Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі пройдзе з 5 па 10 кастрычніка
Штогод 10 кастрычніка ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання, а ў Беларусі з гэтай нагоды кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” ладзіць цэлы тэматычны Тыдзень адукацыйна-асветніцкіх падзей.
У гэтым годзе Тыдзень супраць смяротнага пакарання, які працягнецца з 5 па 10 кастрычніка, будзе праходзіць пад лозунгам “Смяротнае пакаранне – элемент сістэмы гвалту”.
Што вас чакае:
- 5 кастрычніка, панядзелак. Аргумент 1. Судовая памылка, незваротнасць смяротнага пакарання.
- 6 кастрычніка, аўторак. Аргумент 2. Выканаўцы – прафесійныя забойцы, якія караюць ад імя дзяржавы.
- 7 кастрычніка, серада. Аргумент 3. Забойствы палітычных апанентаў, масавыя рэпрэсіі.
- 8 кастрычніка, чацвер. Аргумент 4. Нявыдача цела, непаведамленне даты выканання прысуду – гэта катаванне сваякоў расстралянага.
- 9 кастрычніка, пятніца. Аргумент 5. Рэлігійны – “Не забі!”.
- 10 кастрычніка, субота. Міжнародны дзень супраць смяротнага пакарання.
Больш пра аргументы можна даведацца тут.
Канцэпцыя Тыдня супраць смяротнага пакарання ў 2020 годзе зводзіцца да таго, што кожны дзень з 5 па 10 кастрычніка будзе прысвечаны асобнаму аргументу супраць смяронага пакарання. Гэта будзе розная прадукцыя, зробленая ў межах кампаніі, асветніцкія матэрыялы, выступы адмыслоўцаў і, канешне, традыцыйны фестываль “Рок за жыццё”. У гэты раз ён пройдзе ў іншым фармаце, чым раней, аднак будзе не менш цікавым. Таксама, як і раней, людзі змогуць атрымаць прадукцыю кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” (майкі, налепкі, брашуры і г.д.).
Сачыць за падзеямі і абвесткамі Тыдня супраць смяротнага пакарання можна ў суполцы ў Facebook.