Зварот “РАДА” у сувязі з катаваннямі і бесчалавечным стаўленнем у адносінах да затрыманых удзельнікаў і ўдзельніц мірных акцый, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2020 годзе

Зварот “РАДА” у сувязі з катаваннямі і бесчалавечным стаўленнем у адносінах да затрыманых удзельнікаў і ўдзельніц мірных акцый, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2020 годзе

Мы, саюз дваццаці сямі дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам — Саветам “РАДА”, выступаем з наступным зваротам:

Пачынаючы з 9 і па 17 жніўня толькі па афіцыйных дадзеных у Беларусі было затрымана больш за 7000 чалавек па ўсёй краіне, большая частка з якіх моладзь, у тым ліку непаўналетнія. Увесь гэты час да нас паступаюць сведчанні бесчалавечнага стаўлення і катаванняў з боку супрацоўнікаў і супрацоўніц органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў у адносінах да ўдзельнікаў і ўдзельніц мірных акцый, якія апынуліся ў закрытых установах Міністэрства ўнутраных спраў. Таксама нам паступаюць сведчання аб адмове ў аказанні медыцынскай дапамогі пацярпелым, у момант ізаляцыі ў закрытых установах.

Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, валанцёры і валанцёркі зараз працуюць над дакументацыяй і фіксацыяй фактаў катаванняў і жорсткага абыходжання з грамадзянамі і грамадзянкамі прадстаўнікамі і прадстаўніцамі  органаў унутраных спраў, якія ўжываліся як у працэсе затрымання людзей на вуліцах і ў дамах, так і ў момант іх знаходжання ў закрытых установах. Нягледзячы на ​​тое, што многія баяцца казаць, што здарылася, і самыя страшныя факты катаванняў могуць быць зафіксаваныя пазней, неабходна сказаць, што бесчалавечнае стаўленне і гвалт выпрабавалі непаўналетнія, жанчыны, спартсмены, замежныя грамадзяне. Ёсць і відэасведчанні фізічнага гвалту над арыштаванымі, а людзі распавядаюць пра факты адвольнага затрымання з боку міліцыі.

Пра сур’ёзнасць катаванняў і здзекаў кажуць факты таго, што толькі ў Ваенны шпіталь Мінска, у цэнтр агнястрэльнай траўмы даставілі амаль 60 чалавек. Гэтыя факты таксама дакументуюць валанцёры і валанцёркі, праваабаронцы, і мы спадзяемся, што вельмі хутка іх праца стане падставай для правядзення адкрытага і справядлівага расследавання, а вінаватыя будуць пакараныя.

Таксама нам вядома аб тым, што пад ужываннем сілы і катаванняў, зневажаючы чалавечую годнасць, затрыманых вінавацілі ў атрыманні замежнага фінансавання для ўдзелу ў мірных пратэстах, пагражалі ўзбуджэннем крымінальных спраў па арганізацыі масавых беспарадкаў. Некаторых з затрыманых прымушалі даць ілжывыя паказанні на камеру, што ў далейшым выкарыстоўвалася ў эфіры афіцыйнага тэлеканала “Беларусь-1” з мэтай дыскрэдытацыі дэманстрантаў і дэманстрантак і наўмыснага ўвядзення ў зман тэлегледачоў.

Мы асуджаем і не можам знайсці ніякіх апраўданняў прымяненню афіцыйнымі асобамі фізічнага гвалту ў адносінах да затрыманых і бяззбройных людзей у мірны час.

Ва ўсёй гэтай сітуацыі Міністр унутраных спраў і Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, у тым ліку пад ціскам мноства фактаў і сведчанняў, рабілі заявы, у якіх расцэньвалі тое, што адбываецца як звычайную сітуацыю.

Каб лепш зразумець сапраўднае стаўленне афіцыйных асоб да людзей, дастаткова ведаць, што адначасова са стогнамі, якія яшчэ даносіліся з-за сцен ізалятараў, дзе знаходзіліся затрыманыя, 13 жніўня былі ўзнагароджаны больш за 300 супрацоўнікаў і супрацоўніц органаў унутраных спраў розных узроўняў “за бездакорную службу”.

Пад ціскам мірных дэманстрантаў і дэманстрантак, якія выйшлі на вуліцы, міжнароднай супольнасці і арганізацый грамадзянскай супольнасці, большая частка затрыманых усё ж была выпушчаная з месцаў незаконнага ўтрымання.

У той жа час, акрамя затрыманых па адміністрацыйных справах, на дадзены момант нам вядома аб як мінімум 13 затрыманых па крымінальных справах, якія абвінавачваюцца па артыкулах 293 (Масавыя беспарадкі) і 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Мы хвалюемся, што ў бягучых умовах да гэтых затрыманых таксама могуць прымяняцца катаванні, з мэтай схілення да дачы непраўдзівых паказанняў.

Мы рады адзначыць, што сярод супрацоўнікаў і супрацоўніц міністэрства ўнутраных спраў ёсць людзі, для якіх гонар і абарона роднага народа не пусты гук. Частка з іх склалі свае паўнамоцтвы або звольніліся, а некаторыя адкрыта кажуць, што ідэалагічная праца перад выбарамі была першапачаткова праведзена з разлікам на запалохванне супрацоўнікаў і супрацоўніц органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, каб справакаваць іх на брутальныя паводзіны ў адносінах да мірных пратэстаў і пратэстантак.

Мы з вялікім натхненнем адзначаем вялікую хвалю салідарнасці і ўзаемадапамогі ў беларускім грамадстве, не застаюцца ў баку моладзь і дэмакратычныя моладзевыя арганізацыі, якія актыўна ўдзельнічаюць у любых працэсах, звязаных з апісанымі падзеямі. Мы вельмі ўдзячныя людзям, якія аказваюць падтрымку пацярпелым любымі даступнымі спосабамі, а таксама міжнароднай супольнасці, якая выступае ў падтрымку волевыяўлення беларускага народа, а не прыхільнікаў і прыхільніц жорсткіх і бесчалавечных рэпрэсій.

На рускай мове: