Пазіцыя БНМС “РАДА” па закліках да дыялогу і згортвання міжнароднага ціску на ўлады Беларусі

Пазіцыя БНМС “РАДА” па закліках да дыялогу і згортвання міжнароднага ціску на ўлады Беларусі

Мы, саюз трыццаці двух дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўлены кіруючым органам — Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай:

У апошні час ад розных палітычных і грамадскіх актараў пачалі з’яўляцца заклікі да дыялогу і згортвання міжнароднага ціску на ўлады Беларусі.

У сувязі з гэтым мы нагадваем пра рамкавыя ўмовы для пачатку перамоваў, якія былі адкрыта агучаны ў жніўні 2020 году, але дагэтуль ігнараваныя і не выкананыя ўладамі Беларусі.

Умовы складаюцца з 3 пунктаў:

  1. Спыненне палітычнага пераследу грамадзян і грамадзянак Рэспублікі Беларусь з боку ўладаў, узбуджэнне крымінальных спраў па фактах гвалту з боку сілавых структур, прыцягненне вінаватых да адказнасці.
  2. Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, адмена неправамерных судовых пастаноў, выплата кампенсацый усім пацярпелым.
  3. Прызнанне выбараў 9-га жніўня 2020-га несапраўднымі і правядзенне новых выбараў згодна з міжнароднымі стандартамі, у новым складзе ўсіх камісій па выбарах, уключна з Цэнтральнай выбарчай камісіяй.

Улічваючы тое, што ніводная з гэтых умоваў для пачатку перамоваў не была выканана ўладамі, а таксама праз павелічэнне рэпрэсій і пераследу за рэалізацыю грамадзянамі і грамадзянкамі Беларусі правоў і свабод, замацаваных у Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародным пакце аб грамадскіх і палітычных правах, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, мы адмаўляем аўтарам ідэі дыялогу ў падтрымцы і настойваем на працягненні ціску на ўлады Беларусі да моманта выканання вышэйзгаданых патрабаванняў.

Мы лічым, што толькі пасля выканання 3 пунктаў патрабаванняў уладамі Беларусі магчыма пачаць працэс перамоваў аб пераадоленні палітычнага крызіса ў грамадстве.

Савет БНМС “РАДА”