Корпус шукае валанцёраў і валанцёрак
Культурны цэнтр Корпус і Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны шукае валанцёраў і валанцёрак для адміністравання прэзентацыі праекта VR-тура і рэканструкцыі Вялікай харальнай сінагогі ў Слоніме.
Мерапрыемствы будуць праходзіць з 1 па 14 красавіка 2021 года (панядзелак-субота, 14:00-20:00) у прасторы Культурнага цэнтра Корпус.
Каманда беларускіх спецыялістаў і спецыялістак завяршыла працу над стварэннем першага ў сваім родзе праекта — VR-тура і рэканструкцыі Вялікай харальнай сінагогі ў Слоніме, важнага аб’екта яўрэйскай спадчыны ў краіне, — мэтай якога з’яўлялася ўзнавіць і захаваць адну з самых старых з існуючых сінагог Беларусі.
Рэканструкцыя Слонімскай сінагогі ў віртуальным асяроддзі — гэта вынік імкнення каманды ў пошуку і стварэнні новых практык у працы з культурнай спадчынай. Аднаўленне аўтэнтычнага гістарычнага будынка можна назваць сапраўдным адкрыццём у сферы спадчыны Беларусі.
Вынікам амаль гадавой працы каманды стала стварэнне 15-хвіліннай віртуальнай экскурсіі па Слонімскай сінагозе часоў яе росквіту (17-19 стагоддзя). VR-рэканструкцыя Слонімскай сінагогі, паводле слоў арганізатараў і арганізатарак, гэта ўнікальны вопыт паглыблення ў культурны кантэкст, у якім гістарычная спадчына і новыя тэхналогіі злучаюцца ў адзінае рашэнне.
Якая дапамога патрабуецца ад валанцёраў і валанцёрак?
Праца з абсталяваннем:
- устаноўка і праверка правільнага становішча трэкераў, шлема і месцы для прагляду
- уключэнне шлема, кампутара, запуск праграмы
- пры неабходнасці налада правільнага становішча для сесіі
- дапамога наведвальнікам і наведвальніцам з выкарыстаннем шлема (надзець, выдаць кантралёры, выбраць мову і фармат сесіі, запусціць тур)
- кантроль становішча карыстальніка ці карыстальніцы ў VR
Праца з наведвальнікамі/наведвальніцамі і экспазіцыяй:
- пры неабходнасці раздаваць аднаразовыя маскі
- дэзынфекцыя абсталявання пасля выкарыстання
- кантроль за экспазіцыяй (гук, праца праектара, стэнды)
- выключэнне ўсяго абсталявання ў канцы дня
Калі вы гатовыя і вам цікава прыняць удзел, пішыце на пошту з тэмай “Хачу быць валанцёрам_ай” і ўказаннем дат і часу, калі вы можаце далучыцца: [email protected]