“Беларусь без прымусу”
Асветніцкая ўстанова “Цэнтр прававой трансфармацыі” (Lawtrend) — некамерцыйная арганізацыя, мэтай якой з’яўляецца павышэнне прававой культуры, арганізацыя асветніцкай, аналітычнай і даследчай дзейнасці ў галіне права.
На працягу многіх гадоў Lawtrend адстойвае права на свабоду асацыяцый у Беларусі. Але свабода асацыяцый — гэта не толькі права ствараць асацыяцыі, свабодна атрымліваць фінансаванне, але і права не быць змушаным на сяброўства ў іх.
Доўгі час у Беларусі стваралася “кішэнная грамадзянская супольнасць”. Людзі не па сваёй волі станавіліся сябрамі і сяброўкамі арганізацый, чые мэты, прынцыпы, метады дзейнасці яны не падзялялі.
Lawtrend не выступае супраць існавання такіх арганізацый, як Белая Русь, БРСМ і т. п. — свабода асацыяцый павінна быць для ўсіх арганізацый з законнымі мэтамі. Lawtrend супраць прымусовага сяброўства і выбарчай падтрымкі арганізацый, якія прапагандуюць “праўладную” ідэалогію.
Таму каманда Lawtrend пачынае кампанію “Беларусь без прымусу” і просіць арганізацыі грамадзянскай супольнасці, проста неабыякавых грамадзян і грамадзянак, маладых людзей распаўсюджваць інфармацыю аб недапушчальнасці прымусовага сяброўства.
Каманда Lawtrend акажа бясплатную юрыдычную дапамогу па пытаннях афармлення выхаду з грамадскага аб’яднання, а таксама па пытаннях стварэння і дзейнасці новых ініцыятыў. Пытанні можна накіроўваць на [email protected].