«Гэта адзначыла канец грамадзянскай супольнасці ў Беларусі»

«Гэта адзначыла канец грамадзянскай супольнасці ў Беларусі»

Беларускі блогер Сяргей Ціханоўскі быў асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі. У адчайным становішчы не толькі муж вядомай апазіцыйнай лідаркі. WELT пагутарыў са старшынькай Беларускага нацыянальнага моладзевага савета “РАДА” Маргарытай Ворыхавай.

Больш за год таму фальсіфікаваныя вынікі выбараў выклікалі ў Беларусі масавыя пратэсты супраць Аляксандра Лукашэнкі. З самага пачатку рэжым ужыў сілу, каб супрацьстаяць дэманстрацыям. Блогер Сяргей Ціханоўскі, муж апазіцыйнай лідаркі Святланы Ціханоўскай, быў асуджаны ў аўторак да васямнаццаці гадоў пазбаўлення волі, паведамляюць дзяржаўныя СМІ. Рэжым таксама ўзмацніў рэпрэсіі супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці. Многія аб’яднанні былі распушчаны без папярэджання, у тым ліку Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”, старшынька якога Маргарыта Ворыхава з тых часоў жыла ў эміграцыі.

WELT: У ліпені Міністэрства юстыцыі Беларусі ліквідавала шэраг НДА і грамадскіх арганізацый, у тым ліку РАДА. Гэта стала для вас нечаканасцю?

Маргарыта Ворыхава: Мы чакалі, што нешта падобнае адбудзецца, але не ў такім масавым маштабе. З 23 ліпеня было ліквідавана больш за 270 арганізацый, што азнаменавала канец грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У іншых краінах урады разумеюць, што НДА ствараюць культуру і камфорт грамадзянскай супольнасці і грамадскай прасторы. Яны служаць платформамі, якія дазваляюць людзям выказваць сябе, выхоўваць, ствараць, удзельнічаць у палітычных працэсах і ў супрацоўніцтве з урадам, будуючы краіну, у якой кожны хацеў бы жыць.

Але ў Беларусі ўлада бачыць у грамадзянскай супольнасці пагрозу. Такім чынам рэжым Лукашэнкі спрабуе абвастрыць канфлікт і знішчыць усіх, хто адстойвае свае свабоду і правы.

WELT: Як вы перажылі дзень, калі “РАДА” была распушчана?

Маргарыта Ворыхава: Знішчэнне грамадзянскай супольнасці было, вядома, вельмі напружанай сітуацыяй. 23 ліпеня роспуск адной грамадзянскай арганізацыі пасля наступнай выклікаў вялізны паток эмоцый. Узровень стрэсу, які мы перажылі, змяніў наша ўспрыманне такіх сітуацый і прымусіў успрымаць падзеі як дрэнны жарт. У звычайных умовах ліквідацыя нашай арганізацыі была б сур’ёзнай справай, якая паставіла б пад сумнеў усю нашу дзейнасць; мы б пашукалі альтэрнатывы, падавалі пярэчанні.

Але ў Беларусі гэта ўжо даўно не працуе — суды выносяць пастановы, не ўлічваючы важнасці дзейнасці арганізацыі. Улада не прыслухоўваецца да сваіх грамадзян, не рэагуе на іх патрабаванні. Адзіным спосабам разабрацца з гэтай сітуацыяй для нас быў гумар. Таму мы апублікавалі пост з саркастычнымі цытатамі прадстаўнікоў_ц розных НДА. Мы хацелі больш гуманна паставіцца да сітуацыі.

WELT: Ці можаце вы працягваць сваю працу?

Маргарыта Ворыхава: Законы нам гэтага не дазваляюць. Нам забаронена склікаць афіцыйныя сустрэчы і арганізоўваць мерапрыемствы. Аднак ліквідацыя не з’яўляецца крытычнай навіной для большасці арганізацый – з-за пандэміі каронавірусу грамадзянская супольнасць перайшла ў анлайн прастору – арганізацыі могуць працягваць рабіць тое, што яны рабілі ўсе гэтыя гады: арганізоўваць мерапрыемствы, запісваць падкасты, пісаць рэзалюцыі, публікаваць артыкулы, праводзіць даследаванні.

