«Мы хочам вярнуць нашу краіну»

«Мы хочам вярнуць нашу краіну»

Пратэсты супраць дыктатара Лукашэнка не сціхаюць у Беларусі ўжо больш за сто дзён. Рэпрэсіі з боку рэжыму працягваюць узмацняцца. Як маладыя людзі, якія працуюць за дэмакратычныя перамены, успрымаюць гэтую сітуацыю? IJAB пагаварыў са Старшынькай “РАДА” Маргарытай Ворыхавай, прадстаўніцай Еўрапейскага моладзевага парламента.

Фота: Photo by Jana Shnipelson on Unsplash

ijab. de: Маргарыта, ты ўдзельнічаеш у працы Еўрапейскага моладзевага парламента ў Беларусі. Што ты там робіш? 

Маргарыта Ворыхава: Я там “safe person”. Гэта значыць, што ўсе, у каго ёсць праблемы, могуць прыйсці да мяне. Затым я спрабую падтрымаць іх псіхалагічна. Я таксама з’яўляюся Старшынькай БНМС “РАДА”.

ijab. de: Якая сітуацыя ў Мінску?

Маргарыта Ворыхава: У розных людзей усё выглядае па-рознаму. Для кагосьці прасцей зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Для некаторых людзей цяпер ранішняя руціна правяраць навіны — яны жывуць у пастаянным страху знайсці сваіх сяброў і сябровак у спісах затрыманых.

ijab. de: Даволі шмат усяго адбываецца. Пратэсты працягваюцца ўжо больш за сто дзён. Вас гэта здзіўляе? 

Маргарыта Ворыхава: Шчыра кажучы, так. Учора быў фактычна соты дзень пратэстаў [інтэрв’ю ад 19 лістапада]. Тое, што пратэсты доўжацца так доўга, вельмі незвычайна для Беларусі. У мінулым былі пратэсты, але яны заўсёды заканчваліся праз некалькі дзён ці тыдняў. 

ijab. de: У мяне склалася ўражанне, што рэпрэсіі ўзмацніліся. Якія вашы назіранні?

Маргарыта Ворыхава: Так, я таксама гэта адчуваю. У мінулую нядзелю [15 лістапада], напрыклад, было арыштавана каля 1100 чалавек. Ніколі яшчэ іх не было так шмат за адзін дзень. Таксама былі арыштаваныя прадстаўнікі і прадстаўніцы Каардынацыйнага савета, які прадстаўляе апазіцыю. Многія студэнты і студэнткі таксама былі арыштаваныя, і жорсткасць, з якой дзейнічае АМАП, узрасла.

ijab. de: На вас гэта таксама паўплывала? 

Маргарыта Ворыхава: Ментальна — так, фізічна — не. Да гэтага часу мне шанцавала, і мне ўдавалася не трапляцца на ўсіх дэманстрацыях.

ijab.de: У нядзелю Рамана Бандарэнка ўспаміналі на акцыі пратэсту ў ягоны гонар. Паліцэйскія збілі яго да стану комы, пасля чаго ён памёр у бальніцы. Ты была там. Як гэта было?

Маргарыта Ворыхава: Гэта было страшна. У мяне склалася ўражанне, што ў нейкі момант АМАПу было больш, чым дэманстрантаў і дэманстрантак. Яны пачалі акружаць нас. Па-першае, АМАПавец сказаў, што ён не хоча гвалту і што мы павінны прыйсці ў РАУС, каб запісаць нашы асабістыя дадзеныя. Аднак праз некалькі секунд дзяўчына была збітая і пачала крычаць. Затым яны пачалі арыштоўваць людзей. Мне пашанцавала, і я сышла. Пасля гэтага міліцыянеры знішчылі створаны людзьмі Мемарыял: кветкі, свечкі, сцягі. Гэта было бесчалавечна.

ijab. de: У нядзельныя дні толькі ў Мінску мітынгавалі сотні тысяч чалавек, а то і больш. І якія агульныя перспектывы?

Маргарыта Ворыхава: Пратэсны патэнцыял беларусаў і беларусак вельмі вялікі, ён не вычарпаны, ён працягваецца. І пратэсты прымаюць новыя формы. Я маю на ўвазе, што цяпер гэта не толькі на вуліцах — ужо створаныя рэгіянальныя структуры грамадзянскай супольнасці: у дварах, у мікрараёнах зʼявілася велізарная колькасць інтэрнэт-чатаў. Што мы таксама бачым: Лукашэнка змяніў сваю рыторыку. Раней ён і чуць не хацеў аб адмове ад улады, а цяпер кажа аб перадачы часткі паўнамоцтваў прэзідэнта парламенту. Ён прызнае, што пратэсты не “здзімаюцца” — яны адбываюцца пастаянна. Беларусы і беларускі хочуць быць пачутымі. 

ijab. de: Пандэмія каронавіруса ўсё яшчэ гуляе нейкую ролю? Паказчыкі заражэння растуць і ў Беларусі. І эпідэмія таксама адбілася на выбарах, таму што афіцыйныя лічбы былі відавочна заніжаныя, а Лукашэнка ўпарта адмаўляў гэтую праблему.

Маргарыта Ворыхава: Да выбараў каронавірус, безумоўна, аказваў уплыў на грамадскую думку. Цяпер мы знаходзімся ў іншай сітуацыі. Вядома, рост колькасці захворванняў азначае, што дэманстранты і дэманстранткі цяпер пастаянна носяць маскі.

ijab.de: Давайце пагаворым аб моладзі. Якая сітуацыя на дадзены момант? 

Маргарыта Ворыхава: Многія студэнты і студэнткі былі звольненыя з універсітэтаў. Некаторыя з маіх сяброў пакутуюць ад гэтага. Але мы больш не баімся. Цяпер мы клапоцімся аб нашай краіне, а не аб нашай адукацыі.

ijab.de: Падчас пратэстаў ва Украіне – у 2013 і 2014 гадах – вялікую ролю адыгралі сувязі краіны з ЕС. Відавочна, што ў Беларусі гэта не так. У якім кірунку вы глядзіце? На Захад ці на Усход?

Маргарыта Варухава: Я б не сказала, што пратэсты — гэта выбар кірунку. Цяпер, магчыма, не самы лепшы час для ўступлення ў ЕС. Нам патрэбна дэмакратыя як інструмент, але нам таксама патрэбна наша незалежнасць. Самае галоўнае, каб улада знаходзілася ў руках народа. Вядома, мы ўдзячныя за падтрымку такім краінам, як Польшча, Літва ці Германія. Нам важна адчуваць гэтую салідарнасць. Але ў рэшце рэшт мы проста хочам вярнуць нашу краіну.