальныя, так і калектыўныя эсэ.
Удзельнікі і ўдзельніцы павінны напісаць ліст самому сабе з будучыні і апісаць, у якім стане будзе знаходзіцца свет, як у ім будуць жыць людзі і як будзе функцыянаваць грамадства. У ліст таксама можна ўключыць любое важнае паведамленне, якое ўдзельнік ці ўдзельніца пажадае расказаць пра сябе.
Аб’ём эсэ – не больш за 700 слоў на англійскай, французскай, іспанскай ці нямецкай мовах і не больш за 1 600 іерогліфаў на японскай.
Пераможцы ў абедзвюх намінацыях (“дзеці” і “моладзь”) атрымаюць сертыфікаты і прызы:
- 1-е месца: сертыфікат, прэмія ў памеры 100 000 JPY, падарунак і паездка на цырымонію ўзнагароджання ў Токіо (лістапад 2020 года).
- 2-е месца: сертыфікат, прэмія ў памеры 50 000 JPY, падарунак.
- 3-е месца: сертыфікат і падарунак.
Дэдлайн – 15 чэрвеня.
Падрабязная інфармацыя па спасылцы.