«Наш мірны пратэст складаецца з кожнай і кожнага з нас»

«Наш мірны пратэст складаецца з кожнай і кожнага з нас»

Мірны пратэст — гэта найважнейшы спосаб ажыццяўлення права на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў. Усе найважнейшыя міжнародныя дакументы ў галіне правоў чалавека гарантуюць нам права збірацца дзеля таго, каб калектыўна выказваць свае думкі.

Гісторыя прадстаўніцы МСД-МГ, сяброўскай арганізацыі РАДА, пра яе досвед удзелу ў мірных акцыях.

«Я не ведаю, як у гэтай чарадзе дрэнных і добрых навін, навін, якія прыходзяць з сац.сетак і тэлеграма кожную хвіліну, вылучыць 10-20 хвілін, каб распавесці, што здарылася са мною. Мне здаецца, гэтыя падзеі не маюць каштоўнасці для агульнай карціны рэпрэсій у Беларусі. Але лаўлю сябе на думцы, што як наш мірны пратэст складаецца з кожнай і кожнага з нас, так і рэпрэсіі складаюцца з кожнай і кожнага з нас і з іх.

Я жыву ў горадзе Жодзіна. За лета і восень у Мінску прымала ўдзел у 2 акцыях: дазволеным канцэрце Ціханоўскай і не дазволеным шэсці жанчын 12 верасня. У Жодзіна я выходзіла на шпацыр кожны дзень з 9 жніўня на працягу месяца, з восені выходжу ў суботу і нядзелю. У будні мы збіраемся ў двары, ці ходзім у госці да іншых двароў.

Міліцыя пачала тэлефанаваць мне на мабільны з 6 верасня, але я не адказвала, абраўшы тактыку выцягвання рэсурсаў у праціўніка. На жаль, міліцыя патэлефанавала майму сыну на мабільны, калі мы былі не разам. Я была вельмі ўзрушана гэтым, і думала, хто можа распавесці нумар майго сына? Думала на школу. Але сяброўка сказала, што проста ўсе нумары маёй сям’і зарэгістраваныя на мне.

З 6 верасня я больш ніколі не падымала незнаёмыя нумары. У чаце раёна і актывістаў горада мы сталі абменьвацца нумарамі ГАУСа, супрацоўнікаў міліцыі, каб ведаць, хто табе тэлефануе.

Тут надышла нядзеля 27 верасня. Мы пайшлі на шпацыр. Было як звычайна: сустрэча каля крамы, заўзятары, якія ахоўваюць нас і блакуюць дарогі на чырвоны, каб калона не разрывалася, БЧБ сцягі і абалонікі, яскравыя людзі горада, якіх пазнаеш нават у масках і сонечных акулярах.

Напрыканцы акцыі калона перакрыла дарогу. У нас былі расцяжкі: чорная “ЗАБАСТОЎКА” і БЧБ “Наш ответ — Света президент”. Прастаяўшы там 20 хвілін, мы вырашылі расхадзіцца. Людзі сышлі з дарогі, машыны пачалі раз’язджацца — і тут прыехаў АМАП.

Людзі і так сыходзілі, але тут пабеглі. Мы забеглі ў пад’езд і падняліся на другі паверх. На пляцоўцы было 3 кватэры. Мы званілі ў дзверы, але ніхто не адчыніў. Я думаю, што нам не пашанцавала, і проста не было людзей дома. Бо астатнія пратэстоўцы, хто падняліся вышэй, патрапілі ў кватэры.

Праз 5 хвілін за намі прыйшоў АМАП. Нас было 6 жанчын і 3 мужчыны. АМАПаўцы закамандавалі выходзіць па аднаму і мы пайшлі. Першы ішоў мужчына, яго ўдарылі з двух бакоў палкамі некалькі разоў. Не заўважыўшы, што наступнай ідзе жанчына, яе таксама стукнулі. Я была апошняй жанчынай, а за мной шлі 2 мужчыны, іх таксама пачалі біць.

Нас пасадзілі ў машыну. З намі была цяжарная жанчына. Міліцыянер выклікаў ёй хуткую ў ГАУС. За стырном сядзеў АМАПавец, які не ведаў, куды ехаць. Па прыезду ў міліцыю жанчын завялі ў залю, цяжарную адпусцілі на хуткай. Я пісала смс маме, сыну і брату.

Прайшла гадзіна, нам сказалі, што ўсіх жанчын адпусцяць пасля папярэджвання. І тут мы вырашылі пайсці ў прыбіральню. Выходжу з залі, іду па калідоры, а ззаду кажуць: “О, дык гэта ж Іванова”, а я ніводнага міліцыянера ў горадзе не ведаю. З нагоды майго з’яўлення ў ГАУСе, міліцыянеры нарэшце ўручылі мне пратакол па артыкулу 23.34 за 05.09.2020. Спыталі, калі мне зручна быць на судзе, і я папрасіла аўторак. У матэрыялах справы было два фота, дзе ёсць жанчына, падобная на мяне, з БЧБ сцягам і відэа, дзе жанчына, падобная на мяне, з БЧБ сцягам гуляе з роварам.

У аўторак мая адвакатка прапанавала пагадзіцца на прызнанне віны і разлічваць на папярэджванне ці максімум 2 базавыя — так ёй сказала суддзя.

Суд цягнуўся 10 хвілін. Я прызнала віну, суддзя выйшла выносіць рашэнне.

Крыніца з суда паведаміла, што суддзя з кабінета патэлефанавала некаму і спытала, ці можа яна даць Івановай папярэджванне, на што ёй адказалі, што сёння яна не можа выносіць іх нікому. Яна прапанавала 2 базавыя, ёй таксама адмовілі, так яны сашліся на 7 базавых. Перадаю прывіт усім “незалежным” суддзям Беларусі.

У дадзены момант я думаю аб тым, як адцягнуць выплату. Калегі ўжо дапамаглі са сродкамі на аплату штрафа. Але я стаю на стратэгіі вымотвання рэсурсаў, таму плаціць не буду. І буду хадзіць ужо не толькі ў масцы, але і ў каптуры.

Жыве Беларусь!»