Гэтая праца можа працягвацца, але ўсе мы разумеем, што як прадстаўнікі_цы актыўнай грамадзянскай супольнасці, а асабліва дзейнічаючы ад імя ліквідаваных арганізацый, улада разглядае нас як пагрозу.

РАДА

WELT: Вы зараз у эміграцыі, спачатку ў Вільні, цяпер у Кіеве. Чаму вы вырашылі гэта зрабіць? Ці сутыкаліся вы з пераследам?

Маргарыта Ворыхава: Так, таму я і была вымушана пакінуць краіну. Улада ў Беларусі лічыць, што арганізацыямі кіруе адзін чалавек, таму ўсё пачынаецца зверху. Яны, напэўна, разумеюць толькі структуру рэжыму Лукашэнкі, у якім лідар — адзіны элемент, які падтрымлівае сістэму. Такім чынам, калі навіна аб масавай хвалі ліквідацый пачала распаўсюджвацца, старшыні грамадскіх арганізацый першымі задумаліся аб з’ездзе з краіны, каб застацца ў бяспецы і працягваць выконваць свае абавязкі. Многія былі вымушаныя пакінуць краіну.

WELT: Вы з’язджалі адна?

Маргарыта Ворыхава: Увесь Сакратарыят “РАДА” зараз знаходзіцца за мяжой з-за рызыкі палітычнага пераследу, але большая частка сяброў_вак Савета ўсё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі. Я была вымушана з’язджаць адна, без сям’і і сяброў. Гэта было для мяне вялікім выклікам, але мае калегі з РАДА заўсёды былі побач і ўвесь час мяне падтрымлівалі.

WELT: Табе ўсяго 20 гадоў. Ці цяжка было пакідаць Беларусь і жыць зараз за мяжой?

Маргарыта Ворыхава: Мне было цяжка зразумець, што я больш не магу бачыць бацькоў, наведваць сяброў і сябровак, вяртацца ў любімыя месцы. У гэтым плане было вельмі цяжка, але за апошнія некалькі гадоў я стала значна мацней. Было, вядома, цяжка, але не так цяжка, як, калі б я засталася ў Беларусі і апынулася ў турме. Для мяне і многіх іншых гэта быў лепшы і адзіны выхад.

WELT: Ці паўплывала ваша дзейнасць на вашу сям’ю?

Маргарыта Ворыхава: На шчасце, не. Хаця мая сям’я не падтрымлівае гвалт з боку рэжыму, яны ніколі не былі прызнаныя «незаконнымі» і не пераследуюцца з боку дзяржавы. Я вельмі спадзяюся, што ў іх усё будзе добра. Гэта асабліва важна для мяне цяпер, бо ў выпадку любой небяспекі ў мяне няма магчымасці хутка звязацца з імі і дапамагчы.

WELT: Асабліва характэрнай рысай пратэстаў у Беларусі з’яўляюцца іх лідаркі-жанчыны. Вы адчуваеце сувязь з імі?

Маргарыта Ворыхава: Так, безумоўна. Беларускія жанчыны сталі тварам і душой пратэстаў. Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікова і Вераніка Цапкала натхнілі многіх грамадзян і грамадзянак Беларусі мірным шляхам адстойваць свае правы. Адбыліся вялізныя мітынгі жанчын, сімваламі якіх былі белае адзенне і кветкі.

Гэтыя мірныя пратэстуючыя жаночыя групы сталі сімвалічным абвінавачваннем беларускага грамадства супраць гвалту з боку ўлады. Мы супрацьпастаўлялі жорсткасці нешта такое чыстае, наіўнае і сімвалічнае — гэта быў наш рамантычны гераізм. Быць часткай такой суполкі жанчын было і ёсць невымоўна ганарова.